Больш за пяць стагоддзяў... і без музея

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Бярэзіншчына: райбюджэт хоць і не "гумавы", але…

/i/content/pi/cult/342/6348/12-1.jpg

Камандзіроўка на Міншчыну - гэта заўжды выезд па досвед, знаёмства з новымі формамі працы, пра якія "К" пісала шмат разоў. Не стаў выключэннем і Бярэзінскі раён. Хапае тут і творчага падыходу да справы, і новых знаходак як у клубнай, так і ў бібліятэчнай дзейнасці... Кіраўніцтва мясцовага райвыканкама знаходзіць немалыя сродкі, каб укладаць іх у развіццё сферы культуры, а абласны тэатральны фестываль "Бярэзінская рампа", які традыцыйна праходзіць на гэтай зямлі, "гучыць" з вялікім розгаласам на ўсю краіну... Карацей, паказаць сябе бярэзінцы ўмеюць. І робяць гэта годна, прафесійна і таленавіта. Але, на жаль, не ўсё ў развіцці сферы культуры Бярэзіншчыны бесклапотна і беспраблемна, бо матэрыяльна-тэхнічная база гарадскіх устаноў культуры на сёння пакідае жадаць лепшага. Да таго ж, у горадзе са старадаўняй гісторыяй пакуль няма гісторыка-краязнаўчага музея.  

Народ пытаецца і прапануе  

"Калі адрамантуюць РДК?"

Традыцыйнае сацапытанне "К" паказала, што жыхары райцэнтра неабыякава ставяцца да шматлікіх праблем, якія існуюць у сферы культуры Бярэзіншчыны. Свае пытанні, натуральна, задавалі і тыя мясцовыя культработнікі, з якімі давялося сустракацца цягам камандзіроўкі.

Марыя Сяргееўна, пенсіянерка, г. Беразіно: - Даволі часта бываю ў раённым Доме культуры: цікава праходзяць там разнастайныя канцэртныя праграмы, выступленні творчых калектываў... Але, на жаль, у нашым РДК даўно не было рамонту. Зімой у памяшканнях халодна, а цяпер яшчэ, як я ведаю, пачаў працякаць дах... Калі ж адрамантуюць РДК?..

Сяргей, студэнт-завочнік, г. Беразіно: - На жаль, у нашым горадзе няма краязнаўчага ці гістарычнага музея. А Беразіно - горад з багатай мінуўшчынай. Сорамна было перад маімі аднакурснікамі з Мінска, якія прыязджалі сёлета да мяне ў госці, бо першае пытанне, якое яны мне задалі, калі я павёў іх на экскурсію па горадзе, было менавіта пра тое, ці ёсць у Беразіне музейная ўстанова...

Наталля Маеўская, метадыст Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі: - Нам вельмі не хапае камп'ютараў: іх усяго 11 па ўсёй ЦБС раёна... А сёння без найноўшай тэхнікі, пагадзіцеся, шмат не напрацуеш...  

Пытанні развіцця сферы культуры Бярэзінскага раёна былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір НАВІЦКІ і начальнік мясцовага аддзела культуры Галіна САКАЛОЎСКАЯ. Галіна Аляксандраўна працуе на сваёй пасадзе не так даўно - прыйшла ў сферу культуры літаральна пару месяцаў таму з аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, - але добра бачыць перспектывы развіцця сферы культуры. Гэтае бачанне ўсебакова падтрымліваецца кіраўніцтвам мясцовага райвыканкама. 

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Уладзімір Міхайлавіч, наколькі паспяхова, на вашу думку, працуе аддзел культуры?

Уладзімір НАВІЦКІ: - Культурны падмурак, так бы мовіць, у раёне неблагі. Нашы калектывы, як тыя, што існуюць пры раённым Доме культуры, так і на сяле, дэманструюць даволі высокі ўзровень, выступаючы на абласных ды рэспубліканскіх мерапрыемствах. У якасці пр/i/content/pi/cult/342/6348/13-2.jpgыкладу зазначу, што на рэспубліканскіх "Дажынках", якія пройдуць у Маладзечне, будуць прадстаўлены і нашы народныя калектывы. Гэта, лічу, яскравы паказчык іх запатрабаванасці і значнасці.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Адразу хачу адзначыць: народных і ўзорных калектываў у вас - усяго сем. Ці не мала?

