Разнажанравасць кантактаў з абодвух бакоў

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

На пытанні чытачоў адказвае міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка

/i/content/pi/cult/343/6385/4-1.jpg20 верасня ў Інфацэнтры "Культура-інфа" працавала "гарачая лінія" з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі. Цягам рэгламентаванай гадзіны ў рэдакцыю патэлефанавала ледзь не два дзясяткі чалавек. Паводле даўно заведзенай традыцыі, пытанні паступалі і ў он-лайн-рэжыме праз форум нашага сайта і з дапамогай рэдакцыйнай электроннай пошты. Як і заўжды, узнімаліся самыя, так бы мовіць, разнажанравыя тэмы і праблемы, аб'яднаныя надзённасцю ды актуальнасцю. Большасць з іх здавён сталі аднымі з асноўных кірункаў нашых штотыднёвых аналітычных артыкулаў... Словам, двухбаковая сувязь аказалася надзвычай шчыльнай, і ў выніку ўхвальнай чытацкай актыўнасці камунікацыйныя магчымасці Інфацэнтра былі выкарыстаны напоўніцу... Апрача Паўла Латушкі ў рабоце "гарачай лініі" прымалі ўдзел супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры. Дыялог міністра з аўтарамі пытанняў мы вырашылі падаць у пераказе і з працягам, абраўшы адказы на пытанні, што прагучалі непасрэдна па рэдакцыйных тэлефонах.

 

Спадчына Багдановіча, Танка, Купалы і Коласа

Наш сталы пазаштатны аўтар Ізяслаў Катляроў са Светлагорска запытаўся, як Міністэрства культуры мае намер паспрыяць таму, каб належным чынам быў адзначаны сёлета юбілей Максіма Багдановіча, а ў наступным годзе - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Павел Латушка дадаў, што ў 2012-м будзе святкавацца і 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка. Літаральна днямі Савет Міністраў краіны прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой зацверджаны Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па ўшанаванні гэтай падзеі. Міністэрства ўнесла ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праект Указа Прэзідэнта аб святкаванні 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Там таксама ёсць змястоўны і падрабязны план мерапрыемстваў. Па-за ўвагай не засталася, натуральна, і постаць Максіма Багдановіча. Ягоны юбілей адзначаецца таксама на падставе пастановы Савета Міністраў. З канкрэтных апошніх мерапрыемстваў - завяршэнне "Белвідэацэнтрам" працы над дакументальнай стужкай пра Максіма Багдановіча, а таксама выданне Беларускага фонду культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры на дзесяці замежных мовах вершаў класіка. Дарэчы, падобны праект быў з поспехам рэалізаваны летась пад час юбілею Уладзіміра Караткевіча. Галоўная мэта названых мерапрыемстваў - прыцягненне цікавасці грамадства да нашай літаратурнай спадчыны.

Узнятую тэму прадоўжыла Марыя Андрэева з Мінска. Яна ўзгадала аб конкурсе на праект помніка Янку Купалу, Якубу Коласу ў Варшаве. Пераможцамі сталі Леў і Сяргей Гумілеўскія. А які далейшы лёс помніка? Міністр запэўніў, што рэалізацыя праекта з планаў не выключана. Гэтай тэмай Павел Латушка пачаў займацца яшчэ з 2002 года, на пасадзе Пасла Беларусі і Польшчы, актыўна супрацоўнічаў з грамадскім камітэтам, куды ўвайшлі дзеячы культуры Польшчы і Беларусі, якія ініцыявалі стварэнне і ўстаноўку ў Варшаве гэтага помніка. У праект плана святкаванняў 130-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы ўключана гэтае мерапрыемства, пасля зацвярджэння плана Міністэрства адкрывае частковае фінансаванне праекта з уласнага бюджэту. Але 75 працэнтаў сродкаў, па словах міністра, мяркуецца выкарыстаць з пазабюджэтных крыніц. Таксама чакаецца ў бліжэйшы час ўрачыстае адкрыццё помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Абмяркоўваецца месца ўстаноўкі помніка Францыску Скарыну ў Вільнюсе. Ідзе падрыхтоўка да конкурсу па стварэнні помніка вялікаму князю ВКЛ Міндоўгу ў Навагрудку.

