Летуценны вобраз Шагала

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Новым адметным экспанатам папоўніўся Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, да святкавання 125 годдзя з дня нараджэння сусветна вядомага мастака Марка Шагала, што будзе шырока адзначацца праз колькі месяцаў, музей атрымаў у падарунак ад генеральнага партнёра скульптуру аўтарства Святланы Гарбуновай “Мастак і горад. Марк Шагал”.

Па словах скульптара, праца над стварэннем вобраза Марка Шагала доўжылася цягам cямі гадоў. Пад час урачыстай цырымоніі перадачы работы Нацыянальнаму мастацкаму музею Святлана Гарбунова адзначыла, што ідэя стварэння адмысловага помніка Шагалу з'явілася ў яе ўдалечыні ад Радзімы. У прыватнасці, творамі майстра скульптар зацікавілася пад час вандроўкі па ЗША ў 1987 г. Сваю ж працу над праектам яна скончыла ў 1994-м. Пасля гэтага работа ўвесь час знаходзілася ў прыватнай калекцыі аўтара.

Творца імкнулася стварыць вобраз маладога Шагала, які ўзвышаецца над сваім родным Віцебскам з пэндзлем у руцэ, нібыта малюючы яго.

Як адзначыў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, скульптура "Мастак і горад. Марк Шагал" будзе ў найбліжэйшы час змешчана ў экспазіцыі сучаснага мастацтва НММ, дзе яе зможа ўбачыць кожны знаўца і аматар беларускай культуры.  

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"