Ад “крыштальнай” да “залатой” Паўлінкі

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Дзень 10 кастрычніка будзе ўпісаны ў гісторыю беларускай культуры першым уручэннем Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэтую падзею чакалі даўно, і нават колішні пера- нос урачыстасці ўспрымаўся добра распрацаваным рэжысёрскім прыёмам адцягвання кульмінацыі, каб тая падалася больш доўгачаканай, а таму яркай і запамінальнай.

/i/content/pi/cult/343/6386/3-1.jpg- Прэмію такога высокага ўзроўню - Нацыянальную, - кажа старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, - трэба было заснаваць даўно. Дагэтуль існавала некалькі "лакальных" прэмій, якія насілі імёны знаных тэатральных дзеячаў. Тыя ж оперныя спевакі, да прыкладу, маглі атрымаць прэмію імя Ларысы Александроўскай. Цягам апошняга дваццацігоддзя ўручалася "Крыштальная Паўлінка", заснаваная нашым Саюзам тэатральных дзеячаў. І тое, што яна стала, так бы мовіць, своеасаблівым фундаментам цяперашняй Нацыянальнай прэміі, вельмі лагічна і нават гарманічна. "Крыштальная Паўлінка", можна сказаць, дарасла да "залатой". Асабліва калі зірнуць, хто станавіўся яе ўладальнікам. У розныя гады "Крыштальную Паўлінку" атрымлівалі Стэфанія Станюта, Аляксандра Клімава, Расціслаў Янкоўскі, Барыс Герлаван, Наталля Гайда, Генадзь Гарбук і іншыя, не менш яркія, неардынарныя, творцы. Усе яны - Асобы з вялікай літары, сапраўдны гонар нацыі. А значыць, мець у краіне Нацыянальную тэатральную прэмію папросту неабходна!

Нацыянальная прэмія, трэба спадзявацца, надасць тэатру яшчэ больш грамадскай увагі і глядацкай прыхільнасці. Тым больш, што працэдура вызначэння лепшых аказалася максімальна дэмакратычнай, а таму можа лічыцца адной з самых аб'ектыўных. Была створана адборачная камісія, у склад якой уваходзіў і я. Камісія, нагадаю, з'яднала не пяцёрку-сямёрку членаў журы, большасць з якіх магла быць з аднаго тэатра, а больш за сотню. І ўсе яны, што вельмі важна, спецыялісты. Значыць, калі хтосьці пачне лабіраваць інтарэсы свайго тэатра, яго меркаванне не застанецца "адзіна правільным" і будзе ўраўнаважана ацэнкамі іншых тэатральных дзеячаў. Таму, я ўпэўнены, у Нацыянальнай прэміі - вялікія перспектывы.

Лагатып Нацыянальнай тэатральнай прэміі распрацаваны знакамітым мастаком і прызнаным дызайнерам Уладзімірам Цэслерам. Ён даўно ўжо "не чужы" чалавек у тэатральным асяродку. І справа не толькі ў шматлікіх сябрах тэатральнага "паходжання", але і ў адметных цэслераўскіх тэатральных афішах да спектакляў, якія ўзрушылі ўсіх, хто іх бачыў. Дый эмблему тэатральнага фестывалю "Панарама" рабіў таксама ён. Як жа ішла праца над пошукам вобраза? Што натхняла мастака?

- Гэта такі працэс, - усміхнуўся Уладзімір Цэслер, - які не паддаецца славеснаму апісанню. Скажу толькі, што я прыдумаў некалькі розных лагатыпаў, а Міністэрства культуры выбірала з іх адзін. Так што вобразы ўзнікалі розныя, былі тыя, якія больш прыйшліся даспадобы асабіста мне. Але збоку, пэўна, лепш відаць. Галоўнае, што прэмія такая - вельмі патрэбная і нават неабходная. Заўсёды ж ёсць хтосьці лепшы: акцёр, рэжысёр, сам спектакль. Чаму б іх не адзначыць? А тое, як ішла мая праца, - справа другасная. Хаця, прызнаюся, было цяжкавата. Але - праца як праца.

- Цікава, а што да вашых уласных тэатральных прыхільнасцей? Што вам падабаецца больш?

- Лялечны тэатр - адназначна.

- А чаму?

- Лялька лепшая за чалавека! Калі ж сур'ёзна, там працуюць вельмі таленавітыя людзі, якія ставяць глыбокія, канцэпцыйныя спектаклі. Дый магчымасці лялечнага ўвасаблення, калі за справу бярэцца сапраўдны майстар, папраўдзе неабсяжныя. Па меншай меры, большыя, чым проста ў артыста. Ну і, нарэшце, сёння Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі - прызнаны ва ўсім свеце.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"