Вуллі як сродак арт-камунікацыі

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Культурны “бартэр” праз біенале

/i/content/pi/cult/343/6377/11-1.jpg

Маскоўскі біенале сучаснага мастацтва, які адкрываецца сёння, праходзіць толькі чацвёрты раз, але паводле сваіх амбіцый і маштабаў ён ужо наважваецца спаборнічаць з культавым венецыянскім "старажылам". У расійскай сталіцы адначасова стартуюць 90 разнастайных выставак на 50 пляцоўках. І сярод тысяч твораў мастакоў з усяго свету на біенале будуць прадстаўлены і аўтэнтычныя вуллі з беларускай вёскі, начыненыя сучаснай электронікай. Праз лічаныя месяцы пасля паўнавартаснага дэбюту на Венецыянскім біенале айчынны contemporary art зрабіў яшчэ адзін важны крок у справе інтэграцыі ў сусветную прастору. 23 верасня ў выставачнай зале Усерасійскага музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адбылося адкрыццё аднаго са спецыяльных праектаў біенале - выстаўкі "Унутраныя ландшафты". Гэта сумесны праект беларускіх мастакоў Алены Атрашкевіч, Дзяніса Барсукова, Паўла Вайніцкага, Сяргея Ждановіча, Сяргея Завіжэнца, Ігара Саўчанкі і Дар'і Іваноўскай, у які быў уплецены таксама і відэаарт шведскага аўтара Крыстофера Паўэса. "Мы, удзельнікі выстаўкі, маем намер зрабіць схаваную душэўную тапаграфію адчувальнай. Гэта залежыць не толькі ад нас, але і ад глядацкага саўдзелу. Спадзяёмся, што для гледачоў экспазіцыя стане каталізатарам і адпраўным пунктам падарожжа па іх уласных унутраных ландшафтах", - гаворыцца ў эксплікацыі, падрыхтаванай аўтарам задумы і адным з куратараў праекта Паўлам Вайніцкім.

 

Апрабацыя на гледачы

Прэм'ера праекта адбылася яшчэ летась у рамках Рэспубліканскай выстаўкі "Зямля пад белымі крыламі". Глабальная рэпрэзентацыя ўсіх спектраў айчыннага выяўленчага мастацтва ўключала і такую яго праяву, як стопрацэнтны contemporary art. Ладную частку галоўнай залы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе экспанаваўся праект, занялі менавіта старыя вуллі, адшуканыя аўтарамі праекта ў нейкай даўно закінутай вёсачцы на беларуска-літоўскім памежжы.

- У нас атрымалася не механічная сукупнасць пэўных твораў мастацтва, а цэласная прастора, якая "працуе" толькі пад час узаемадзеяння з наведвальнікам выстаўкі, - кажа Павел Вайніцкі.- Як ствярджае аўтар тэрміну "эстэтыка ўзаемадзеяння" Нікаля Бурыё, мастацтва жыве менавіта ў акце камунікацыі. У нашым выпадку -паміж арт-аб'ектам ці арт-прасторай і гледачом. Апошняму прапануецца роля не пасіўнага сузіральніка прыгажосці, а паўнавартаснага саўдзельніка, ад якога наўпрост залежыць напрамак і вынік камунікацыі.

- І трэба адзначыць, што своеасаблівую "апрабацыю на гледачы" гэты праект ужо прайшоў досыць удала, - дадае дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч.

Гледачоў у музеі не бракуе. Яго дзверы несупынна адкрываюцца, прапускаючы ўнутр не толькі "далучаную" публіку, але і тых, хто завітвае літаральна "з вуліцы", ці, дакладней, з такога папулярнага месца для праменадаў, як праспект Незалежнасці. Па словах супрацоўнікаў музея, далёка не ўсе яны былі гатовы ўбачыць замест карцін або графікі старыя вуллі. Таму часам узнікалі непаразуменні. -

Сапраўды, ёсць тып гледачоў, схільных успрымаць усё незразумелае як своеасаблівую ментальную інтэрвенцыю ў сваю ментальную прастору,- распавядае другі куратар праекта Вольга Рыбчынская. - Але, мяркую, плён ад гэтай выстаўкі ўсё адно быў відавочны. Не, справа нават не ў выхаванні гледача - гэта смешна і нікому не патрэбна. На маю думку, наша задача зусім іншая: ненавязліва прапаноўваць яму размаітыя спосабы мастацкай рэпрэзентацыі, тым самым сведчачы, што іх можа быць вельмі шмат. І, між іншым, ці не самай удзячнай часткай аўдыторыі, як мне падалося, сталі маленькія дзеці. Яны пакуль яшчэ не займелі стэрэатыпаў успрыняцця, і таму іх вочы шырока раскрытыя, а розум схільны да жывой інтэрпрэтацыі ўбачанага.

