Крызіс клубнага жанру: пераадоленне

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Кадравы “голад” на фоне транспартных праблем

Пошук новых формаў работы з насельніцтвам, імкненне да эфектыўнай рэалізацыі сваіх творчых задумак і планаў, а таксама павышэнне якасці масавых мерапрыемстваў - тое, над чым пастаянна дбаюць культработнікі кожнага рэгіёна Беларусі. Зразумела, паспяховасць іх дзейнасці наўпрост залежыць ад кваліфікаванасці тых клубнікаў і бібліятэкараў, што працуюць у гарадскіх і раённых установах культуры. У Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, куды гэтым разам выправіўся ў камандзіроўку, гэтую аксіёму разумеюць. Але пакуль нічога не могуць зрабіць з асноўнай праблемай мясцовага аддзела культуры - кадравай. Бо калі ў сельскай мясцовасці амаль палова клубнікаў і бібліятэкараў - неспецыялісты, дык кожнаму зразумела, што якасць іх работы пакідае жадаць лепшага. Менавіта з-за недахопу высакакласных спецыялістаў у раёне цягам доўгага часу адсутнічае раённы арганізацыйнаметадычны цэнтр, "буксуе" праца па стварэнні новых калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны", не адбываецца ніводнага мерапрыемства абласнога або рэгіянальнага маштабу. Ды і план платных паслуг тут выконваецца пакуль не надта добра... Да таго ж, у раёне вельмі шмат гісторыка-культурных помнікаў, якія могуць зацікавіць не толькі шматлікіх турыстаў, а і патэнцыйных інвестараў. Таму пытанне развіцця аграэкатурызму, прыдарожнага сэрвісу на Бешанковіччыне - адно з найпрыярытэтных. Зразумела, што і сфера культуры магла б займець з гэтага турыстычнага "пірага" важкую капейчыну. Кіраўніцтва Бешанковіцкага райвыканкама ўпэўнена, што без культработнікаў тут проста не абысціся. Словам, кропкі прыкладання сіл вядомыя. А вось на крэатыўныя ідэі пакуль - дэфіцыт.  

 

Народ пытаецца і прапануе  

Зношанасць - 200%

Пытанні і пажаданні па самым разнапланавым ўдасканаленні сферы культуры Бешанковіцкага раёна гучалі з вуснаў як мясцовых жыхароў, так і кіраўніцтва некаторых устаноў культуры.

Вольга Сяргеева, дырэктар Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў: - Самая наша галоўная праблема - старыя музычныя інструменты. Паказчык іх зношанасці - не сто, а ўсе 200 працэнтаў! Ці з'явіцца магчымасць хаця б паступова закупляць новыя інструменты для нашай установы? Да таго ж, школа знаходзіцца ў старадаўнім будынку, якому даўно патрэбны рамонт. Працякае дах, ёсць праблемы з ацяпленнем... Калі вырашацца гэтыя пытанні?

Вадзім, студэнт, г. Бешанковічы: - На канікулах пабываў з сябрамі ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі. Экспазіцыя там, здаецца, не змянялася ўжо гадоў дзесяць, а мо і больш. Ды і не вельмі яна цікавая. Ці будуць яе змяняць і калі?

Сяргей, рабочы, жыхар аграгарадка "Бачэйкава": - У нашым паселішчы знаходзяцца цікавы старадаўні парк, панская сядзіба, шэраг старых будынкаў. Ці будуць іх нейкім чынам выкарыстоўваць? Бо сядзіба стаіць без нагляду і паступова прыходзіць у заняпад, а было б няблага, каб тут адкрыўся нейкі турыстычны аб'ект...

Марына Паўлаўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Нізгалава": - Зрабілі ў нас летась аграгарадок, адрамантавалі клуб, забяспечылі яго новай музычнай апаратурай. Але ж неяк нецікава ў тым клубе: ніякіх змен у змесце працы. Толькі адзін гурток для дзяцей, а на дарослых чаму забыліся? Ведаю, што ў іншых вёсках ладзяць вечары для пажылых, ці нават збіраюць самадзейныя песенныя калектывы... У нас жа гэтага не робяць. Можа, таму, што загадчыца клуба не мае спецыяльнай адукацыі? А працаваць у вясковым клубе, на жаль, не кожны цяпер хоча... Асабліва - моладзь... 

