Пра пажар у “Дудутках”. І не толькі…

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Хроніка і каментарый з прычыны сумнай падзеі

/i/content/pi/cult/342/6356/7-1.jpgПасля таго, як па ўсіх інфармацыйных каналах краіны прайшла звестка пра тое, што 10 верасня ў Музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі" адбыўся пажар, "К" звярнулася па інфармацыю да галоўнага спецыяліста Цэнтра прапаганды і навучання Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксея Рака.

У адказ на адрас рэдакцыі паступіў ліст, дзе паведамлялася наступнае:

"10.09.2011 у 20.38 у Цэнтр аператыўнага ўпраўлення Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ад вартавога Музейнага комплексу "Дудуткі" паступіла паведамленне аб пажары ў будынку Музейнага комплексу Гандлёва-вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", размешчанага па адрасе: Пухавіцкі раён, Навапольскі сс, в. Пціч.

/i/content/pi/cult/342/6356/7-2.jpgПа прыбыцці да месца выкліку ў 20.54 аддзялення на аўтацыстэрне на пажарны аварыйна-ратавальны пост № 12 Пухавіцкага РАНС было ўстаноўлена, што гараць адкрытым полымем частка даху з бітумнай чарапіцы па драўлянастружкавых плітах і памяшканні ў мансардным паверсе двухпавярховага будынка Музейнага комплексу. Работнікамі аб'екта з памяшкання захоўвання рэтрааўтамабіляў эвакуіравана (выкацілі ўручную) 10 рарытэтных аўтамабіляў.

Будынак Музейнага комплексу - 1992 года пабудовы, двухпавярховы (першы паверх - цэгла, другі паверх - мансардны), памерам у плане 17х19 м, вышынёй 8 м, дах - бітумная чарапіца, пакладзеная па драўляна-стружкавай пліце. У 2010 годзе праведзена пераабсталяванне паддашкавага памяшкання над часткай будынка ў мансардны паверх. Будынак устаноўкамі пажарнай аўтаматыкі не абсталяваны, у мансардным паверсе ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (іх спрацоўвання ніхто не пачуў).

10.09.2011 да 23.00 кафэ "Дудуткі" было арандавана для правядзення вяселля. /i/content/pi/cult/342/6356/7-3.jpg

У выніку пажару агнём зніштожаны дах і драўлянае столевае перакрыццё на плошчы 600 кв. метраў, выгарэлі знутры памяшканні, што знаходзіліся на першым паверсе будынка (хлебапякарня, пакой, дзе захоўваліся рэтрааўтамабілі, рамонтная і сталярная майстэрні), этнаграфічная галерэя, што месцілася ў мансардным паверсе. Зніштожаны аўтамабіль "Хорьх" (1930-х гадоў выпуску), экспанаты народных рамёстваў, духавая шафа ў памяшканні хлебапякарні, змешвальная машына для прыгатавання пякарных вырабаў, 8 станкоў (6 дрэваапрацоўчых, фрэзерны, свідравальны). Пацярпелых няма.

Гістарычнай каштоўнасці будынак і зніштожаныя экспанаты, акрамя аўтамабіля "Хорьх", не маюць.

Прычына пажару высвятляецца.

З пачатку года ў Мінскай вобласці ўжо адбылося 976 пажараў у жылым сектары (даныя на 13 верасня 2011-га). Загінула 211 чалавек, з іх - адно дзіця".

Як вынікае з ліста, пажар у "Дудутках" прывёў да шматлікіх матэрыяльных страт. Ці можна было яго пазбегнуць? Па каментарыі "К" звярнулася да дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святланы ЛАКОТКА. Як вядома, менавіта ў гэтым найбуйнейшым скансэне на тэрыторыі нашай краіны размешчаны драўляныя гістарычныя пабудовы, кожная з якіх - унікальная. Таму цалкам зразумела, што пытанне пажарнай бяспекі ў музеі - найгалоўнейшае.

