Калінкавіччына: рэцэпт пазабюджэту

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Новы статус “Вясёлых аўцюкоўцаў”

 

"К" пісала ў чэрвені пра сістэмнасць падыходаў аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама да наладжвання пазабюджэтнай дзейнасці. У прыватнасці, значна павялічылася колькасць заявак ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна на аддзелаўскія платныя карпаратыўныя канцэрты.

Па меркаванні кіраўніцтва Калінкавіччыны, дадзеная дынаміка тлумачыцца найперш тым, што апошнім часам значна павысілася выканальніцкае майстэрства самадзейных калектываў і выканаўцаў. Больш прафесіяналізму - больш ініцыятывы. Метадыст па фальклоры і мастацкі кіраўнік тэатра гумару "Вясёлыя аўцюкоўцы" Ніна Лешчанка пераканана, што змястоўнасць, яркасць, самабытнасць канцэрта ці тэатралізацыі - гарантыя яго камерцыйнага поспеху.

 Па гэткім маркетынгавым прынцыпе працуюць усе 11 народных і ўзорных калектываў аддзела культуры. Колькасць самадзейных фарміраванняў "са званнем" няўхільна расце (адно з патрабаванняў раённых улад): у верасні народным стаў і тэатр гумару "Вясёлыя аўцюкоўцы". У выніку, па словах начальніка аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Уладзіміра Елісеева, тэмпы росту пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры склалі на сёння 125%. Абласны паказчык - 112%.

Цяпер самадзейныя артысты рыхтуюцца да Дня горада, што мае адбыцца 15 кастрычніка. Калінкавічы адсвяткуюць 451-ю гадавіну. А канцэртна-тэатралізаваная праграма будзе доўжыцца цягам усёй суботы. У святочнай дзеі, натуральна, возьмуць удзел і знаныя самадзейныя калектывы, і тыя, што толькі рыхтуюцца атрымаць пашанотныя званні.