Уладзімір НАВІЦКІ: - Мне здаецца, гэта дастатковая колькасць для нашага раёна. Іншая справа, што трэба пастаянна дбаць аб тым, каб якасць выступленняў калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны" заставалася высокай.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Зразумела, калектывы са званнямі не толькі сведчаць аб якасці працы і прафесійнай кваліфікацыі мясцовых спецыялістаў, здольных "выгадаваць" такія гурты, але і працуюць на імідж раёна...

Уладзімір НАВІЦКІ: - Згодны. Але ж народныя калектывы патрабуюць значна большых фінансавых укладанняў. Не заўсёды, на жаль, ёсць магчымасць набыць для іх тыя ж касцюмы, неабходнае абсталяванне... Да прыкладу, сцэнічныя строі для народнага ансамбля песні "Лявоніха" каштуюць прыкладна 50 - 60 мільёнаў рублёў, якія будуць выдаткаваны з раённага бюджэту...

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Для яшчэ аднаго нашага калектыву - узорнага ансамбля танца "Вясёлка", які выступіць на "Дажынках" у Маладзечне, - абласное ўпраўленне культуры бязвыплатна прадаставіла нам 18 касцюмаў, а мы на 6 мільёнаў пашылі артыстам абутак.

Уладзімір НАВІЦКІ: - Так што, як бачыце, на калектывы нашы не забываемся. Не толькі ў горадзе, але і на раёне ёсць добрыя СДК, дзе працуюць цікавыя людзі, на высокім узроўні дзейнічаюць разнастайныя аматарскія аб'яднанні, ладзяцца арыгінальныя мерапрыемствы...

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Напрыклад, у аграгарадку "Любушаны" створаны Цэнтр традыцыйнай культуры, там працуюць спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Будынак вельмі добры, вялікі, не так даўно адрамантаваны. У нас ёсць задумка: на базе гэтага Цэнтра ладзіць традыцыйныя беларускія вяселлі. Магчыма, спачатку зробім адно прэзентацыйнае мерапрыемства, папрацуем, так бы мовіць, на рэкламу, а пасля будзем арганізоўваць падобныя вяселлі на платнай аснове.

Уладзімір НАВІЦКІ: - Галоўнае, каб установы культуры былі запатрабаваны людзьмі, - гэта адна з найгалоўных задач на сёння.

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Яшчэ мы плануем ладзіць у Бярэзінскім РДК платныя дзіцячыя дні нараджэння. Але, зразумела, спачатку неабходна адрамантаваць установу, "адрадзіць" там дзейнасць невялічкага кафэ...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Сапраўды, пабываўшы ў РДК, магу засведчыць, што патрэба рамонту ўстановы культуры наспела даўно. Супрацоўнікі скардзяцца на тое, што працякае дах. Даходзіць нават да таго, што пад час дажджу ў некаторых пакоях ставяць тазікі і збіраюць такім чынам ваду... Зімой ва ўстанове халодна: шклопакеты ў РДК устанавілі, а зрабіць аконныя адкосы грошай ужо не хапіла. Ды і памяшканне кафэ выглядае не лепшым чынам. Да таго ж, у РДК няма танцавальнай залы, што, безумоўна, не спрыяе выкананню плана платных паслуг...

