"Жывапіс не адлюстроўвае нічога - ён проста існуе",- гэтыя словы мастака-філосафа Патрыка Сантуса можна лічыць сугучнымі творчасці Алега Ладзісава. Выхаваны на творах Самюэля Бекета, авангардных балетных пастаноўках Філіпа Жанці, ён паступова перайшоў ад жывапісу фігуратыўнага да беспрадметнага. У аснову яго твораў пакладзены прынцып мастакоўскай палітры: гэта, у пэўным сэнсе, нагадвае працэс стварэння музычных кампазіцый мінімалістам Джонам Кейджам пры дапамозе малюнка выпадкова і бессістэмна раскіданых палачак, які выбітны амерыканскі кампазітар практыкаваў напрыканцы свайго жыцця. Работы, пазбаўленыя прывязкі да рэчаіснасці, загадзя задуманай альбо выпрацаванай у ходзе напісання кампазіцыі, вызначаюцца натуральнасцю, адсутнасцю жорсткай рэгламентацыі і структуры, што, у сваю чаргу, стварае асабістую рэальнасць.
У іншым вымярэнні працуе Уладзімір Макаркоў. Яго музычныя інтарэсы палягаюць у галіне класічнай і рок-музыкі 1990-х гадоў, сярод пісьменнікаў Уладзімір аддае перавагу, зноў жа, класікам - Фёдару Дастаеўскаму і Герману Гесэ. Прадметны свет фільмаў Андрэя Таркоўскага, яго сімвалізм і, адначасова, тэатральнасць мізансцэн кінастужак Фрэдэрыка Феліні, здаецца, таксама апасродкавана паўплывалі на пошукі мастака. Поруч з эмацыйным складнікам, у творчасці Уладзіміра назіраецца характэрнае для еўрапейскага чалавека імкненне да няспешнага дакументавання, штодзённай каталагізацыі падзей, пачуццяў. Цягам апошніх гадоў ён удзельнічае ў выстаўках як майстар інсталяцый, якія можна назваць кнігай-дзённікам, дыярыушам. Напамінам аб людзях, падзеях, эмоцыях выступаюць артаб'екты: рукачынныя альбо створаныя непасрэдна самой прыродай, яны нібы нанізваюцца мастаком на нітку часу...
Аб'ядноўваючыся для рэалізацыі сумесных праектаў, розныя па светаўспрыманні мастакі надаюць шмат увагі працэсу гарманізацыі прасторы, што павінна ўспрымацца як адзінае цэлае і, разам з тым, даваць права кожнаму захоўваць сваю самастойнасць і ідэнтычнасць.
Галіна ЛЯШЧОНАК