- Самае важнае для ліквідацыі пажару, - зазначыла Святлана Лакотка, - гэта найхутчэйшы прыезд на месца здарэння пажарнай брыгады. Як бачна, у выпадку пажару ў "Дудутках" пажарная брыгада прыехала досыць хутка, але ўсё роўна гэта заняло пэўны час. А пры нашай ўстанове з 2007 года працуе пажарнае дэпо, у якім знаходзяцца два пажарныя аўтамабілі і кругласутачна дзяжураць пятнаццаць пажарных, бо мы заключылі дагавор аб бязвыплатным выкарыстанні гэтага будынка абласным МНС. Пагадзіцеся, магчымы пажар у нашым музеі будзе ліквідаваны нашмат хутчэй. Да таго ж, на любым маштабным мерапрыемстве, што праводзіцца на тэрыторыі музея, пастаянна дзяжурыць пажарная машына.

- Яшчэ адно набалелае пытанне - устаноўка аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. Ці забяспечаны ёй аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі музея? Бо менавіта з іх дапамогай можна прадугледзець розныя магчымыя пазаштатныя сітуацыі... - На жаль, у нас сродкамі АПС абсталяваны толькі аб'ект "Карчма" і будынкі адміністрацыйнага корпуса. Устаноўка АПС ва ўсіх аб'ектах музея - наступная наша задача, якая патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, а грошай на сёння наша ўстанова не мае. Але мы паступова вырашым гэтую праблему. Пакуль што знаходзім выйсце з гэтай сітуацыі наступным чынам: на кожным музейным аб'екце арганізавана пастаяннае дзяжурства музейных наглядчыкаў, якія пільна сочаць за пажарнай сітуацыяй на сваіх рабочых месцах.

- Што яшчэ робіце па прадухіленні пазаштатных сітуацый?

- Мы забаранілі курэнне на ўсёй тэрыторыі музея і абсталявалі некалькі спецыяльных месцаў, дзе наведвальнікі могуць курыць без рызыкі для нашых аб'ектаў. Па ўсім музейным перыметры маем спецыяльныя шчыты з адпаведным супрацьпажарным інвентаром і пяском. Таксама ў нас ёсць падземныя рэзервуары з вадой, адкуль, у выпадку пажару, можна будзе яе браць у дастатковай колькасці. Перыядычна перазараджаем і купляем новыя вогнетушыцелі, а каб зменшыць пажаранебяспечную сітуацыю, пастаянна выкошваем траву каля нашых помнікаў архітэктуры. Валанцёрскія брыгады, якія штогод працуюць у музеі, выкарыстоўваюць спецыяльныя прэпараты для зніштажэння расліннасці, а таксама ўбіраюць сухую траву...

І яшчэ. Мы маем шмат музейных будынкаў, якія прамочаны спецыяльным саставам, што перашкаджае гарэнню агню. Іншая справа, што патрабуецца пастаяннае, раз у некалькі гадоў, паўторнае прамочванне. На жаль, гэта вельмі дарагая працэдура, і на яе грошы знаходзяцца не заўсёды.

Усе гэтыя меры ў комплексе дазваляюць нам быць больш-менш спакойнымі за стан пажарнай бяспекі ў музеі. Напрыканцы зазначу, што за ўвесь час працы нашага музея пажару ў нас ніколі не было...

■ ■ ■

Не магу пакінуць матэрыял і без асабістага каментарыя. Пажарная бяспека ва ўстановах, падобных да "Дудуткаў" і Беларускага музея народнай архітэктуры і побыту, павінна заўсёды знаходзіцца на кантролі. І не важна, дзяржаўная гэта ўстанова ці прыватная. У музеях пад адкрытым небам пастаянна ладзяцца разнастайныя масавыя мерапрыемствы, там заўсёды бывае шмат людзей... Ці маем мы права рызыкаваць іхнімі жыццямі?

 Фотаздымкі прадастаўлены ў рэдакцыю Мінскім абласным упраўленнем МНС Рэспублікі Беларусь

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"