На “Анімаёўцы-2011” перамог “Кінематограф”

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Стужка польскага аніматара Томека Багінскага “Кінематограф” стала ўладальніцай Гран-пры XIV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”, што завяршыўся на гэтым тыдні ў Магілёве. Міжнароднае журы форуму на чале з Марэкам Ходачынскім адзначыла высокі мастацкі ўзровень фільма і амаль аднагалосна вынесла рашэнне аддаць першае месца зробленай у фармаце ЗD драматычнай гісторыі аб вынаходніцтве кінематографа.

 

/i/content/pi/cult/342/6361/3-1.jpgXIV Міжнародны фестываль у пэўным сэнсе стаў пераломным. Госці форуму адзначылі яго высокі арганізацыйны ўзровень і рост, а старажылы "Анімаёўкі" - вырашальнасць моманту, пад час якога вызначаецца далейшы лёс адзінага на Беларусі фестывалю анімацыйных фільмаў.

Сёлета геаграфія краін-удзельніц дасягнула нават Канады: 111 стужак з 20 краін свету былі прэзентаваны на фестывалі. Пашырыліся і межы прадстаўнічасці журы: гэтым разам у яго склад упершыню ўвайшлі кінематаграфісты з Азербайджана, Ірана і Польшчы.

Радавала разнастайнасцю і праграма магілёўскага фэсту: адмысловыя анімацыйныя праграмы чаргаваліся з канцэртамі, выстаўкамі, тэатральнымі прадстаўленнямі, майстаркласамі і творчымі сустрэчамі. Што да апошніх, сапраўдным падарункам для гледачоў "Анімаёўкі-2011" стаў прыезд юнай актрысы Аліны Кукушкінай - Машы з вядомага расійскага мультсерыяла "Маша і мядзведзь". На адмысловай творчай сустрэчы разам з рэжысёрам-сцэнарыстам Дзянісам Чарвяцовым Аліна раскрыла зацікаўленай публіцы сакрэты анімацыйнай "кухні" папулярнага серыяла і падзялілася новымі творчымі планамі.

Без увагі маленькіх гледачоў таксама не засталіся і беларускія героі: Мядзведзяня Топа з "Калыханкі" ды ПацаВаца з тэлеперадачы "Мультыклуб". Артысты Уладзімір Варанкоў і Аляксандр Купрыянаў стварылі на сцэне яскравы дуэт, здольны ўзрадаваць і рассмяшыць нават самую няўсмешлівую публіку, і іхні удзел таксама паўплываў на агульную атмасферу форуму.

"Анімаёўка-2011" ахапіла не толькі гарады Магілёўскай вобласці, але і Мінск: з майстар-класам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выступіў расійскі рэжысёр, мастак-пастаноўшчык, аніматар Эдуард Бяляеў. А вядомы стваральнік мультыплікацыйнага героя Антошкі - прафесар, выкладчык ВГИКа, рэжысёр-аніматар Леанід Носыраў наведаў Бабруйск.

І зноў навацыя, вартая ўвагі. З'яўленне ў асноўным конкурсе яшчэ аднаго спаборніцтва - дзіцячых анімацыйных фільмаў "Я не чараўнік, я толькі вучуся..." - было ўхвалена ўсімі экспертамі кінафоруму. Як ні было б складана ацэньваць анімацыйныя работы, створаныя дзецьмі, усё ж увядзенне спецыяльнага конкурсу, у якім могуць спаборнічаць менавіта яны - будучыя аніматары, - знаходка, што можа стаць адметнасцю фестывалю.

Дарэчы, пераможцамі сёлетняга конкурсу "Я не чараўнік, я толькі вучуся..." сталі выхаванцы дзіцячай студыі "Мы - ёсць!" з Мінска: Аксана Хомчанка, Ігнат Галаенка, Кірыла Барткевіч, Кіра Ліпоўская, Марына Цімафеева, Валодзя Шчарбін, Саша Янушка і Аліна Стралец. Іхняя жартаўлівая стужка "Дзіўныя хлопчыкі" пра хлопцаўабібокаў пераканаўча заваявала сімпатыі журы. І - пацвердзіла годны мастацкі ўзровень беларускіх аніматараў нават у дзіцячым узросце.

 

P.S. "Круглы стол" "Анімацыя як індустрыя: праблемы і перспектывы", ініцыяваны газетай "Культура", які адбыўся ў межах "Анімаёўкі" з удзелам гасцей і гаспадароў форуму, таксама можна назваць яшчэ адной адметнасцю сёлетняга фэсту. Матэрыял чытайце ў бліжэйшых нумарах "К".  

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"