“Арткінаплакат”

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Сучасным мастакам-дызайнерам выпаў шанц наноў прыдумаць плака да лепшых класічных стужак беларускага кінамастацтва.

Днямі было аб’яўлена аб пачатку рэспубліканскага конкурсу “Арткінаплакат”, удзельнікі якога якраз і павінны стварыць постары да беларускай кінакласікі. Арганізатары, сярод якіх — Міністэрства культуры краіны, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Музей гісторыі беларускага кіно, абяцаюць паказаць плакаты-пераможцы ў Дзень беларускага кіно — 17 снежня, — а таксама выплаціць іх аўтарам грашовыя прызы.

Як паведамілі “К” у прэс-службе Нацыянальнай кінастудыі, мэтай “Арткінаплаката” з’яўляецца прадстаўленне новага бачання гісторыі беларускага кінамастацтва. Па ўмовах конкурсу, яго ўдзельнікамі могуць быць усе ахвотныя, а таксама — калектывы і арганізацыі. Канкурсанты маюць магчымасць абраць тэмай сваіх работ беларускі ігравы фільм, выпушчаны на экраны за ўсе гады існавання нацыянальнага кінематографа. Заяўкі на ўдзел у “Арткінаплакаце” прымаюцца да 15 кастрычніка, а да 15 лістапада арганізатары чакаюць работы ў раздрукаваным выглядзе.

Дарэчы, усе дапушчаныя да спаборніцтва творы будуць размешчаны ў Інтэрнэце, а той, што спадабаецца карыстальнікам Сусветнага павуціння больш за іншыя, атрымае прыз пад інтрыгуючай назвай “За!”.