Казка пра п’есу і оперу

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Пад такой назвай у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылася выстаўка ілюстрацый Паўла Татарнікава. У экспазіцыі былі прадстаўлены не толькі станковыя творы мастака з серый “Сем цудаў Беларусі”, “Слова пра паход Ігаравы”, “Аповесць мінулых гадоў”, але і кнігі, якія праілюстраваны гэтымі работамі.

 /i/content/pi/cult/130/641/Tatarnikau.jpg
 З серыі ілюстрацый да п'есы "Венецыянскі купец".
Ілюстрацыі П.Татарнікава маюць незвычайную якасць: іх глядач стварае ўласную гісторыю, абапіраючыся на ўбачанае. Гісторыя гэтая фантастычная, з прысмакам няўлоўнага смутку і славянскай рамантычнасці.
У кожнай з серый свой каларыт, свая танальнасць. Для ілюстрацый да лібрэта оперы Р.Вагнера “Золата Рэйна” характэрна пэўная калажнасць выканання. Мастак не баіцца пакідаць у лістах паветра — белую, незапоўненую фарбаю прастору, якая стварае адчуванне, што глядзіш на падзеі скрозь магічны калодзеж. Для аўтара “золата” мае зеленавата-жоўты, белы, залаты колеры, з лёгкім адценнем іржы, што з’яўляецца на старой зброі. Гэта як мага лепш характарызуе зялёныя пагоркі і воды Рэйна, белыя бароды ды косы суровых германскіх багоў, залатыя валасы Фрэі ды наліўныя яблыкі вечнай маладосці.
Уразіла серыя ілюстрацый да казкі Г.Х. Андэрсена “Снежная Каралева”. На белай паперы празрыстая акварэль нарадзіла зіму. Работы вылучае тонкая прамалёўка дэталей: звяртаеш увагу на маленькіх, са злымі грымаскамі троляў у смешных капялюшыках ды рознакаляровых строях, ледзь заўважную фігурку Кая, які нясецца ў санках, прывязаных да санак Снежнай Каралевы. Гэта халодная казка, дзе ёсць нават кропелькі крыві,— іх нагадваюць каралі рабіны пад снегам, чырвоныя снегіры, паўночны алень у вогненай збруі.
А вось “Венецыянскі купец” падобны на камедыю яркіх фарбаў — жоўтай, блакітнай, шакаладнай. Італьянскае неба выглядае як мяккі блакітны шоўк цёплага насычанага колеру. Тонкія постаці з далікатнымі чорнымі вусікамі, элегантныя паставы, жоўтая скура, дзюбастыя маскі з кардону ды шоўку, панталоны колеру бардо, стары купец, у акварэльным вобразе якога мастак назаўсёды пакінуў рысы свайго бацькі.
Вось такія яны— пластычныя казкі Паўла Татарнікава: дасціпныя, як шэкспіраўскія дыялогі, загадкавыя, як Снежная Каралева, ды бліскучыя, як золата Рэйна

.Алена САСНОЎСКАЯ,
Надзея МАХНЮК