Здыміце маскі, спадары!

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — “Севільскі цырульнік” Дж.Расіні. Новы, прэм’ерны! Меркаванні публікі падзяліліся: хтосьці прымае спектакль на ўра, іншыя, з такой жа безапеляцыйнасцю, — адмаўляюць. Чаму ж такая палярнасць поглядаў?

/i/content/pi/cult/342/6354/8-1.jpg

 

Цяперашняе ўвасабленне гэтай оперы куды больш "італьянскае" за ўсе ранейшыя на нашай сцэне. Яно - на мове арыгінала замест перакладу на рускую, з італьянскім дырыжорам-пастаноўшчыкам Джанлука Марчыяна, з пераносам дзеяння ў Венецыю замест іспанскай Севільі, нарэшце, у жанры камедыі дэль артэ, што нарадзіўся на італьянскай карнавальнай глебе. Няўжо і сапраўды да італьянскай лёгкасці ані не дадалося беларускай эпічнасці?

На справе - дадалося многа чаго, і не толькі ўласна беларускага. Галоўная фішка спектакля ў тым, што кожны з пастаноўшчыкаў маляваў у ім "сваю" Італію. Дырыжор, паводле яго выказвання ў тэатральным буклеце, - жыццярадасную, сонечную, ззяючую, прасякнутую задорам, асаблівым расініеўскім "светлым" гукам. Рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ і мастак Аляксандр Касцючэнка, наадварот, вырашылі не звяртацца да той "параднай, заможнай, пафаснай Венецыі", якую звычайна дэманструюць турыстам, і перанеслі дзеянне ў адзін з "бедных ці то двароў, ці то кварталаў Венецыі" - менавіта такім мы бачым часцяком замежжа ў тэленавінах. У шэры, змрочны, завешаны бялізнай і панталонамі двор-калодзеж, быццам "пазычаны" ў Дастаеўскага, завітваюць вандроўныя акцёры, каб прапанаваць камедыю, разлічаную на густы тамтэйшай публікі. У іх герояў-масак шмат наўмысных перабольшванняў, згушчаных фарбаў, і да рамантычнай гісторыі кахання, якую мы чуем у выкананні найлепшых беларускіх майстроў бельканта, дадаецца антырамантычны, як у тэатры Меерхольда, кірунак - гэткія кпіны над сардэчнымі ўздыхамі. Можа, менавіта таму не прынялі гэтую пастаноўку- даволі цікавую, арыгінальную - многія знаўцы оперы?

/i/content/pi/cult/342/6354/82.jpgСамо па сабе сумяшчэнне несумяшчальнага, спалучэнне найпрыгожай светлай музыкі з пазбаўленым ідыліі відовішчам- прыём, апошнім часам даволі распаўсюджаны. Дзейнічае ён папраўдзе безадмоўна. Калі пад музыку, што сімвалізуе мары пра хуткае шчасце, разыгрываецца непапраўная трагедыя, эмацыйнае ўзрушэнне забяспечана. У цяперашнім "Севільскім..." прыём дзейнічае па тых жа законах - і выклікае непрыняцце таго, што парушае расініеўскую гармонію. Тым больш, што ўжо ва ўверцюры намаганнямі Дж.Марчыяна паўстае столькі нов а г а ! Аркестр г у ч ы ц ь так, быццам гэта нейкая незнаёмая рэдакцыя з іншай аркестроўкай: у некаторых момантах на першы план выходзяць тыя інструментальныя лініі, пра існаванне якіх мы маглі і не здагадвацца. А што за галасы! Шыкоўны лірычны тэнар Юрыя Гарадзецкага так і ляціць да сэрцаў слухачоў прызнаннем у каханні - спявак жа ў гэты час здзекуецца над цацачным сэрцайкам, працінаючы яго купідонавай стралой.

