Міёры ў суквецці культур

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

17 верасня ў Міёрах адбыўся абласны адборачны тур IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

 

Як распавяла "К" мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы "Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур" Ірына Лемцюгова, мерапрыемства атрымалася захапляльным і вельмі відовішчным. У ім прынялі ўдзел прыкладна 300 чалавек амаль з усіх раёнаў Віцебшчыны.

- Свае творчыя напрацоўкі рэспубліканскаму журы дэманстравалі прадстаўнікі 14 нацыянальнасцей, што пражываюць на тэрыторыі вобласці, - зазначыла Ірына Васільеўна. - Прычым выступалі яны як у песенным, танцавальным, так і ў паэтычным жанрах. Найбольш актыўнымі былі прадстаўнікі такіх нацыянальнасцей, як рускія, украінцы, палякі, яўрэі і татары...

У рамках праграмы абласнога свята адбыліся гульнявая праграма "Прыгоды Паўлінкі на кірмашы", канцэрт мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў Віцебшчыны пад назвай "У нас на ўсіх - адна планета, у нас на ўсіх - адна зямля!", выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэгустацыі нацыянальных страў і многае іншае. Упершыню, па словах Ірыны Лемцюговай, на абласным свяце была прадстаўлена мардоўская нацыянальная кухня, якая выклікала сапраўднае захапленне ва ўсіх гасцей мерапрыемства.

Чарговыя абласныя адборачныя туры IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур адбудуцца ў наступным месяцы. Прадстаўнікоў нацыянальных культур Гомельшчыны 15 кастрычніка прыме Рагачоў, а ўдзельнікі ад Брэсцкай вобласці збяруцца 29 кастрычніка ў Маларыце. Да канца года плануецца правесці адборачныя туры ва ўсіх абласцях рэспублікі і ў Мінску. А ўласна IX Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, па традыцыі, пройдзе ў Гродне ў чэрвені 2012 года.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"