Птушкі і гнёзды

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Вынікі ХVІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”

/i/content/pi/cult/343/6378/10-1.jpg16 верасня ў Брэсце завяршыўся самы старэйшы і адзін з найбуйнейшых у краіне Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа". Той факт, што ў не вельмі спрыяльных для мастацтва эканамічных умовах гэты творчы арганізм не толькі выжыў, але і выявіў новыя фарбы ўласнага існавання, яскрава пацвярджае: галоўным і самым існым рухавіком у галіне культуры былі і застаюцца ініцыятыўнасць і ідэя, дакладнасць і глыбіннасць якіх звычайна і вызначаюць поспех той або іншай мастацкай задумы. Так і "Белая вежа", што сёлета адзначыла ўзрост свайго сталення і ў якасці творчага дэвізу абрала слоган "Час кахаць!", з арганізацыйна-творчых пазіцый стала больш "дзелавой": пляцоўкі, на якіх дэманстраваліся конкурсныя спектаклі, сканцэнтраваліся ў адным месцы, так што гледачам не даводзілася "вандраваць" па ўсім горадзе. Ранішнія сустрэчы з творчымі калектывамі на разгорнутых прэс-канферэнцыях з разборамі спектакляў перараслі ў творчыя "круглыя сталы" аб тым, як сёння развіваецца не толькі беларускае, але і сусветнае тэатральнае мастацтва.

/i/content/pi/cult/343/6378/10-2.jpgТрадыцыйна ў фестывальнай афішы свае спектаклі прадстаўляюць тэатры з розных куткоў свету, сёлета - з адзінаццаці краін-сябровак. Аднак на гэтым фоне не можа не радаваць той факт, што год ад года ў праграме "Белай вежы" айчынныя тэатральныя калектывы займаюць усё больш заўважнае месца. І не толькі таму, што гэта дае магчымасць прадэманстраваць уласныя творчыя здабыткі. Разуменне таго, што тэатральнае мастацтва, якое ствараецца ў айчынных творчых групах, цікавае і запатрабаванае на радзіме - рэч даволі-такі прызабытая беларускімі тэатраламі. А, як вядома, побач з жаданнем ці не кожнага творцы ўпісаць сваё імя ў гісторыю мастацтва, не менш важкім аргументам і стымулам для актыўнай творчай дзейнасці з'яўляецца трывалае адчуванне запатрабаванасці ўласнага плёну тут і зараз. І сёлета гэты момант конкурсная праграма "Белай вежы" прадэманстравала найлепшым чынам.

/i/content/pi/cult/343/6378/10-3.jpgНа шаснаццатым годзе, поруч са стала "прапісанымі" ў фестывальнай афішы брэстаўчанамі з "Раскіданым гняздом" Янкі Купалы ды вядомымі мясцовай публіцы Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага, які прывёз камерны спектакль "Эдып", і Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек са "Шлюбам", у конкурс былі ўключаны айчынныя "№ 13" Тэатра-студыі кінаакцёра, "Гаральд і Мод" Палескага драматычнага тэатра, "Пяюць начлежнікі" Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч" і "Дарагая Алена Сяргееўна" Тэатра-студыі імя Е.Міровіча пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Акрамя першых двух калектываў, для астатніх з'яўленне ў афішы буйнога міжнароднага фестывалю - з'ява, хутчэй, выключная, чым звычная. А між тым, добра вядома, што, прыкладам, для нармальнага функцыянавання такой экасістэмы, як лес, неабходна наяўнасць не толькі пэўнай колькасці дрэў-волатаў, але і добра развітага падлеску. У тэатральным жа жыцці акурат такім "падлескам", пакліканым выконваць функцыю не фону, але мадэратара атмасферы і фарміравання агульнага культурнага ўзроўню, і з'яўляюцца такія калектывы.

/i/content/pi/cult/343/6378/10-4.jpgУ гэтым плане беларускае прадстаўніцтва на "Белай вежы" сталася яшчэ і добрым вектарам для таго, каб адэкватна ацаніць і будучыя вынікі ўручэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі, што неўзабаве - у першых днях кастрычніка- распачнецца ў беларускай сталіцы. А таму тэзіс "усё спазнаецца ў параўнанні" найлепшым чынам адпавядае агульным настроям у беларускім тэатральным грамадстве. Яны выражаюцца ў пошуках якіх-кольвечы пэўных крытэрыяў для ацэнкі таго, што ствараюць айчынныя тэатры, і вызначэння той мяжы, якая здольная была б дакладна вызначыць, дзе мы маем справу са спектаклем як творам мастацтва, а дзе - з камерцыйна арыентаваным тэатральным прадуктам. Што ж, фестывальная афіша дакладна прадэманстравала ўсе ступені гэтай градацыі, пачынаючы ад першапачаткова арыентаванай на касу і глядацкую забаўляльнасць вядомай ці не ў кожным сучасным тэатры камедыі "№ 13" Рэя Куні ў выкананні мінскіх акцёраў да гэтак жа дакладна сарыентаванага на "аўтаномнае" ад думак пра неабходнасць падабацца патэнцыйным гледачам заглыбленне ў драматургічны матэрыял брэсцкага "Раскіданага гнязда" Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/343/6378/10-5.jpgАкурат на спектаклі Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, прэм'ера якога і адбылася пад час фестывалю, хацелася б спыніцца больш падрабязна, бо ён яскравым чынам выявіў усе тыя асноўныя тэндэнцыі, што ўласцівы сучаснаму беларускаму тэатру. З аднаго боку, нельга не адзначыць таго пранізлівага імкнення ў галіне рэпертуарнай палітыкі адшукваць новыя тэмы і думкі і, разам з тым, не забывацца на ўласную драматургічную спадчыну. Тым больш, што Янка Купала з яго творамі заўсёды быў фігурай, класічнасць якой дзіўным чынам спалучаецца з... неспазнанасцю тых бяздонняў, у якія зазіраў аўтар. І рэжысёр Уладзімір Савіцік, пачуўшы гэта колькі гадоў таму пад час працы над спектаклем "Сны аб Беларусі" ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, вырашыў звярнуцца да самага хрэстаматыйнага твора - "Раскіданага гнязда".

