Гук “Дажынак” аналагаў не мае!

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

З маладзечанскімі работнікамі культуры мы звязаліся 29 верасня, за паўдня да пачатку сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.

/i/content/pi/cult/344/6401/2-2.jpg

Па словах сакратара раённага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, галоўнага спецыяліста аддзела культуры Ядвігі Чаеўскай, пярэдадзень "Дажынак-2011" быў насычаны выключна арганізацыйнымі пытаннямі, якія вырашаліся адпаведна плану.

Яшчэ ў чацвер Маладзечна пачало сустракаць творчыя дэлегацыі з Міншчыны. У гарадскім амфітэатры распачаліся рэпетыцыі. 30 верасня ў сталіцу "Дажынак-2011" прыбылі калектывы з іншых абласцей рэспублікі. Яны размясціліся ў аграгарадках Маладзечанскага раёна, у чатырох СВК правялі канцэрты і накіраваліся ў горад.

Пра надзвычайны пік перадсвяточнай падрыхтоўкі распавёў "К" і начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч:

- Усё рабілася з выдумкай ды ініцыятывай. Я вельмі задаволены, да прыкладу, расстаноўкай творчых пляцовак, тым, што гэтымі днямі гарадскі парк культуры і адпачынку займеў новы адміністрацыйны будынак, два адмысловыя атракцыёны...

Па словах Аляксандра Рамановіча, адзін з галоўных святочных аб'ектаў- амфітэатр - аснашчаны светлавым і гукавым абсталяваннем, аналагаў якому на Беларусі пакуль няма. Услед за яго мантажом пачалася рэгуліроўка. Маладзечанскім спецыялістам дапамаглі ў гэтай справе "гукавікі" з віцебскага Летняга амфітэатра, без якіх не абыходзіцца ніводны "Славянскі базар...".