Вы чулі, як спяваюць сонца і перліны?

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Творчая перамога

/i/content/pi/cult/343/6373/13-1.jpg

Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна працягваюць папаўняць скарбонку творчых перамог. 9-гадовая Ліза Мураўёва стала лаўрэатам у Македоніі, крыху раней 11гадовая Насця Кандаурава прывезла Другую прэмію з Балгарыі. 

- Я вельмі задаволена дзяўчатамі,- прызналася мастацкі кіраўнік цэнтра імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка. - На конкурсе Насця аказалася ў сваёй намінацыі самай малодшай - там былі падлеткі да 14 гадоў. Але не разгубілася, спявала з настроем, несла ў залу "Сонца, радасць, прыгажосць" - менавіта так называўся гэты Міжнародны дзіцячы фестываль. І другое месца сярод прадстаўнікоў 11-ці краін свету - гэта папраўдзе вельмі значная перамога.

- Пэўна, дапамог і рэпертуар. Песні вы стваралі менавіта для яе?

- Рок-н-рол "Ой, хутчэй бы вырасці!" з маёй музыкай і словамі пісаўся не проста для Насці, а яшчэ і пра яе саму! Нават у аранжыроўцы былі выкарыстаны словы ейных мамы і таты, якія клічуць дачку дадому - вучыць урокі. А другой песняй сталася мая "Жняя" паводле Янкі Купалы - гэткі фолькмадэрн, які Насці таксама пасуе.

Адметнымі кампазіцыямі скарыла публіку і журы таксама Ліза Мураўёва - на VIII Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юначай творчасці "Язерскі жэмчуг". Прынамсі, гэтая перамога ў дзяўчынкі - ужо 11-я па ліку.

 - Уся Македонія ёй падпявала! - узрушана распавяла маці юнай зорачкі. - Галаканцэрт адкрыцця трансліраваўся па Першым Нацыянальным канале Македоніі на некалькі краін. І калі Ліза выйшла з песняй Сяргея Білава "Белым-бела" - пра Беларусь, пра любоў да сваёй краіны, а ўся зала стала ёй падпяваць, я ледзь не заплакала... У конкурснай праграме яна выконвала дзве іншыя песні, але абедзве - беларускіх аўтараў: "Неба цераз край" Сяргея Калеснікава і "Хачу на Багамы" Святланы Стацэнка.

- Гэта былі незабыўныя дзесяць дзён! - дадала Ліза. - Горад на беразе возера, горы, лес... Акрамя конкурсу, былі і канцэрты, і экскурсіі. Я пасябравала з дзяўчынкай з Румыніі. І хутка, думаю, сустрэнуся з ёй. Бо на тым конкурсе мяне запрасілі яшчэ на тры: у Румынію, Расію і зноў у Македонію.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"