 

/i/content/pi/cult/343/6376/12-1.jpgУсе пытанні, звязаныя з праблемнымі аспектамі развіцця сферы культуры Бешанковіцкага раёна, былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Бешанковіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалай ЗАБЛОЦКІ і начальнік мясцовага аддзела культуры Наталля АПАНАСЁНАК. Наша размова ў райвыканкаме з запланаваных 15-20 хвілін у выніку расцягнулася больш чым на гадзіну.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Мікалай Анатольевіч, якія, на вашу думку, найбольш значныя дасягненні ў сферы культуры раёна за апошні час?

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Раней рэалізацыя творчых праграм у раёне, трэба прызнаць, ішла, так бы мовіць, па астаткавым прынцыпе. Але за апошні час, асабліва ў рамках рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, сітуацыя ў сферы культуры змянілася карэнным чынам. За пяць гадоў уклалі мільярды рублёў у паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы: на будаўніцтва і рамонты аб'ектаў культуры ў аграгарадках. Па-другое, у рамках рэалізацыі Дзяржпраграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў у нас уведзены ў эксплуатацыю Раённы дом культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Пабываў у абноўленым Доме культуры, і быў уражаны яго шыкоўным выглядам...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Гэтае абнаўленне - знакавая падзея для горада і раёна, бо РДК стаў не толькі асяродкам культуры, але і цэнтрам ідэалагічнай, выхаваўчай работы з усімі катэгорыямі насельніцтва, у першую чаргу - з моладдзю. Трэба і далей узмацняць гэтую працу, каб з цягам часу Дом культуры стаўся сапраўдным метадычным цэнтрам развіцця нашай культуры на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, каб супрацоўнікі РДК аказвалі метадычную дапамогу сельскім калегам, у тым ліку і ў развіцці пазабюджэтнай дзейнасці, бо плана платных паслуг ніхто не адмяняў.

Наталля АПАНАСЁНАК: - Паспяховае выкананне плана платных паслуг - даволі сур'ёзнае пытанне. Мы павінны сёлета зарабіць 180 працэнтаў ад леташняга факта - гэта прыкладна 290 мільёнаў. Задача- звышцяжкая, але імкнёмся яе вырашыць.

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Паспяховае выкананне плана залежыць таксама і ад наяўнасці ў СК і СДК раёна сучаснай якаснай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры, камп'ютараў. З гэтым у нас ёсць існуюць пэўныя цяжкасці. Ёсць у нас пытанні і па забеспячэнні музычнымі інструментамі ДШМ і яе філіялаў. Але хачу абавязкова адзначыць, што пра ўсе праблемы старшыня райвыканкама Леанід Пянькоўскі ведае, і заўсёды, па магчымасці, дапамагае аддзелу культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Яшчэ адна праблема, на маю думку,- кадравая (пераканаўся ў гэтым пасля паездкі па раёне): у кожнай наведанай мной установе працуюць неспецыялісты...

Наталля АПАНАСЁНАК: - Сёлета мы падалі заяўкі на сямнаццаць спецыялістаў, па размеркаванні ў раён накіравалі восем чалавек, але, на жаль, прыехалі толькі двое. Астатнія або паступілі ў ВНУ сферы культуры, або павыходзілі замуж і засталіся па месцы жыхарства мужа. Таму робім стаўку на свае кадры. У нас цяпер у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах галіны культуры навучаецца 44 чалавекі. З іх 11 - па мэтавых накіраваннях. Профільную адукацыю завочна атрымліваюць 19 чалавек.

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Сапраўды, якасных кадраў пакуль не стае. Існуе гэтая праблема ў аддзеле культуры, у аддзеле спорту і турызму, у медыцыне...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А чаму маладыя спецыялісты да вас не едуць? У чым тут галоўная праблема: не маеце магчымасці прадаставіць жыллё, альбо супрацоўнікі незадаволены ўзроўнем заработнай платы? Ці ёсць ва ўчарашніх студэнтаў магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць свае задумкі?

