Тыдні Германіі

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

22 верасня ў Мінску распачалося правядзенне Тыдняў Германіі-2011. У іх праграме будуць прадстаўлены шматлікія культурныя мерапрыемствы.

Як распавялі "К" у Пасольстве Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь, цягам трох тыдняў мінчане і госці беларускай сталіцы змогуць наведаць цікавыя і разнастайныя акцыі ў галіне культуры, кіно і музыкі. Так, 22 верасня Тыдні Германіі-2011 адкрыліся выстаўкай, прысвечанай жыццю і творчасці Генрыха фон Кляйста. Таксама адбыліся сцэнічныя чытанні па яго творах з удзелам нашых акцёраў і ў перакладзе на беларускую мову.

Як вядома, сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня смерці гэтага вялікага нямецкага паэта, таму мерапрыемствы, звязаныя з памятнай датай, будуць цэнтральнымі пры правядзенні Тыдняў Германіі. Таксама плануецца дэманстрацыя дакументальнага фільма пра Генрыха фон Кляйста, якая адбудзецца ў Інстытуце імя Гётэ.

Шэраг мерапрыемстваў запланаваны і для аматараў музычных вечароў. Напрыклад, 25 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе канцэрт камерных салістаў Мінска. А 7 кастрычніка, там жа, будзе прадстаўлены канцэрт калектыву "Vocalconsort Leipzig" і народнай харавой капэлы БДУ, на якім прагучаць нямецкія і беларускія народныя песні. Яго арганізаваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пры дапамозе Пасольства Германіі ў нашай краіне.

Кінаманы змогуць паглядзець шэраг кароткаметражных фільмаў нямецкіх рэжысёраў розных жанраў: ад мастацкага кіно да дакументалістыкі і анімацыі. Гэта такія карціны, як "Жанчына з пяццю сланамі", "Фаўст", і зборнік кароткаметражных стужак - 11 фільмаў нямецкіх рэжысёраў, што былі ўпершыню прадстаўлены публіцы пад час кінафестывалю ў Клермон-Феране (Францыя). Новая праграма кароткаметражных фільмаў з'яўляецца сумеснай нямецка-французскай вытворчасцю і будзе дэманстравацца на нямецкай мове.

27 верасня пройдзе семінар для спецыялістаў літаратурных музеяў з удзелам кіраўніка Музея Генрыха фон Кляйста ў Франкфурце-на-Одэры - доктара Вольфганга дэ Бройна. А аматары тэатральнага мастацтва змогуць папрысутнічаць на акцыі "Тэатральны ландшафт Германіі і Беларусі", якая адбудзецца ў гэты ж дзень у Беларускім дзяржаўным універсітэце.