 

Акардэоны з Маладзечна і штатны расклад

Тэмы ўзвышаныя, юбілейныя чаргаваліся з праблемамі будзённымі, даўно вядомымі, і таму адчувальнымі для ўсіх без выключэння рэгіянальных структур галіны. Адну з такіх праблем агучыла начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк. Яна запыталася, ці ініцыіруе Міністэрства стварэнне на базе якога-небудзь прадпрыемства цэха па выпуску музычных інструментаў, якіх хранічна не стае нашым установам. Міністр зазначыў, што пытанне сапраўды актуальнае, частае, але яно мае эканамічны характар. Інакш кажучы, пры развіцці рыначнай эканомікі стварэнне стратнай вытворчасці - рэч нерэальная. Аналіз магчымага аднаўлення Барысаўскай фабрыкі музычных інструментаў, што быў праведзены Міністэрствам разам з Мінаблвыканкамам, паказаў, што ўкладанні з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў акупяцца толькі праз 37 гадоў. Словам, фінансавая схема - далёкая ад сённяшняй рэальнасці. У чым выйсце? Адно з іх - у дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве. Прыватныя фірмы ў Маладзечне пачалі выпускаць акардэоны, баяны, цымбалы. У абласных кіраўнікоў культуры ёсць каардынаты гэтых фірм. Прадпрыемства "Музрэм" у Мінску пачало рамантаваць цымбалы. Карацей, па некаторых пытаннях рух ужо ёсць. Што да агульнага вырашэння праблемы, дык тут патрэбна дапамога інвестараў. Адпаведныя перамовы вядуцца пастаянна. А пакуль музычныя інструменты набываюцца за мяжой...

Начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў прадоўжыў не менш хваравітую для ўсіх гаворку пра абмежаванне часу прысутнасці непаўналетніх на начных дыскатэках (гэтая тэма пастаянна ўзнімаецца на старонках "К"). Рашэнне наконт дыскатэк, як распавёў міністр, прымалася на ўзроўні не міністэрскага, а заканадаўчага акта, Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Тым не менш, колькі тыдняў таму Міністэрства культуры ўнесла ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанову аб неабходнасці ўнясення змяненняў у згаданы Кодэкс. Міністр падкрэсліў, што сённяшні падыход да наладжвання начных дыскатэк абсалютна не вырашыў праблему вольнага часу нашай моладзі. Меркаванне Міністэрства: трэба вяртацца да старой практыкі. Такая прапанова і ўнесена ў Савет Міністраў.

 

 Змаганне з баршчавіком і навадзелам

Жыхар Брэста Дзяніс Турчаняк літаральна са сваіх вокнаў убачыў, што на старасвецкай камянічцы насупраць распачаліся работы па рэканструкцыі. Неўзабаве ён даведаўся, што па іх звяршэнні двухпавярховы будынак мае стаць чатырохпавярховым, а яго плошча нейкім чарадзейным чынам павялічыцца ажно ў сем разоў! У неабыякавага чалавека адразу ўзнікла пытанне: ці не прывядзе гэтая рэканструкцыя да фактычнай страты помніка і замены яго навадзелам?

Міністр культуры паабяцаў разабрацца ў дадзенай сітуацыі і заняць прынцыповую пазіцыю па адстойванні заканадаўства ў сферы аховы спадчыны - нават у тым выпадку, калі яно не будзе адпавядаць камерцыйным інтарэсам заказчыка.

- Калі гэты будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці альбо знаходзіцца ў ахоўнай зоне, мы запатрабуем для азнаямлення праектную дакументацыю на правядзенне работ,- запэўніў міністр. - І ў выпадку парушэння заканадаўства вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці. Сёлета ўжо чацвёра заказчыкаў будаўнічых работ аштрафаваны за ігнараванне законных патрабаванняў у адпаведнасці з прадпісаннем Міністэрства культуры, а 21 заказчыку выдадзена прадпісанне аб неабходнасці прывядзення работ у адпаведнасць з заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны...

Дзяніс Турчаняк задаў і яшчэ адно пытанне на тую ж самую тэму. Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб стварэнні дадатковых умоў для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці", інвестар атрымаў магчымасць распрацоўваць праектную дакументацыю паралельна з будаўніцтвам, а не да яго пачатку. Адсюль і ўзнікла пытанне: ці можна распачынаць праектныя і будаўнічыя работы на аб'екце нерухомасці, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, да атрымання дазволу Міністэрства культуры?