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Маё меркаванне такое: спецыяльную адукацыю ў сферы культуры атрымліваюць у асноўным жанчыны. А яны не надта хочуць ехаць у сельскую мясцовасць, бо, натуральна, там менш шанцаў уладкаваць сваё асабістае жыццё, рэалізаваць свой патэнцыял.

Наталля АПАНАСЁНАК: - У наступным годзе чакаем пяць нашых спецыялістаў. Сёлета абнавілі кадры ў бібліятэках, а шмат бібліятэчных супрацоўнікаў паступіла ў ВНУ на завочнае аддзяленне.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - І ўсё ж такі, ці прадастаўляеце жыллё маладым спецыялістам? Бо гэта адно з галоўных пытанняў, якое задаюць выпускнікі на размеркаванні ў ВНУ ці ССНУ...

Наталля АПАНАСЁНАК: - Скажу шчыра, раней жыллёвае пытанне мы вырашалі не заўсёды. Але сёлета далі адно месца ў інтэрнаце таму маладому спецыялісту, што да нас прыехаў: гэта сямейны хлопец, ён будзе працаваць у РДК. Яшчэ адна дзяўчына, сёлетняя выпускніца, праблем з жыллём не мае: жыве ў бацькоў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Але чаму такая невялікая колькасць тых, хто пажадаў працаваць у раёне: усяго два чалавекі? Магчыма, у гэтым, акрамя вырашэння жыллёвых пытанняў, адыграла сваю ролю і недапрацоўка спецыяліста па кадрах аддзела культуры. Бо, вядома ж, трэба не толькі бываць на размеркаваннях, але і "змагацца" за кожнага выпускніка, гутарыць з выкладчыкамі, прарэктарамі, вызначаць патэнцыйнага спецыяліста ўжо на 3- 4 курсах ВНУ, і нават прыглядацца да іх яшчэ тады, калі яны займаюцца ў гуртках або ў калектывах мастацкай самадзейнасці пры РДК ці на сяле...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Згодны. Наконт прапаганды, рэкламы нашага раёна для будучых спецыялістаў аддзелу культуры яшчэ шмат трэба зрабіць. Напрыклад, задзейнічаць для гэтага Інтэрнэт: сёння многія шукаюць будучае месца працы з дапамогай гэтага інфармацыйнага рэсурсу. І трэба сустракацца з рэктарамі, прарэктарамі навучальных устаноў, рэкламаваць наш рэгіён, расказваць пра нашы магчымасці. А яшчэ магу адзначыць, што там, дзе адбываецца будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці, - гэта ў першую чаргу аграгарадкі, - работнікі культуры з жыллёвымі праблемамі ў райвыканкам не звярталіся: хтосьці пабудаваў кааператыў, нехта мае сваё жыллё...

Наталля АПАНАСЁНАК: - Як ужо казала, толькі сёлета з'явілася магчымасць прадаставіць жыллё маладым спецыялістам, якія прыходзяць працаваць у сферу культуры. І старшыня Бешанковіцкага райвыканкама паабяцаў выдаткоўваць яго і ў далейшым. Таму ў наступным годзе, калі паедзем на размеркаванне, можна ўжо будзе казаць, што жыллё маладым спецыялістам у раёне будзе прадастаўлена.

/i/content/pi/cult/343/6376/13-2.jpgЮрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - А што да грашовага складніка? Ці ёсць магчымасць заахвоціць таго ж маладога спецыяліста?

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Зыходзім з наяўных магчымасцей у рамках як бюджэтнага фінансавання, так і таго пазабюджэту, які маем. Да таго ж, як вядома, на Віцебшчыне дзейнічае пастанова аблвыканкама аб даплаце бібліятэчным работнікам, што, безумоўна, дадае стымулу ў працы.

