Месца правядзення выстаўкі абрана не выпадкова. Гісторыя горада Вейхерова звязана з Беларуссю. Заснавальнік горада Якуб Вейхер (XVII ст.) падчас руска-шведскай вайны трапіў у акружэнне пад Белай (на тэрыторыі сучаснай Беларусі) і даў зарок: калі ўратуецца, дык збудуе на радзіме горад, у якім заснуе храм.
На адкрыцці мастацкай выстаўкі прысутнічалі прадстаўнікі рэгіянальных улад, маладое пакаленне беларускай дыяспары, творчая інтэлігенцыя, бізнесмены, навучэнцы сярэдніх школ г. Вейхерова, журналісты.
Ва ўступным слове Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Р.Есін адзначыў, што адкрыццё выстаўкі працягвае цыкл мерапрыемстваў, арганізаваных у Польшчы да юбілеяў беларускіх Песняроў. 23 чэрвеня ў Гданьску быў адкрыты памятны знак у гонар Я.Купалы. Беларуская дыяспара і жыхары Памор’я атрымалі яшчэ адну магчымасць судакрануцца з беларускай культурай і мастацтвам. Было падкрэслена, што творчасць В.Шаранговіча глыбока народная і непарыўна звязана з роднай зямлёй, беларускім народам.
Стараста Вейхероўскага павета Юзэф Рэшке і віцэ-прэзідэнт г. Вейхерова Богдан Такловіч у выступленнях зазначылі, што за короткі час жыхары рэгіёна змаглі не толькі пазнаёміцца з эканамічным патэнцыялам Беларусі, але і даведацца пра беларускую культуру. Мерапрыемствы такога плана спрыяюць умацаванню добрасуседскіх адносін і развіццю міжрэгіянальных сувязей.
Паводле матэрыялаў Генеральнага консульства Беларусі ў Гданьску
На здымку: Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Р.Есін з групай навучэнцаў вейхероўскіх школ падчас адкрыцця выстаўкі.