Адказваючы на яго, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі адразу падкрэсліў, што юрыдычны статус навабуда і помніка спадчыны істотна адрозніваецца:

- Перш чым інвестар пачне рэалізоўваць тыя або іншыя свае намеры, ён павінен атрымаць дазвол Міністэрства культуры краіны на правядзенне праектных работ, затым - прадаставіць праект на ўзгадненне, і толькі пры станоўчым заключэнні яму будзе дадзены дазвол на выкананне работ. Гэтага патрабуе наша заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей...

Мікалай Жукоўскі з Акцябрскага звярнуў увагу на стан адной з сядзіб у Гродзенскай вобласці. Пасля таго, як дом пакінула тая ўстанова, што ў ім знаходзілася, і яго лёс на нейкі час нібыта завіс у паветры, помнік спадчыны застаўся "адкрыты для ўсіх вятроў". І любы хуліган можа бесперашкодна пранікнуць унутр і зніштожыць адзін з шыкоўных камінаў, якія там захаваліся са старых часоў.

Без сумневу, вырашыць гэтую праблему, паставіўшы перад вандаламі фізічныя перашкоды і забяспечыўшы элементарны дагляд помніка, можна было на ўзроўні сельсавета або райвыканкама, не спадзеючыся на ўмяшальніцтва Міністэрства культуры, якое, безумоўна, не прымусіць сябе чакаць.

Старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі звярнуў увагу на праблемны стан гарадзішча непадалёк ад Мінска- менавіта там, на думку некаторых даследчыкаў, і бярэ пачатак наша сталіца. Сёння папулярны турыстычны аб'ект зарос баршчавіком. І каб вырашыць гэтую праблему, не трэба вялікіх грашовых укладанняў - як, зрэшты, і для будаўніцтва драўлянага мастка цераз рачулку Менка.

Павел Латушка паабяцаў у бліжэйшы час наведаць гэтую гістарычную мясціну, каб сумесна з мясцовымі ўладамі паспрыяць вырашэнню праблем яго добраўпарадкавання.

Безумоўна, ініцыятыва мясцовых улад у справе адраджэння спадчыны патрабуецца не толькі ў такой пачэснай справе, як змаганне з баршчавіком. Без яе немагчыма рэалізаваць і нашмат маштабнейшыя праекты. Гэтую ісціну міністр культуры падкрэсліў, адказваючы на пытанне жыхаркі Мсціслава Алены Бачкаровай.

Падзякаваўшы міністру культуры за высілкі ў справе рэстаўрацыі знакамітых Пустынак, яна зноў агучыла тэму захадаў па пераўтварэнні гэтага рэгіёна ў комплексны турыстычны цэнтр - балазе ён відавочна мае такі патэнцыял.

- Канешне ж, Міністэрства культуры краіны гатова абедзвюма рукамі падтрымаць прыняцце спецыяльнай праграмы па развіцці Мсціслава, - адзначыў Павел Латушка. - Гэта ўнікальны горад, сапраўдны горад-музей, і ўсе нашы дзеянні будуць скіраваны на падтрымку надання яму гэтага статуса. Але ініцыятыва ў дадзеным выпадку павінна зыходзіць менавіта ад мясцовых органаў улады раённага і абласнога ўзроўню...

Яшчэ адно пытанне, закранутае Міколам Чырскім, - стан так званага Музея валуноў у Мінску. Міністр культуры адзначыў, што вырашэнне ўсіх праблем гэтай унікальнай адметнасці- прэрагатыва муніцыпальных улад, якім яна належыць: наўпрост выдаткоўваць сродкі з рэспубліканскага бюджэту Міністэрства не можа. І, у сваю чаргу, паабяцаў даць адпаведнае даручэнне ўпраўленню культуры гарвыканкама.

Жыхарка Жылічаў Святлана Ласянок патэлефанавала не дзеля таго, каб звярнуць увагу на праблему, але каб падзякаваць за яе вырашэнне - не толькі ад свайго імя, але і ад імя ўсіх бацькоў вучняў школы мастацтва, якая размясцілася ў колішнім палацы.

