У прасторы “чалавечых арыенціраў”...

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

12 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэс-канферэнцыя ў рамках Рэспубліканскай выстаўкі манументальнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/342/6364/2-2.jpg

Тэма канферэнцыі - "Стан і перспектывы развіцця манументальнага мастацтва (скульптура, жывапіс, габелен і г. д.) Рэспублікі Беларусь". У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, народны мастак Беларусі Іван Міско, старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Вольга Лукашук, старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства БСМ Барыс Крэпак.

Уладзімір Карачэўскі азнаёміў з планам мерапрыемстваў выстаўкі манументальнага мастацтва, у які ўваходзяць рэтраспектыва манументальнага мастацтва ўсіх рэгіёнаў Беларусі за 20 гадоў (у фотаздымках), што адкрылася 13 верасня ў галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі; выстаўка членаў секцый манументальнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў "Палацы мастацтваў" БСМ (кастрычнік); выстаўка твораў студэнтаў і выкладчыкаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў БДАМ (кастрычнік); экспазіцыя твораў у духоўных і рэлігійных аб'ектах у Храме-помніку ў гонар Усіх Святых (кастрычнік); размяшчэнне выяў лепшых твораў на біг-бордах у Мінску і г. д.

У лістападзе - снежні плануецца правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па выніках выстаўкі. На прэс-канферэнцыі адбылася сур'ёзная размова пра сучаснае манументальнае мастацтва ў краіне, пра перспектывы яго развіцця ў бліжэйшы час і пра вострыя праблемы, што сёння існуюць у гэтай прасторы "чалавечых арыенціраў", як можна назваць гэтае сацыяльна найважнейшае мастацтва з усіх іншых выяўленчых мастацтваў.