Наталля АПАНАСЁНАК: - Бібліятэкары і да гэтага ў нас працавалі якасна і на добрым узроўні, але цяпер і гараджане, і вяскоўцы імкнуцца набыць бібліятэчную прафесію. І больш ахвотных паступаць менавіта ў ВНУ, павышаць сваю кваліфікацыю ў бібліятэчнай сферы. Бо людзі ведаюць: ад гэтага залежыць іхняя зарплата. Таму кадравага "голаду" ў бібліятэчнай сістэме амаль не адчуваецца, а вось у клубах з кадрамі сапраўды праблема: калі вызваляецца месца загадчыка СК, дык знайсці на гэтую вакансію патрэбнага чалавека досыць праблематычна.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Маю прыклад: у аграгарадку "Нізгалава" ўжо восьмы год загадчыкам клуба працуе неспецыяліст, які вядзе ўсяго толькі адзін гурток па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. А клуб гэты знаходзіцца ў аграгарадку, дзе праца павінна быць узорнай і разнастайнай... Можна было б арганізаваць гурток для пажылых людзей ці нават паспрабаваць сабраць самадзейны калектыў...

Наталля АПАНАСЁНАК: - У тым паселішчы пражывае няшмат жыхароў - усяго каля 200, - і для загадчыцы клуба, якая працуе там адна, на маю думку, дастаткова і гэтага гуртка. А чалавек са спецыяльнай адукацыяй у тую маленькую вёсачку працаваць не пойдзе. Тым больш, летась там закрылі базавую школу.

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Але ўсё адно, Наталля Мікалаеўна, трэба выходзіць на нейкія новыя формы працы і ў гэтым аграгарадку, ды і ў іншых таксама. Жыццё таго патрабуе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - На мой погляд, як у горадзе, так і на сяле не хапае разнастайных цікавых мерапрыемстваў. У тым ліку - і на платнай аснове. Прычына - і ў адсутнасці ў Бешанковічах раённага арганізацыйнаметадычнага цэнтра, які мог бы курыраваць метадычную работу, займацца распрацоўкамі сцэнарыяў да разнастайных мерапрыемстваў, ладзіць семінары для клубнікаў... У Бешанковічах ёсць толькі метадычны аддзел, створаны на базе РДК, але ж супрацоўнікаў там небагата, і поўнасцю кантраляваць сітуацыю ў сельскіх клубах яны проста не ў стане. Дарэчы, пра адсутнасць метадцэнтра на Бешанковіччыне "К" пісала некалькі гадоў таму. Але сітуацыя пакуль так і не змянілася...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - РМЦ у нас сапраўды адсутнічае, але менавіта з-за агучанай ужо кадравай праблемы: на сёння мы не маем дастаткова спецыялістаў, каб зрабіць асобную структуру для метадычнай падтрымкі клубных работнікаў. Бо стварэнне метадцэнтра павінна ісці ад рэальнага жыцця: калі мы будзем бачыць, што ў нас ёсць касцяк высакакласных спецыялістаў, здольных займацца метадычнымі распрацоўкамі, дык такая асобная структура ў нас абавязкова з'явіцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Раён па-ранейшаму не мае іміджавага мерапрыемства абласнога або рэгіянальнага ўзроўню... Між тым, брэндавасць раёна, магчымасць напоўніцу рэалізаваць сябе адыгрываюць не апошнюю ролю ў выбары месца працы для кожнага маладога спецыяліста.

Мікалай ЗАБЛОЦКІ:  - Цалкам згодны. Даўно наспеў час, Наталля Мікалаеўна, задумацца пра ўласны брэнд, зладзіць знакавы фестываль... Мы прапрацоўвалі гэтае пытанне, і думаем, што хутчэй за ўсё брэндам нашага раёна будуць разнастайныя тэатралізацыі на гістарычную тэматыку. Напрыклад, у тым жа аграгарадку "Астроўна": менавіта каля гэтага паселішча адбылася ў 1812 годзе вядомая бітва паміж рускімі і французскімі войскамі, якую апісаў у творы "Вайна і мір" Леў Талстой. Мы ўключылі гэтае паселішча ў турыстычны маршрут, і я ўпэўнены, што ён зацікавіць не толькі жыхароў раёна, але і замежных гасцей.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Яшчэ адно пытанне, якое востра стаіць перад аддзелам культуры, - транспартнае. Каб выканаць план платных паслуг, трэба выязджаць за межы раёна з абменнымі канцэртамі. А на Бешанковіччыне нават аўтаклуба няма...

