Тэатр “уцягнутага маркетынгу”

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Як вынайсці стратэгію “запоўненай залы”?

/i/content/pi/cult/344/6423/11-1.jpg

 Існуе ў айчынных тэатраў абавязак: перыядычна падаваць статыстычныя звесткі аб асноўных паказчыках прафесійнай дзейнасці. Сярод тых даных - асабліва гаваркія "сухія лічбы" напаўняльнасці залы і колькасці гледачоў. Радкі рэжуць вочы, бо адразу становяцца відавочныя маштабы праблемы многіх тэатраў: колькасць наведвальнікаў не адпавядае жаданням трупы... Хтосьці лічыць вінаватым у гэтым творчую частку калектыву. Але ж ці толькі мастацкі ўзровень пастаноўкі вызначае колькасць гледачоў?

Дзеянне па інерцыі

 Мінулі тыя часы, калі тэатральныя аншлагі дасягаліся выключна таленавітасцю творчага калектыву. Новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы прывялі нас да ўсведамлення: жадаем мы таго ці не, але кожны прадукт з'яўляецца прадметам рыначных зносін. І культурны тут - не выключэнне.

Бясспрэчна, "касу" тэатру "робяць" зорныя імёны рэжысёраў і акцёраў. Але, якім бы знаным ні быў творчы калектыў, сёння ён не здолее эфектыўна дзейнічаць без моцнай адміністрацыйнай каманды. Менавіта ад прадуманых дзеянняў адміністратараў, менеджараў, ад нестандартных рашэнняў рэкламшчыкаў і піяршчыкаў залежыць, ці будзе ў зале аншлаг не толькі "на", але і пасля гучнай прэм'еры.

 І справа тут не толькі ў "прагматычнасці" новага часу. Маючы безліч альтэрнатыў, патэнцыйны глядач выбірае тое, што лепш паднесена. Многія ж з айчынных тэатраў працягваюць "па інерцыі" стаяць убаку ад сучасных тэхналогій уплыву на патэнцыйных наведвальнікаў, мабыць, не да канца разумеючы, што вырастае ўжо не першае пакаленне, для якога звычайная рэч - ніводнага разу не пабываць у тэатры...

Каб не падацца галаслоўнай, звярнуся да звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі. Паводле яго даных, у 2000 годзе тэатры краіны наведала 2 мільёны 47 тысяч чалавек, а праз дзесяцігоддзе, у мінулым, у іх завітаў ужо 1 мільён 981 тысяча прыхільнікаў акцёрскага майстэрства. На першы погляд, лічба зменшылася не так значна. Але трэба прыняць да ўвагі, што, у параўнанні з тым жа 2000 годам, цяпер мерапрыемстваў, праведзеных на падмостках па ўсёй рэспубліцы, стала больш практычна на 24 працэнты, а колькасць пастановак узрасла амаль на 37 працэнтаў! Карацей, гаворка - пра суадносіны колькасці і якасці. Пры такіх творчых намаганнях тэатраў лагічна было б чакаць і значнага папаўнення шэрагаў аматараў сцэнічнага мастацтва. Насамарэч жа - атрымліваем адваротны вынік...

"Завіснуць" на мабілцы?

 Беларускаму тэатру неабходны менеджары, маркетолагі, спецыялісты па піяры. Менавіта прафесіяналы з "рыначным" поглядам здатныя завабіць у залы патэнцыйных наведвальнікаў, якіх так не стае для жаданага аншлагу. Аднак, па завядзёнцы, адміністрацыя збольшага спадзяецца на афішы і распаўсюджвальнікаў білетаў.

- Каб забяспечыць запаўняльнасць залы, тэатр развешвае па горадзе афішы, у тым ліку размяшчае іх у гарадскім транспарце. Па вясне, калі пачынаецца дачны сезон, даём дадатковую рэкламу ў газетах і раз-пораз на радыё, - распавядае адміністратар Магілёўскага абласнога тэатра драмы Наталля Дуброўская. - Таксама актыўна задзейнічаны распаўсюджвальнікі. Па старой традыцыі, пэўныя арганізацыі выкупляюць вялікую колькасць месцаў...