 

"Прывітанне" з натуральнага асяроддзя

Паколькі праект быў ацэнены як удалы, спыняць яго выставачны лёс на самым пачатку не выпадала. Таму Павел Вайніцкі прапанаваў Музею сучаснага выяўленчага мастацтва падаць заяўку на адрас аргкамітэта Маскоўскага біенале.

Варта адзначыць, што адбор удзельнікаў там больш жорсткі, чым на Венецыянскім форуме: ён адбываецца на конкурснай аснове. І канчатковы вердыкт застаецца за куратарам, якім сёлета з'яўляецца нямецкі мастак і арт-тэарэтык Петэр Вайбель. Апошні прыйшоў да высновы, што праект беларускіх мастакоў добра ўпісваецца ў агульную палітру біенале і сугучны з яго тэмай - "Перапісваючы сусветы". Менавіта таму "Унутраныя ландшафты" былі абраны ў якасці аднаго са спецыяльных праектаў, вытрымаўшы канкурэнцыю з мноствам заявак, што сцякаліся, не раўнуючы, з усіх куткоў планеты.

Але атрыманае "дабро" яшчэ не азначала вырашэння ўсіх праблем. Заставаліся і чыста "тэхнічныя моманты". Варта адзначыць, што арганізатарам і ўдзельнікам беларускага праекта ўдалося вырашыць гэтыя пытанні, не "залазячы" ў бюджэтную кішэню, - дзякуючы сваёй упартасці ды вынаходлівасці.

Як адзначыла Наталля Шаранговіч, удзел у біенале стаў апрабацыяй новых форм супрацоўніцтва між музеямі розных краін, якія асабліва важныя ў наш няпросты эканамічны век. Атрымаўся своеасаблівы культурны "бартэр", выгадны для ўсіх. Усерасійскі музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пагадзіўся бясплатна прадаставіць свае плошчы для экспанавання беларускага праекта. А праз нейкі час Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прыме на сваёй тэрыторыі выстаўку расійскіх калег.

З пункта гледжання маскоўскай геаграфіі, беларускай выстаўцы моцна пашчасціла. Музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва месціцца ў цэнтры расійскай сталіцы, ля Цвятнога бульвара. Прычым экспазіцыйнае асяроддзе гэтым разам будзе зусім нетыповым для сучаснага мастацтва. Гэта не парэпаныя сцены былых прамысловых будынкаў, ператвораных у выставачныя плошчы, і не нейтральны галерэйны "белы куб", а- шыкоўны палац, чыя гісторыя пачынаецца напрыканцы XVIII стагоддзя.

- Там блакітныя сцены, вялікія вокны, высокая столь... - распавядае Павел Вайніцкі. - І мне падаецца, што ў гэтай шыкоўнай патэтычнай прасторы вясковыя вуллі будуць выглядаць асабліва добра - менавіта за кошт кантрасту...

Увогуле, гэтыя драўляныя канструкцыі, якія некалі выконвалі чыста ўтылітарную функцыю, а цяпер кранальна адсылаюць да мінулых часоў, ужо паводле задумы аўтараў праекта меліся кантраставаць са сваім асяроддзем, з'яўляючыся "іншародным прадметам" у трохі рафінаванай галерэйна-музейнай прасторы. І такая інтэнцыя на пачатку нават прывяла да кур'ёзных вынікаў. Калі даўно закінутыя вуллі ўпершыню перамясціліся са свайго натуральнага асяроддзя ў галерэйныя сцены, там пачала спрацоўваць пажарная сігналізацыя - прычым без дай-прычыны!

- Урэшце, пажарныя разабралі апавяшчальнік, і там знайшліся маленькія жучкі, якія разам з вуллямі перабраліся ў нязвыклую для сябе прастору - з закінутай вёскі ў сталічную галерэю, - распавядае Павел Вайніцкі, запэўніўшы, на ўсялякі выпадак, што ў Маскве такая "мастацкая інтэрвенцыя" не паўторыцца.

Сакуратар выстаўкі перакананы, што менавіта такія аўтэнтычныя цікавосткі здатныя вылучыць творы беларускіх аўтараў з той неймавернай канцэнтрацыі contemporary art, якая назіраецца гэтым часам у Маскве.