Развянчанне стэрэатыпаў і штампаў - вось яшчэ адна задача, з якой сучасныя рэжысёры так ці інакш мусяць суадносіць уласную творчасць. Для адных гэткая пазнавальнасць - своеасаблівы, правераны іншымі "ключык" і да твора, і да глядацкіх сэрцаў, для другіх - нагода "паваражыць" над тым, якія з нарослых за дзесяцігоддзі і стагоддзі штампаў абраць у якасці выйгрышных на сённяшнім этапе, для трэціх жа- важкая прычына для таго, каб яшчэ раз удумліва перачытаць твор і паспрабаваць убачыць меркаванне аб уласных персанажах самога аўтара, а не тых, хто пазней увасабляў гэтыя творы на сцэне.

Думаецца, брэсцкая пастаноўка "Раскіданага гнязда" нечакана ўразіць і здзівіць большую частку гледачоў, найперш тым, што на сцэне - зусім не "той" Купала, якога ўсе ведаюць яшчэ са школьных часоў. Аніякага бытавізму і псіхалагізму, якія ва ўсе часы лічыліся неад'емнай прыналежнасцю дадзенага твора - у брэсцкім спектаклі Купала паўстае перад намі сімвалістам, які спрабуе адшукаць, намацаць шлях беларускага народа да самаідэнтыфікацыі менавіта праз інтуітыўныя, часам нават інфернальныя, шляхі спазнання ўласнай душы. Менавіта таму і героі спектакля- не проста сяляне, якіх хвалюе далейшае жыццё без зямлі і сродкаў для існавання, а- нібы самнамбулы, што на разламанай страсе ўласнага дома пры святле поўні пакутліва імкнуцца зразумець, якім жа чынам адшукаць выйсце з гэтага свету ў іншы, той самы, - звычна-побытавы.

Разам з тым, у сваім мэсэджы рэжысёр выглядае песімістам: гняздо раскідваецца зусім не панскімі паслугачамі, а найперш - заўсёднай самотнасцю саміх беларусаў, у якіх нават унутры драматургічнай сям'і, апісанай Купалам, нармальныя сямейныя ўзаемаадносіны, калі бацькі і дзеці жывуць агульнымі клопатамі і падтрымліваюць адно аднаго, практычна адсутнічаюць. Героі разбрыдаюцца ў розныя бакі, і невядома, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь яшчэ... Не верыць рэжысёр і ў тое, што хаця б хто-небудзь з іх натрапіць на тую сцяжыну, якая сапраўды прывядзе іх да "светлай будучыні".

Але гэткі самотны фінал спектакля, між іншым, дае падставы больш пільна паглядзець і на нашу агульную тэатральную рэчаіснасць, задумацца пра тое, што пошукі лепшай долі- гэта той шлях, які нікуды не вядзе. Стварэнне сваёй долі ўласнымі рукамі, штодзённай працай- вось, бадай, той "рэцэпт", які мог бы прынесці плён. І калі айчынныя тэатральныя дзеячы зразумеюць гэта, прачуюць кожнай клетачкай, тады можна будзе спадзявацца і на тое, што наш "тэатральны падлесак" будзе існаваць не намінальна, а насамрэч стане "зялёнымі лёгкімі" беларускага мастацтва.

 

Узнагароды фестывалю:

"За лепшы спектакль малых форм" - спектакль "Эдып" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага (рэжысёр - Барыс Луцэнка), Мінск.

"За паслядоўнасць рэжысёрскага эксперыменту" - спектакль "Войцэк" Харкаўскага дзяржаўнага ўкраінскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі (рэжысёр - Аляксандр Коўшун), Украіна.

"За перспектыўнасць рэжысёрскага мыслення" - спектакль "Шлюб" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (рэжысёр - Аляксандр Янушкевіч), Мінск.

"За лепшую мужчынскую ролю" - Дэвід Кох (спектакль "Свет Кафкі" тэатра на Захзэнрынг), Кёльн (Германія).

"За лепшую жаночую ролю" - Галіна Дзягілева (спектакль "Пяюць начлежнікі" Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч"), Мінск.

"За лепшую сцэнаграфію" - спектакль "Шлюб" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (мастак - Таццяна Нерсісян), Мінск.

"За філасофскую неверагоднасць тэатральнай мовы" - Унія Тэатр Неверагодны, Варшава (Польшча).

"За высокую тэатральную культуру " - Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

"За адданасць грамадзянскай тэме" - Роберт Акапян - спектакль "Да вас звяртаюся, спадарыні і спадары!", Ерэван (Арменія).

"За невербальную выразнасць тэатральнай мовы" - спектакль "Зар" Тэатральнай групы "JAM" (рэжысёр - Махамед Хатамі Рад), Тэгеран (Іран).

"За будучыню ў акцёрскім мастацтве" - Тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за спектакль "Дарагая Алена Сяргееўна" (педагог-рэжысёр - Людміла Кучарэнка, мастацкі кіраўнік курса - Уладзімір Мішчанчук), Мінск.