“Кастынг” на сталічны статус

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/344/6406/3-1.jpg 28 верасня з чатырох прэтэндэнтаў быў абраны горад, які стане Культурнай сталіцай краіны-2012... Пытанне на парадак дня ставілася, зрэшты, больш маштабным чынам. У зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе сабраліся члены калегіі, кіраўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў, начальнікі аддзелаў райі гарвыканкамаў, выбіраўся і горад - прэтэндэнт на наданне статуса "Культурная сталіца Садружнасці" ў 2013 годзе.

У ліку прэтэндэнтаў на лідарства ў рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2012" былі Бабруйск, Ліда, Маладзечна і Нясвіж. У адпаведнасці з пададзенымі заяўкамі на атрыманне статуса Культурнай сталіцы Садружнасці-2013 спаборнічалі Магілёў і Брэст. Кожны з названых гарадоў прэзентавала членам калегіі "каманда падтрымкі", што складалася як з работнікаў культуры, так і з кіраўніцтва гарадоў ці раёнаў. Прэзентацыі ў зале пасяджэнняў былі, натуральна, мультымедыйнымі. Да таго ж, у фае дзейнічала інтэрактыўная выстаўка, што адлюстроўвала стан культурных спраў у Магілёве і Бабруйску... Гучала сярэднявечная музыка, рыцары ў бліскучых латах дадавалі ўрачыстасці... Пераканаўчая тэатралізацыя досыць натуральным чынам сумяшчалася з мультымедыйным візуальным шэрагам і экспазіцыйнай вытанчанасцю асобных твораў бабруйскага "Арт-Жыжаля".

Міністр культуры краіны Павел Латушка нагадаў прысутным, што праект "Культурная сталіца года" рэалізуецца па ініцыятыве Міністэрства з 2010 года - тады першай сталіцай стаў Полацк. Пад час акцыі рэалізавана больш за сто культурных акцый, а наведанне горада турыстамі павялічылася на 20 працэнтаў.

Сёлета такім статусам валодае Гомель, які ў межах "пілотнага" праекта паралельна з'яўляецца і першай Культурнай сталіцай СНД. Аналагічны статус у Расіі мае, як вядома, Ульянаўск. Для аб'яднання фінансавых рэсурсаў у Гомелі з пачатку года рэалізуецца адзіны план культурных мерапрыемстваў. У выніку прадугледжваецца пашырыць міжрэгіянальныя сувязі Гомеля з Ульянаўскай вобласцю, іншымі рэгіёнамі краін СНД, далёкага замежжа, а таксама значна актывізаваць міжрэгіянальныя эканамічныя стасункі...

Абодва "сталічныя" праекты, як вядома, рэалізуюцца за кошт рэспубліканскага, рэгіянальных бюджэтаў і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц краін СНД, а таксама - пазабюджэтных сродукаў.

 Члены калегіі адобрылі праект пастановы Міністэрства культуры "Аб зацвярджэнні Палажэння аб правядзенні рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца года". Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што, згодна з Палажэннем, Культурная сталіца павінна вылучацца нацыянальнай самабытнасцю, надзвычайнай актыўнасцю творчых і грамадскіх ініцыятыў, сістэмным стаўленнем да гістарычнай спадчыны, стабільнай турыстычнай прывабнасцю і адпаведнай інфраструктурай. Словам, атрымаць сталічны статус не так і проста.

Пад час "кастынгу" культурныя кантэксты гарадоў-прэтэндэнтаў прэзентавалі навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Ларыса Цімашэнка, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Антон Глаўніцкі, начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Майсеня, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслаў Хафізаў і загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова Ігар Марзалюк.

У выніку абмеркавання члены калегіі прыйшлі да наступных высноў. Для надання статуса "Культурная сталіца Садружнасці-2013" прапаноўваецца Магілёў, які здавён зарэкамендаваў сябе як горад неабыякавага стаўлення да станаўлення і развіцця нацыянальнай культуры. Прапанова ў адпаведным парадку будзе ўнесена ў Выканаўчы камітэт СНД. А статус "Культурная сталіца Беларусі-2012" атрымаў Нясвіж. Ягонае старасвецка-замкавае аблічча і культурна-падзейная насычанасць ужо цяпер прыцягваюць турыстаў з усяго свету. Упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама сумесна з Нясвіжскім райвыканкамам падрыхтуюць праект плана мерапрыемстваў па рэалізацыі рэспубліканскай акцыі з вызначэннем крыніц фінансавання. А ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама, упраўленне ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства вызначаць дату і канцэпцыю мерапрыемстваў па ўрачыстай перадачы сталічнага статуса.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 На здымках: пад час пасяджэння калегіі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"