- Пад час стварэння ўнутраных ландшафтаў для нас было вельмі важна задзейнічаць менавіта беларускія артэфакты, - кажа куратар.- Мы тут жывём. І, як сказаў адзін з класікаў, быццё вызначае свядомасць. Таму і прадметнае асяроддзе беларусаў нібы міжволі аказвае свой уплыў на іх ментальнасць...

У вуллі ўманціраваны маніторы з творамі відэаарту, з іх даносяцца разнастайныя гукі, ствараючы папраўдзе мультымедыйны эфект. Паміж імі можна шпацыраваць, самому выбіраючы маршруты. Тым больш, пры жаданні, да іх можна дакранацца.

Іншыя творы, прадстаўленыя на выстаўцы, таксама даюць гледачу свабоду дзеянняў. Камера абскура, адроджаная Сяргеем Ждановічам з гістарычнага нябыту, ужо дазвоіла мінчанам "зірнуць іншым вокам" на перспектыву праспекта Незалежнасці. "Усё адбываецца тут і зараз, выява змяняецца ў часе, як і сама рэальнасць, - зазначае аўтар. - А вось фотавыява - гэта толькі стоп-кадр, мёртвая форма, архіўнае адлюстраванне часавага адрэзку. Фотавыяву стварае Аўтар - выяву ў камеры-абскуры стварае сама навакольная рэчаіснасць..."

Такі самы саўдзел гледача правакуюць і подпісы да няісных фотаздымкаў паслядоўнага канцэптуаліста Ігара Саўчанкі. Вольга Рыбчынская ахарактарызавала іх як прапанову скласці сумесную казку аб рэчаіснасці, аб здзейсненых і няздзейсненых марах.

- А своеасаблівымі "светлымі плямамі" экспазіцыі стануць творы Алены Атрашкевіч і Дзяніса Барсукова, выкананыя ў вельмі нязвыклай для гэтых мастакоў манеры, - дадаў Павел Вайніцкі.

Як падкрэсліў куратар, аўтараў выстаўкі аб'ядноўваюць не фармальныя прыёмы, а само крэда, стаўленне да жыцця, мастацтва і характару іх узаемадзеяння.

- Нашае памкненне - ствараць мастацтва, якое не нявечыць душы людзей, не дзейнічае разбуральна на іх псіхіку,- кажа Павел Вайніцкі. - І вельмі важнымі для нас таксама з'яўляюцца этычныя аспекты. Калі чалавек добры, я веру, што і яго мастацтва будзе добрым. Досвед паказвае, што так яно і ёсць. Магчыма, менавіта падобны падыход неяк маркіруе ўдзельнікаў выстаўкі?

 

З Масквы да Берліна

Трапіўшы ў праграму такога "тэматычнага" форуму, як Маскоўскі біенале, праект "Унутраныя ландшафты" аўтаматычна апынаецца і ў іншым кантэксце. "Біенальныя" гледачы ўжо не будуць здзіўляцца з прычыны адсутнасці ў эспазіцыі жывапісных палотнаў.

- Без сумневу, удзел у біенале будзе карысным для саміх мастакоў,- кажа Вольга Рыбчынская.- Ён дазволіць ім убачыць сваю творчасць на тле іншых. Куратар сёлетняга Маскоўскага біенале выказаў надзею, што яго правядзенне дазволіць зразумець, чым з'яўляецца сучаснае мастацтва ў сучасным свеце. І цудоўна, што беларускія мастакі будуць у ліку тых, хто прызначаны даць адказ на гэтае глабальнае пытанне...

Немалаважна і тое, што маштабныя замежныя "прарывы" айчынных мастакоў ужо не выглядаюць "адзінкавымі стрэламі", - іх працэс інтэграцыі ў міжнароднае арт-кам'юніці набывае ўсё большую сістэмнасць. Вось і Павел Вайніцкі адразу з Масквы скіруецца ў Берлін, каб стаць адным з паўсотні беларускіх удзельнікаў міжнароднага фестывалю "Дах-15", які адкрыецца літаральна ў той самы дзень, што і "Унутраныя ландшафты", у вядомым кунстхаўзе "Тахелес". Куратары фестывалю Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч дазволілі шматлікім наведвальнікам гэтага арт-цэнтра пазнаёміцца з самымі рознымі праявамі сучаснай беларускай культуры- ад нязмушаных камедый Аляксандра Канановіча да звышэксперыментальнай электроннай музыкі.

Варта адзначыць і тое, што абодва гэтыя праекты - ініцыятыва канкрэтных людзей. Несумненна, без яе справа не зрушыцца і ў такім немалаважным аспекце, як папулярызацыя за мяжой усіх праяў шматаблічнай айчыннай культуры.