Эфект "кракле" і нябачанага

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Два розныя погляды на свет і дэталі

/i/content/pi/cult/344/6422/10-6.jpg

У сталічнай галерэі "Мастацтва" БСМ працуе выстаўка твораў Сяргея і Эліны Малішэўскіх. Гэта першы сумесны праект двух вядомых мастакоў. У выставачнай зале арганічна сумяшчаецца жывапіс алеем і батык.

"Маё натхненне - гэта навакольны свет, прырода. Мне хочацца ў прастаце знайсці нешта незвычайнае", - дзеліцца Эліна Малішэўская. Працуючы ў традыцыйнай тэхніцы батыку, мастачка ў такіх работах, як "Дурнап'ян", "Калы", "Амалісы", "Рыбка" і іншых, выдатна перадае жвавасць, лаканічнасць свету, які нас акружае. З дапамогай незвычайнай гульні колеру, вытанчанай дэкаратыўнасці і эфекту "кракле" Эліна стварае рэалістычныя, фактурныя карціны, насычаныя свежасцю, цеплынёй і неверагоднай жаноцкасцю.

Іншы погляд дэманструе жывапісец Сяргей Малішэўскі. "Самае страшнае для мяне - так званае канцэптуальнае мысленне. Калі мастак пачынае ва ўсім шукаць канцэпт, яго творы страчваюць адухоўленасць. Мне ж хочацца ўвасобіць плынь свядомасці, але без усякай селекцыі", - кажа аб сваёй творчасці Сяргей. У яго работах ёсць сапраўдная дынаміка, /i/content/pi/cult/344/6422/10-5.jpgяны - складаныя, насычаны дэталямі і акцэнтамі, а глыбока асэнсаваныя персанажы пераўтвараюць рэальнасць у свет нябачны, рухомы, урачысты і сімвалічны, поўны загадкавасці, філасафічнасці.

У асобных палотнах адлюстраванне недасканаласці рэчаіснасці набывае некаторую гратэскнасць. Скажам, у карціне "Дансінг", натхніўшыся нямецкім жывапісам 30-х гадоў, у прыватнасці, творчасцю Ота Дыкса, Сяргей стварае свет кабарэ, поўны спакус і запалу, скаваных і адкрытых жаданняў. Работы майстра вылучаюць фактурнасць і незвычайная, прыглушаная каларыстыка.

Злучыць двух такіх, не падобных адно да аднаго, творцаў у адной зале было добрай ідэяй. Эліна адкрывае нам свой жаночы погляд на жыццё, з яго прыгажосцю і незвычайнасцю, а Сяргей прапануе праз складаныя вобразы і дэталі спазнаць рэальнасць, і дзесьці - нават сябе саміх.

Вольга НАВІЦКАЯ