Сталіца “Дажынак-2011” чакае гасцей!

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Першая старонка нашай газеты запрашае наведаць Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”, які, як вядома, пройдзе ў Маладзечне з 30 верасня па 2 кастрычніка. А каб жыхары і госці некаранаванай сталіцы Мінскай вобласці ведалі, што чакае іх цягам усіх гэтых урачыстых дзён, “К” даведалася пра мерапрыемствы, запланава- ныя ў культурнай праграме дзяржаўнага свята.

/i/content/pi/cult/343/6392/2-1.jpgЯк распавяла карэспандэнту газеты галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і адначасова - галоўны рэжысёр "Дажынак-2011" Галіна Ляйко, усё робіцца для таго, каб сёлетняе дзяржаўнае свята атрымалася захапляльным і відовішчным. У якасці доказу рэжысёр прывяла толькі адну, але досыць красамоўную лічбу: плануецца, што ў мерапрыемстве будуць задзейнічаны прыкладна пяць тысяч удзельнікаў з усіх раёнаў Міншчыны, а таксама самадзейныя артысты з іншых абласцей Беларусі.

Адкрыецца знакавае мерапрыемства ўрачыстым шэсцем, у якім прымуць удзел самадзейныя ансамблі, працаўнікі сяла, жыхары і госці Маладзечна. Пасля ўсе ўдзельнікі збяруцца ў новым летнім амфітэатры, што пабудаваны ў гарадскім парку. Менавіта тут, як чакаецца, пры непасрэдным удзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, адбудуцца канцэрт і ўшанаванне пераможцаў "Дажынак-2011".

/i/content/pi/cult/343/6392/2-2.jpgГэтым днём, па словах Галіны Ляйко, у Маладзечне будзе працаваць восем канцэртных пляцовак, і кожная з іх займее свой, асаблівы, каларыт. Так, маладзечанцы змогуць убачыць "чайна-мядовую" пляцоўку, дзе ўсіх ахвотных пачастуюць чаем і распавядуць пра здаровы лад жыцця. На пляцоўцы "Бабуліны кросны - узор дзівосны" прадставяць выстаўкі ручнікоў, вырабаў з ткацтва. А на галоўнай - "каравайнай" - пляцоўцы ўсяляк абыграюць тэматыку хлеба: тут паўстане своеасаблівы "хлебны сад", з прэзентацыяй вырабаў з хлеба і шматлікія пякарскія "скульптуры".

Таксама, па словах арганізатараў, 30 верасня ўрачыста адкрыецца "Алея гісторыі Дажынак". Пасадка дрэўцаў адбудзецца з удзелам губернатараў усіх абласцей Беларусі і прадстаўнікоў усіх гарадоў-сталіц рэспубліканскіх "Дажынак".

Яшчэ ў гэты дзень у Маладзечне распачне працу ўнікальны Горад майстроў, дзе прадставяць усе віды рамёстваў, што існуюць на тэрыторыі Беларусі. Для рамеснікаў адведзена прыкладна 500 кв. м на цэнтральнай плошчы горада. Адбудзецца і фестываль альтэрнатыўнай маладзёжнай культуры, дзе прымуць удзел шматлікія рок-калектывы з усёй Міншчыны, а таксама пройдуць паказальныя выступленні байкераў.

Ужо позна ўвечары 30 верасня ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага запланаваны канцэрт класічнай музыкі з удзелам калектываў Мінскай вобласці. А завершыцца першы дзень "Дажынак-2011" урачыстым феерверкам, які расквеціць начное неба ўсімі колерамі вясёлкі.

На другі дзень, па словах Галіны Ляйко, у планах арганізатараў - праца канцэртных пляцовак і яшчэ адно святочнае шэсце пад назвай "Будучыня Беларусі", у якім задзейнічаюць маладзёжныя арганізацыі Маладзечна, спартсменаў і байкераў. Вечарам усіх гасцей "Дажынак" чакае маладзёжная дыскатэка. А ў апошні дзень свята, 2 кастрычніка, - названы арганізатарамі "Рэха фестывалю" - на шматлікіх канцэртных пляцоўках пакажуць сваё майстэрства самадзейныя калектывы з усіх куткоў Маладзечаншчыны.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"