Падобныя метады тыповыя для рэспублікі. Але наколькі эфектыўны такі падыход? З аднаго боку, план - выкананы і зала - паўнюткая. З іншага ж, адразу вымалёўваецца немалая праблема: кожны акцёр - асабліва лялечных тэатраў або ТЮГа- пацвердзіць, што працаваць у такой зале цяжэй за ўсё. Тыя, каго "завабілі" па прынцыпе "культпаходу", рэдка з цікавасцю пазіраюць на сцэну - часцей яны шумяць, забаўляюцца, у лепшым выпадку проста "завісаюць" на мабільных тэлефонах. Ці патрапіць у такім выпадку рэжысёрскі пасыл у "яблычак"? Відавочна, не. А вось "жуйка" ці скамечаная праграмка можа цалкам пацэліць у акцёра.

"Кухня" па гэты бок рампы

У сталічным Новым тэатры паспрабавалі вынайсці свой падыход да вырашэння дадзенай праблемы. За аснову ўзялі такую добра знаёмую з савецкіх часоў форму працы, як культурна-асветніцкія сустрэчы з гледачамі. І сёння тэатры краіны калі-нікалі праводзяць такія гутаркі, арганізоўваюць экскурсіі па закуліссі, але - без сталай перыядычнасці і, як правіла, па ініцыятыве найбольш актыўных аматараў. Адміністрацыя Новага тэатра вырашыла паставіць гэтыя лекцыі на новыя рэйкі, заклаўшы ў падмурак задуманай акцыі дакладныя маркетынгавыя выкладкі.

 Пробны "каменьчык" быў закінуты яшчэ мінулай вясной: тады на гутаркі пра творчыя будні акцёраў, мастакоў, драматургаў, рэжысёраў запрашалі студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Па словах галоўнага адміністратара Аляксандра Хаета, тыя сустрэчы развеялі ўсе ваганні калектыву на тэму таго, ці будуць запатрабаваны ў сучаснага гледача мерапрыемствы падобнага кшталту.

Таму з верасня працуе паглыбленая гадавая праграма "Клуб "Сябры Новага тэатра", якая вынесена асобным радком у афішы і ахоплівае каля дзясятка арганізацый як сталіцы, так і вобласці. І тое - далёка не мяжа.

- Мы ставімся да гэтай праграмы як да своеасаблівай піяр-кампаніі на бягучы сезон, між іншым, святочны - дваццаты. Яна складзе аснову для пашырэння кола заўзятых наведвальнікаў тэатра, - падкрэслівае Аляксандр Хает. - Упэўнены, з публікай неабходна актыўна працаваць...

Сутнасць абранай тэатрам стратэгіі заключаецца ў тым, каб штомесяц, прыкладна за гадзіну да вызначанага спектакля, у глядзельнай зале праводзіць сустрэчу з удзельнікам стварэння тэатральнай пастаноўкі. "Прычым на нарадзе ў дырэктара Васіля Мартэцкага адразу было агаворана, што размаўляць з гледачом яны будуць не пра абстрактныя матэрыі, а канкрэтна пра рамяство - тую кухню, пра якую публіка часта нават не здагадваецца", - дадае суразмоўца.

Прынамсі, галоўны рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык, галоўны мастак Яўген Волкаў, мастак па касцюмах Наталля Дудчанка, загадчык літаратурна-драматычнай часткі Людміла Лявонава, акцёры - кожны з іх на асобнай сустрэчы - раскрыюць тыя сакрэты тэатральнай навукі, якая ў выніку спараджае цэласнае сцэнічнае дзейства. Выбудаваныя такім чынам сустрэчы дапамогуць наведвальніку адчуць сябе ў тэатры "сваім".

