“Кароткія гісторыі” на маскоўскім дэфіле

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

З 7 кастрычніка па 7 лістапада ў маскоўскай галерэі “Artmix” пройдзе выстаўка “Кароткія гісторыі”.

/i/content/pi/cult/343/6382/6-2.jpgПраект пазнаёміць з творамі сучасных мастакоў Беларусі. У экспазіцыі будзе прадстаўлена творчасць скульптара Аляксандра Шапо і жывапісцаў Ганны Сілівончык, Таццяны Грыневіч і Івана Сямілетава. Усіх іх аб'ядноўвае вучоба ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але, нягледзячы на агульную школу, кожнага адрознівае індывідуальны аўтарскі стыль. Наіўнасць вобразаў і прастата форм суседнічаюць у іх творчасці з высокім прафесіяналізмам і віртуозным майстэрствам. Работы аўтараў дазваляюць зірнуць на свет іншымі вачыма, выйсці за рамкі звыклага і звычайнага, прымушаюць задумацца, паглыбіцца ва ўспаміны або адкрыць у сабе нешта новае і добрае. Навакольны свет яны ўспрымаюць ярка і стваральна, дапаўняючы пры гэтым эмацыйныя адчуванні філасофскімі разважаннямі. У сваіх творах кожны з аўтараў дзеліцца з гледачом чымсьці патаемным і асабістым, думкамі, пачуццямі, перажываннямі. Кожны распавядае свае гісторыі, сюжэт і змест якіх раскрые сам твор, а працяг мы маем права прыдумаць самі. Такім чынам, праект "Кароткія гісторыі" - гэта запрашэнне да шчырага дыялога, сяброўскай сардэчнай размовы.

Усе аўтары шырока вядомы гледачу. Іхнія творы знаходзяцца ў зборах мастацкіх музеяў і прыватных калекцыях многіх краін свету.  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"