Пэўна, шкадавання было б менш, калі б такія парадыйныя мізансцэны выконваліся характарнымі, а не лірычнымі артыстамі. Ці каб выканаўцы часцей здымалі маскі, чаргуючы пародыю з кранальнасцю пачуццяў. Апошні прыём, прынамсі, ужо закладзены ў рэжысуры спектакля! Артысты двойчы здымаюць маскі, ідуць насустрач зале, спыняючыся на борціку аркестравай ямы. Але застаюцца пры гэтым - усяго толькі артыстамі, а не жывымі людзьмі са сваімі пачуццямі. Што ж, калі паралелі паміж новым "...Цырульнікам" і раней пастаўленымі ў нас "Паяцамі" Р.Леанкавала ўсё роўна ўзнікаюць, іх можна было б і паглыбіць: маўляў, артысты, якія адчуваюць адно да аднаго папраўдзе цёплыя, шчырыя пачуцці, вымушаны крыўляцца, увасабляючы пародыю на каханне.

/i/content/pi/cult/342/6354/8-3.jpgБольшасць стрэлаў пародыі трапляе ў Разіну. Зграбная, прыгожая, інтэлігентная, адухоўленая, маладая прымадонна Таццяна Гаўрылава воляй рэжысёра ператвараецца ў тоўстую, нягеглую, пазбаўленую шарму і густу "цётухну" з сумнеўнымі манерамі. Гэта ж трэба так жанчын не любіць! Затое спачуванне выклікае... трамбон - нязменны спадарожнік Базіліа (Андрэй Валенцій), настаўніка музыкі. Інструмент, для якога "кантаваць - што катаваць", так і лётае па сцэне. І- становіцца адным з самых запамінальных вобразаў, пераўзыходзячы ў гэтым некаторых герояў. Яркасцю рэжысёрскага рашэння вылучаецца служанка Берта (Наталля Акініна), закаханая ў свайго гаспадара Бартала (Сяргей Лазарэвіч). У сольнай арыі-партрэце яна паўстае гуллівай, абаяльнай... дрэсіроўшчыцай з замашкамі сада-маза - і гэты нумар становіцца адной з найбольш адметных жартоўных кульмінацый. Фінал жа прэтэндуе на філасофскае асэнсаванне і нават трагічную ноту. Фігара (Станіслаў Трыфанаў), бы той Мюнхгаўзен з тэлестужкі М.Захарава, лезе па бясконцай вяровачнай лесвіцы кудысьці ў завоблачныя далячыні- у вечнасць. А далейшы паў т о р уверцюры дае магчымасць усім артыстам атрымаць сваю долю апладысментаў у час паклонаў.

Цяперашні спектакль - безумоўна, найлепшы з пастаўленых М.Панджавідзэ на нашай сцэне. У ім шмат рэжысёрскіх прыдумак, сцэнічныя паводзіны цэнтральных персанажаў насычаны пастаянным рухам, ажно да кульбітаў ды іншых акрабатычных элементаў. Але, пры ўсёй мітусні, што адбываецца на сцэне, нязменнасць сцэнаграфічнай канструкцыі пачынае, натуральна, надакучваць. І стамляць. Дый італьянская "публіка", якую ўвасабляюць артысты хору і мімансу, не заўсёды паводзіць сябе адэкватна, чаргуючы моманты суперактыўнасці з даволі працяглымі стоп-кадрамі. Далучыце сюды некаторыя адкрытыя купюры - і вы зразумееце, чаму першае дзеянне, у якім нас так намагаюцца насмяшыць, здаецца крыху беспамерным, нават цягамотным. Месцазнаходжанне "сцэны на сцэне" стварае не самыя лепшыя акустычныя ўмовы для опернага дэль артэ. Але тое, як нашы маладыя салісты спраўляюцца з пастаўленымі перад імі задачамі і складанасцямі, вартыя найвышэйшай ухвалы. Пасля гэтай працы, дзе яны дасягнулі, з аднаго боку, лёгкасці, палётнасці спеўных фіярытур, а з іншага - свабоды сцэнічных паводзін, ім пад сілу любыя пастаноўкі еўрапейскага ўзроўню. Да гэтага, мабыць, наш тэатр і будзе імкнуцца ў далейшым.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"