 У тэорыі падобная тактыка працы з аўдыторыяй называецца тэхналогіяй уцягнутага маркетынгу. Пры яе правільным выкарыстанні можна атрымаць істотны практычны эфект, бо тое ўключэнне гледача ў працэс і выводзіць тэатр да асноўнай мэты: кола наведвальнікаў значна павялічваецца.

Жаданні і спадзяванні тэатра зразумелыя. Але наколькі шырока тыя пачынанні знойдуць водгук у публікі?

Эфект з эканамічным бонусам

Вопыт Новага тэатра паказвае, што глядацкія рэсурсы знаходзяцца літаральна на паверхні, неабходна толькі больш удумліва паставіцца да іх пошуку. Дагавор на наведванне падпісаны, да прыкладу, са Стаўбцоўскай дзіцячай школай мастацтваў. Прычым, распавёўшы аб праграме ў раённым аддзеле культуры, педагог тэатральнага аддзялення ДШМ Галіна Грэкава атрымала значную падтрымку ад чыноўнікаў: начальнік аддзела Алена Суднік выдаткавала транспарт, каб адвозіць педагогаў і вучняў на клубныя пасяджэнні ў Мінск.

- Настаўнікі і выхаванцы нашага тэатральнага аддзялення разоў шэсць-сем разоў на год стала выязджаюць у сталічныя тэатры. Удзел у гэтай праграме дазволіць не толькі пашырыць знаёмства з пэўным тэатральным калектывам. Тыя лекцыі пра "кухню" закулісся стануць своеасаблівымі курсамі павышэння кваліфікацыі і для выкладчыкаў. Цяпер ідуць перамовы з яшчэ трыма раённымі ДШМ, якія маюць у сваім складзе тэатральныя аддзяленні: калі іх таксама зацікавіць, то на профільныя лекцыі са Стаўбцоўскага раёна будзе выязджаць цэлы турыстычны аўтобус, - зазначае Галіна Грэкава.

Сталічныя ВНУ, сярод якіх - эканамічны, тэхналагічны, тэхнічны ўніверсітэты, Інстытут журналістыкі і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, таксама зацікавіліся прыкладным прымяненнем пасяджэнняў Клуба. Возьмем політэх, дзе штогод адбываюцца два профільныя мерапрыемствы з ахопам да дзвюх тысяч удзельнікаў: міжвузаўскі фестываль відэафільмаў і пяцідзённы фестываль-конкурс студэнцкіх тэатраў.

- З гэтай нагоды Цэнтр культуры БНТУ сістэмна арганізоўваў майстар-класы для ўдзельнікаў, шукаў педагогаў па акцёрскім майстэрстве, сцэнічнай мове і іншых профільных дысцыплінах. Супрацоўніцтва з Новым тэатрам дазваляе нам комплексна даць веды ахвотным паспаборнічаць у творчасці, - тлумачыць загадчык сектара культурнадасугавай дзейнасці аддзела культурна-масавых камунікацый культурна-асветніцкага і гісторыка-адукацыйнага цэнтра БНТУ Наталля Коваль.

 З задавальненнем уключыліся ў тэатральныя пасяджэнні выкладчыкі Барысаўскага медыцынскага каледжа. Як зазначыла дырэктар установы Таццяна Хорава, калектыў шмат вандруе па Беларусі, наведвае тэатры, музеі, выстаўкі. Потым выкладчыкі, сярод якіх шмат куратараў вучэбных груп, вядуць па сваіх кроках навучэнцаў. Праграма Клуба дазваляе барысаўскім медыкам бліжэй пазнаёміцца з канкрэтным тэатрам, а таксама пашырыць і сістэматызаваць свае веды па тэатральным мастацтве.

