Як распавялі "К" у аддзеле культуры Гомельскага гарвыканкама, цягам некалькіх дзён у горадзе над Сожам адбываліся лекцыі для студэнтаў і школьнікаў па гісторыі Венесуэлы, праходзілі выступленні творчых калектываў з гэтай паўднёваамерыканскай краіны, а таксама канцэрт Сімфанічнага аркестра Гомеля пад кіраўніцтвам Херарда Эстрады і іншых венесуэльскіх артыстаў.
Да таго ж, у рамках акцыі, 29 верасня ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстаўка "Галерэя герояў", прымеркаваная да 200-годдзя з дня падпісання Акта аб незалежнасці Венесуэлы. Наведвальнікі экспазіцыі цягам двух тыдняў змогуць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй гэтай краіны, але і ўбачыць партрэты вядомых палітычных дзеячаў і герояў - удзельнікаў пятнаццацігадовай вайны (1810- 1825), якія змагаліся за яе Незалежнасць.