Гаўдзі і анёлы

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

У Музеі гісторыі горада Мінска працуе выстаўка фатаграфій скульптур Руслана Сяргеева пад назвай “Дызайн ландшафтных настрояў”.

/i/content/pi/cult/344/6427/14-5.jpg

 

Ураджэнец Мінска, ён з 1992 г. жыве і працуе ў Іерусаліме, дзе адкрыў студыю ландшафтнай скульптуры. Сяргееў - аўтар некалькіх тэматычных скульптурных паркаў, дзе арганічна спалучаюцца гукавыя, колеравыя і светлавыя эфекты: Парку гукаў, Парку навукі, Парку адчуванняў, Парку Анёлаў... Рознакаляровыя скульптуры (з металу, бетону, смальты) арганічна ўпісваюцца ў гарадскі парк ці прамысловую зону, гарманічна дапаўняюць ландшафт альбо рамантызуюць урбаністычны пейзаж.

 Сёння больш за 80 буйнамаштабных твораў Р.Сяргеева ўпрыгожваюць паркі, музеі, галерэі і прыватныя калекцыі ЗША, Англіі, Германіі, Ізраіля, а яго кампазіцыя "Іерусалімскі леў" устаноўлена ў Этнаграфічным музеі Санкт-Пецярбурга.

Сам Сяргееў кажа, што не прэтэндуе на лаўры вялікага іспанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі, але аднойчы ўбачаная ім скульптура майстра - бетонны кракадзіл, які быў пакрыты керамічнай каляровай пліткай, - скарыла яго і дала ключ да поспеху.

 Выстаўка арганізавана Ізраільскім культурным цэнтрам пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.