Дарэчы, дадатковыя пасяджэнні штомесяц праводзяцца і для навучэнцаў сталічнага каледжа № 9. Такі дыферэнцаваны падыход у падрыхтоўцы лекцый робіць пасяджэнні цікавымі і даступнымі для публікі рознага ўзросту і ўзроўню адукацыі...

 В і д а вочна, што дакладна абраная маркетынгавая стратэгія дапамагае заклікаць у пэўную глядзельную залу тых, хто заўжды быў гатовы прыйсці на спектакль, але з-за недахопу інфармацыі ці з-за актыўнай рэкламы іншых культурна-дасугавых устаноў абыходзіў тэатр бокам.

Дадамо, што лекцыі - бясплатныя, наведвальнік аплачвае толькі білет на спектакль, які пачынаецца адразу пасля заканчэння пасяджэння. Але гэта не перашкаджае ўзняццю эканамічных паказчыкаў. Справа ў тым, што падпісаныя дагаворы на ўдзел у пасяджэннях Клуба даюць магчымасць арганізацыям загадзя выкупіць па безнаяўным разліку неабходную колькасць білетаў. У выніку на верасень былі замоўлены ўсе са 167 месцаў! Вось і стопрацэнтная напаўняльнасць залы. Да таго ж, інтэнсіўнасць працы з аўдыторыяй дае падставы разлічваць на вяртанне дастатковай колькасці гэтых аматараў да Мельпамены незалежна ад пасяджэнняў Клуба, што, зразумела, дапаможа паказчыкам напаўняльнасці пайсці ўгару.

Творчасць без аглядкі

 Прыклад Новага тэатра - адзін з цікавых варыянтаў мэтавага вывучэння публікі і пошуку нестандартных спосабаў прыцягнення новых гледачоў да сцэнічнага мастацтва, прыдатны для азнаямлення, а, магчыма, і для пераймання калегамі.

Між іншым, ідэі мэтавага заахвочвання аўдыторыі, як кажуць, лунаюць у паветры. Прыкладам, Магілёўскі тэатр лялек напрамкі супрацоўнічае з гарадскім аддзелам адукацыі. Дзякуючы шчыльнаму ўзаемадзеянню, з'яўляецца больш магчымасцей запрасіць на спектаклі ў будні дзень малодшых школьнікаў. "Цяпер распрацоўваем магчымасці праводзіць па той бок рампы класныя гадзіны, уключаючы сюды і экскурсіі па Музеі лялек, што адкрыўся ў новым будынку, па грымёрках і вытворчых цэхах. Верагодна, тыя пазнаваўчыя наведанні будуць прапаноўвацца як у звязцы са спектаклем, так і ў выглядзе асобнага мерапрыемства", - дадала намеснік дырэктара па працы з гледачом Таццяна Глушакова.

Сёння адміністратарам тэатраў даводзіцца актыўна ўключацца ў пошукі адмысловых форм працы, каб заклікаць у глядзельную залу новых прыхільнікаў. Возьмем Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа: каб завабіць віцябчан, установа, па словах галоўнага адміністратара Аксаны Язевай, пераглядае рэпертуарную палітыку, імкнецца разнастаіць афішу запрошанымі калектывамі іншых регіёнаў краіны, укараніць традыцыю правядзення творчых акцёрскіх і рэжысёрскіх вечароў, а таксама вечароў памяці ўжо пайшоўшых з жыцця творцаў, на якіх не забываецца родны калектыў. Мяркую, тыя напрацоўкі стратэгіі ўцягнутага маркетынгу былі б тэатру, якому сёння не хапае сталых аншлагаў, вельмі дарэчы...

Упэўнена, узяўшы курс на выкарыстанне ў пастаяннай практыцы нестандартных маркетынгавых тэхналогій, пытанне выканання планавых паказчыкаў страціць сваю вастрыню для многіх тэатраў, што дасць магчымасць калектывам спакойна сканцэнтравацца на галоўным - творчасці.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"