Наталля АПАНАСЁНАК: - Нашы калектывы пастаянна наведваюць са сваімі канцэртнымі праграмамі суседнія райцэнтры Віцебшчыны: Шуміліна, Чашнікі, Сянно ды іншыя. Але, канешне ж, нам хацелася б займець для выездаў сучасны транспарт. Бо тая "газель", якую мае аддзел культуры, - дзесяцігадовага веку. А што да закупкі машыны для аўтаклуба, дык у гэтым нам абяцала дапамагчы вобласць. Але грошы, на жаль, нам так пакуль што і не пералічылі...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Патрэбны новы транспарт, гэта бясспрэчна. Але, наколькі я ведаю, агучаная транспартная праблема існуе не толькі ў нашым раёне - яна ёсць у большасці раёнаў Віцебшчыны, ды і, пэўна, па ўсёй рэспубліцы. Планавалі вырашыць пытанне сёлета, але з-за скарачэння фінансавання адклалі задуманае на наступны год.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Яшчэ адно пытанне - таксама ў рэчышчы брэндавасці і павышэння іміджа раёна. Гаворка, у першую чаргу,- пра развіццё турызму. Пабываў у аграгарадках "Бачэйкава", "Нізгалава", дзе ёсць сядзібы XVIII - XIX стагоддзяў, старадаўнія паркі, цэрквы... Гэтыя паселішчы, як і некаторыя іншыя ў Бешанковіцкім раёне, маюць вялікі турыстычны патэнцыял...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Наш раён уключаны ў адпаведныя маршруты, і ў нас сапраўды ёсць што паглядзець. Да прыкладу, у згаданым Астроўне абласное ўпраўленне культуры пры нашым непасрэдным удзеле плануе ладзіць тэатралізаваныя прадстаўленні. Таму я ўпэўнены: у бліжэйшы час турыстаў на Бешанковіччыне паболее. Але пагаджуся з тым, што тут у нас яшчэ, як кажуць, неўзаранае поле для дзейнасці.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Той жа аграэкатурызм мог бы паспрыяць і развіццю сферы культуры. Можна наладзіць супрацоўніцтва з прыватнікамі і арганізоўваць на базе аграсядзіб выступленні творчых калектываў, майстар-класы народных майстроў, тэатралізацыі... Натуральна - на платнай аснове...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - І гэта таксама ёсць у нашых планах. Пакуль у раёне - сем аграсядзіб, але іх колькасць, упэўнены, будзе павялічвацца. Трэба яшчэ шмат што зрабіць: размяшчаць больш інфармацыі пра наш раён у Інтэрнэце, павялічваць колькасць прыдарожнай рэкламы... І аб'екты культуры абавязкова будуць уключаны ў турыстычныя маршруты, а мясцовыя культработнікі будуць задзейнічаны пры абслугоўванні заезджых турыстаў. Гэткім чынам заб'ём двух зайцоў: будзем рэкламаваць культурныя каштоўнасці Бешанковіччыны і зарабляць грошы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Зноў вярнуся да сядзіб у Бачэйкаве і Нізгалаве. На жаль, некаторыя з гэтых старадаўніх будынкаў знаходзяцца на сёння ў непрывабным стане. Напрыклад, былы панскі флігель у Нізгалаве патрабуе неадкладнага рамонту: у ім абваліўся дах. Догляд і рамонт патрэбны сядзібе ў Бачэйкаве... Ці плануецца перадача гэтых аб'ектаў інвестарам, прыватным уладальнікам? Яны маглі б і даглядаць за гэтымі старадаўнімі будынкамі, і стварыць на іх базе аграэкасядзібы або адкрыць аб'екты прыдарожнага сэрвісу... Карысць была б для ўсіх...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Аддзел эканомікі райвыканкама размясціў усю неабходную інфармацыю для патэнцыйных інвестараў у Інтэрнэце. Але пакуль гэтай магчымасцю ніхто не скарыстаўся. Што да даху былога флігеля ў Нізгалаве, дык адрамантуем яго сваімі сіламі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Якія першачарговыя задачы, Мікалай Анатольевіч, акрамя ўжо агучаных, стаяць перад аддзелам культуры райвыканкама?