- Ідучы на заняткі ў знакаміты помнік архітэктуры, нашы дзеткі нібыта адчуваюць сябе часткай гісторыі, - з захапленнем прамовіла яна.

- Гэта сапраўды вельмі адметны прыклад, калі ў адрэстаўраваным помніку спадчыны размешчана школа мастацтваў,- адзначыў міністр культуры. - Перакананы, такі сімбіёз гісторыка-культурнай спадчыны з сучаснай духоўнасцю дасць добры грамадскі плён, асабліва станоўча паўплывае на выхаванне моладзі.

 

 Колькі каштуе білет на "Акіян Эльзы"?

Побач з пытаннямі дзелавога, "вытворчага" характару былі і тэлефанаванні, так бы мовіць, выключна эмацыйныя. Да прыкладу, Аксана, выкладчык і канцэртмайстар сталічнага каледжа мастацтваў, які месціцца па вуліцы Кіжаватава, распавяла, што атрымлівае мільён рублёў у месяц, адна выхоўвае сына, і вельмі хоча разам з ім трапіць на выступленне гурта "Акіян Эльзы" ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Між тым, адзін білет на такі канцэрт у Палацы спорту каштуе больш за 200 тысяч. А білеты на выступленне маладзёжнага сімфанічнага канцэрта Співакова ў Музычным тэатры каштавалі ўсяго 30 тысяч рублёў. Павел Латушка патлумачыў, што на фестываль Співакова, які летась ладзіўся ў Белдзяржфілармоніі, білеты каштавалі даражэй. А праект Садружнасці падтрымліваецца Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва СНД, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, што дазваляе істотна панізіць кошт білета. "Акіян Эльзы" дае камерцыйны канцэрт. І мы, падкрэсліў міністр, ставім перад сабой задачу максімальнага вяртання сродкаў, што ўкладваліся дзяржавай у правядзенне міжнародных фестываляў. На жаль, дзяржаўны бюджэт на развіццё культуры - абмежаваны, таму не можа аплачваць усе фестывалі...

 

 Не хапае тэлеканала "Культура"

Жыхарка Мінска запыталася: ці можа чалавек паўдзельнічаць у некалькіх намінацыях на атрыманне сёлетняй Нацыянальнай музычнай прэміі? Інакш кажучы, і праект свой паказаць, і асобныя яго нумары ў якасці, да прыкладу, кампазітара і паэта? Так, адказаў міністр, у адпаведнасці з Палажэннем, няма ніякіх абмежаванняў па ўдзеле ў некалькіх намінацыях. У пачатку кастрычніка на міністэрскай інтэрнэт-старонцы будуць змешчаны адпаведныя патрабаванні да падачы заявак. Адказным за рэалізацыю гэтага праекта Міністэрства культуры прызначыла Маладзёжны тэатр эстрады. Праект рэалізуецца сумесна са Сталічным тэлебачаннем.

Пра тэлевізійныя каналы гаворку прадоўжыла чытачка са сталіцы. Маўляў, на нашым радыё існуе канал "Культура", а на тэлебачанні- не. Міністр культуры зазначыў, што вельмі зацікаўлены ва ўзнікненні такога тэлеканала. Прапрацоўка пытання ажыццяўляецца ўжо цягам года. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька таксама зацікаўлены ў тым, каб пачаў працаваць тэлеканал "Культура".

З Магілёўскага каледжа мастацтваў паведамілі пра нядаўнюю педагагічную канферэнцыю для выкладчыкаў ДШМ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Падзякавалі Міністэрству культуры за эфектыўную кансультатыўную падтрымку, а таксама выказалі меркаванне сваіх калег аб тым, што такія ж мерапрыемствы варта ладзіць і для іншых катэгорый работнікаў культуры: бібліятэкараў, музейшчыкаў... МІністр ўдакладніў, што падобныя сустрэчы ладзяцца рэгулярна. Нядаўна, да прыкладу, у Мінску прайшоў міжнародны форум, прысвечаны новым музейным тэхналогіям. У ім прынялі ўдзел музейшчыкі з васьмі краін свету, у тым ліку і прадстаўнікі нашых рэгіянальных устаноў. Аналагічныя мерапрыемствы наладжвае і Бібліятэчная асацыяцыя. Але гэтую працу, зразумела, трэба пашыраць і развіваць.