Аргенцінскі парад

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Чарговы раз заявілі пра сябе нашы суайчыннікі ў Аргенціне. У прыватнасці, 18 верасня ў Буэнас-Айрэсе прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню эмігранта, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі дыяспар розных краін, што жывуць у Аргенціне. Упершыню, пры падтрымцы айчыннага дыпламатычнага прадстаўніцтва, у парадзе эмігрантаў прыняла ўдзел дэлегацыя беларускай дыяспары.

У рамках гала-канцэрта ад імя беларускай супольнасці выступіў танцавальны ансамбль "Вясёлка", які выканаў традыцыйныя народныя танцы. Як адзначылі ў прэс-службе Пасольства, у межах свята была арганізавана выстаўка беларускіх народных рамёстваў і кніг пра нашу краіну. Апрача таго, гасцям беларускага павільёна прапаноўвалася прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні.

Да таго ж, не так даўно ў горадзе Берыса, што ў правінцыі БуэнасАйрэса, клуб беларускіх эмігрантаў "Усход" адзначыў 70-годдзе з дня заснавання. З гэтай нагоды прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. У прыватнасці, у ходзе канцэртнай праграмы танцавальны ансамбль "Чайка" прадэманстраваў беларускія народныя танцы. Акрамя таго, у межах свята адбыўся паказ дакументальнага фільма, прысвечанага гісторыі і сучаснасці нашай краіны. Ад імя Пасольства Беларусі ў Аргенціне, прадстаўнікі якога таксама прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах, клубу "Усход" быў перададзены ў падарунак беларускі нацыянальны касцюм.  

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"