Л.Густава. “Азёрны край”. |
З беларускага боку прадстаўлены амаль шэсць дзесяткаў работ, пераважна габелены, выкананыя ў тэхніцы традыцыйнага ручнога ткацтва, а таксама батыкі. Яны далікатныя і пявучыя, лірычныя і духоўныя, у іх выяўляецца гармонія навакольнага свету, шчырасць пачуццяў і перажыванняў творцаў, знакамітых габеленшчыц С.Катковай, Н.Пілюзінай, Л.Пятруль, Г.Крываблоцкай. Сярод вобразаў, якія часам нібы спантанна з’яўляюцца ў творах, — жанчыны, анёлы, дрэвы, птушкі, кветкі — тое, што для чалавека заўсёды было ідэалам прыгажосці і камертонам гармоніі.
Маладыя мастачкі А.Каленік і С.Амельчанка прадставілі работы ў тэхніцы батыку. Адметнай рысай іх творчасці стала выкарыстанне новых тэхналогій, новых матэрыялаў, імкненне да авангарднага накірунку ў мастацтве.
Літоўскія мастачкі прадставілі экспазіцыю з 13 работ традыцыйнага роспісу па шоўку. Аўтараў гэтага незвычайнага тузіна работ — 8. Яны — прадстаўнікі трэцяга пакалення мастакоў-тэкстыльшчыкаў Літвы — вельмі ахвотна і інтэнсіўна эксперыментуюць з матэрыялам, фактурай, колерам, канструкцыяй, не забываючыся пры гэтым аб нацыянальных каранях.
Выстаўка атрымалася яркай па колерах і па пластычных выяўленнях, разнастайнай па мастацкіх падыходах, еўрапейскай па падборцы твораў і ў той жа час адметна нацыянальнай.Полацкае знаёмства беларускіх і літоўскіх мастачак мае добрыя перспектывы развіцця і супрацоўніцтва.
Выстаўка паспрыяла і папаўненню калекцыі Мастацкай галерэі горада Полацка: ёй падарылі свае работы І.Шмідтэне, М.Аляксеева, С.Каткова, Т.Козік, выкананыя мастачкамі ў час майстар-класа, які праводзіла І.Шмідтэне перад вернісажам.
Таццяна МЕЛЬЯНЦАВА,
навуковы супрацоўнік Полацкай мастацкай галерэі