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Па-першае, аддзелу культуры трэба выйсці на больш высокі ўзровень у вобласці па ўсіх паказчыках, у першую чаргу - у творчым аспекце. Патрэбна, каб нашы калектывы былі годна прадстаўлены ў абласных мерапрыемствах, каб яны пастаянна выязджалі за межы раёна, каб іх запрашалі для ўдзелу ў тым жа "Славянскім базары ў Віцебску", у іншых міжнародных фестывалях. Другое, над чым неабходна працаваць, - дык гэта над стварэннем калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны". Трэба, каб іх было больш.

Наталля АПАНАСЁНАК: - На сённяшні дзень у раёне іх дванаццаць... Цяпер працуем з калектывам аграгарадка "Вярхоўе", каб цягам бліжэйшага часу выйсці з ім на абарону звання.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Не так далёка ад вас, у Пастаўскім раёне, кіраўніцтва мясцовага аддзела культуры паставіла сабе задачу-максімум: стварыць у кожным аграгарадку калектыў са званнем...

Мікалай ЗАБЛОЦКІ: - Цікавая задача. Але і нашы дванаццаць калектываў са званнямі - гэта таксама не мала. Натуральна, хочацца, каб іх было больш... Па-трэцяе, трэба, на маю думку, каб у кожным аграгарадку абавязкова ладзіліся забаўляльныя культурна-масавыя мерапрыемствы, у якіх, натуральна, былі задзейнічаны работнікі сферы культуры. Няхай гэта будзе такое свята аграгарадка. Цяпер аддзел культуры працуе над тым, каб у Бешанковічы прыязджалі калектывы з усіх куткоў нашага раёна і выступалі ў РДК. Трэба, Наталля Мікалаеўна, рабіць і наадварот: выязджаць у раён і ладзіць там відовішчныя мерапрыемствы. Тым больш, усе ўмовы для гэтага ў аддзела ёсць. І апошняе: паляпшэнне матэрыяльнай базы гарадскіх устаноў культуры - у дзіцячай школе мастацтваў, у Раённым доме рамёстваў, у гісторыкакраязнаўчым музеі, а таксама закупка транспарту для аддзела культуры. Гэта асноўныя накірункі працы... Рамонтныя работы ў ДШМ хацелі зрабіць ужо сёлета, але з-за неспрыяльных эканамічных умоў гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. Усе праблемы, звязаныя з матэрыяльнай базай гарадскіх устаноў культуры, будзем улічваць пры фарміраванні бюджэту на наступны год, і калі не ўсе, дык частку з іх абавязкова закрыем у 2012 годзе. 

 

Дэталь да агульнай карціны

Галерэя ў старадаўняй сядзібе

"Нізгалава" - невялікі аграгарадок прыкладна за 25 кіламетраў ад Бешанковічаў. Менавіта тут, у былой сядзібе роду Мядвецкіх, распачаліся рамонтныя работы, каб прыстасаваць гэты будынак пад выставачную залу Бешанковіцкага гісторыкакраязнаўчага музея.

- Базавую школу ў аграгарадку, якая месцілася ў гэтым старадаўнім будынку, летась закрылі, - патлумачыла мне дырэктар раённага музея Ганна Берасцень. - І каб будынак не пуставаў, было вырашана размясціць тут выставачную залу. Пакуль што мы арандуем сядзібу ў аддзела адукацыі, але ў хуткім часе будынак будзе цалкам перададзены на баланс аддзела культуры...

Пасля завяршэння рамонтных работ у старадаўнім будынку размесцяцца пастаянныя экспазіцыі пад назвай "Беларуская хата" і "Рамёствы і промыслы Бешанковіцкага раёна". Ужо цяпер тут выстаўлены разнастайныя прадметы сялянскага побыту, а з цягам часу ў пакоях былой школы з'явяцца вырабы з гліны, рэчы ткацкага, кавальскага і бондарскага майстэрства ды многае іншае.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"