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Раней у летні перыяд у нас дзейнічала сцэна пад адкрытым небам, але з нядаўняга часу яна перастала карыстацца попытам. Усе жыхары горада ходзяць на дыскатэку ў мясцовы кінатэатр, які не падпарадкаваны аддзелу культуры. З-за таго, што не ладзім дыскатэкі, губляем вялікія грошы, і ў нас цяпер сапраўды існуюць праблемы з выкананнем плана платных паслуг... Уладзімір НАВІЦКІ: - Вельмі спадзяёмся на тое, што з рамонтам Бярэзінскага РДК нам дапаможа абласное ўпраўленне культуры. Бо, няма сумнення, сітуацыя ў галоўнай установе культуры раёна - досыць праблематычная. Але на рамонт даху РДК мы не будзем чакаць грошай з вобласці - выдаткуем іх з раённага бюджэту. Таму сёлета згаданую праблему вырашым. А ў далейшым распачнём рамонтныя работы ў памяшканні, дзе, паводле плана, павінна працаваць кафэ. Таксама, магчыма, давядзецца правесці там рамонтныя работы на сродкі райбюджэту. Карацей, будзем паступова вырашаць праблему. А калі адрамантуем бар, - там, натуральна, патрэбны новая мэбля, апаратура, - у РДК можна будзе ладзіць невялічкія дыскатэчныя мерапрыемствы, карпаратывы, вечары адпачынку для розных узроставых катэгорый насельніцтва.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Знайсці грошы ў наш складаны ў эканамічным плане час сапраўды не проста. Але, наколькі ведаю, праблемы аддзела культуры для кіраўніцтва райвыканкама - першасныя. Вось і рамонт РДК пачынаеце сваімі сіламі... І, як мне ўжо распавялі, гэта не адзіны прыклад падтрымкі сферы культуры з боку раённых улад. У Бярэзіне зроблены рамонт аднаго з будынкаў былога інтэрната, у якім плануецца размясціць філіял школы мастацтваў...

Уладзімір НАВІЦКІ: - Увогуле, зазначу, што старшыня Бярэзінскага райвыканкама Сяргей Ленкавец выдатна разумее патрэбы культуры і ўвогуле ўсёй сацыяльнай сферы раёна. Таму пад правядзенне рамонтных работ у філіяле ДШМ сёлета з раённага бюджэту былі выдаткаваны 250 мільёнаў рублёў. Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Там працуе шэраг аддзяленняў. Думаю, гэты філіял стане запатрабаваны, тым больш - будынак, у якім месціцца школа мастацтваў, знаходзіцца побач з пачатковай школай. Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Яшчэ адно пытанне - транспартнае. Дырэктар Бярэзінскага РДК Анжаліка Шамко распавяла мне, што нават выезд за межы раёна з калектывам цяпер праблематычны: даводзіцца арандаваць аўтобус у мясцовага аўтапарка, а гэта вялікія грошы...

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Сапраўды, у нас цяпер, як кажуць, "на хаду" толькі адна машына, другая "газель" - у рамонце, а яшчэ адзін наш транспартны сродак - "жыгулі" - хутка будзем спісваць: ездзіць на такім легкавіку немагчыма. А транспарт нам вельмі патрэбен: без выязных канцэртаў план платных паслуг не выканаеш...

Уладзімір НАВІЦКІ: - На аддзел культуры не забудземся і не пакрыўдзім яго, а начальнік аддзела, магу запэўніць, дакладна хадзіць пешшу не будзе. Плануем ужо ў гэтым годзе закупіць для патрэб культработнікаў яшчэ адну машыну.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Толькі што пабываў у Пакоімузеі драўлянай лыжкі. Вельмі ўражаны экспазіцыяй гэтай установы, і апантанымі людзьмі, што там працуюць. Але ж узнікненне гэтага музейчыка - прыватная ініцыятыва. А ці ёсць планы па стварэнні дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея ў горадзе? Бо без гэтай установы гарадское жыццё выглядае, пагадзіцеся, беднавата... Тым больш, Беразіно нядаўна адзначыла 510 гадоў з дня згадкі ў гістарычных хроніках, у горада - багатае мінулае, ёсць што паказаць не толькі жыхарам раёна, але і ўсёй рэспублікі...

Уладзімір НАВІЦКІ: - У нас былі задумкі зрабіць невялікі краязнаўчы музей у тым будынку, дзе месціцца Цэнтральная раённая бібліятэка. Адно крыло было вызвалена арандатарамі і цяпер фактычна пустуе. Але ўсё, зноў-такі, упіраецца ў фінансавыя сродкі, якіх, на жаль, не стае. Таму пакуль вырашылі накіраваць грошы на больш надзённыя мэты: закупілі газавы кацёл у ЦРБ, бо там ёсць праблемы з ацяпляльнай сістэмай. Але музей у нашым горадзе павінен быць, і мы свае задумкі абавязкова ўвасобім у жыццё. Гэта - праца на далейшую перспектыву.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - На жаль, няма ў Беразіне і метадычнага цэнтра - яго функцыю выконваюць метадысты мясцовага РДК. Ім, натуральна, не заўсёды хапае часу, каб задаволіць усе патрэбы сельскіх устаноў культуры...

Галіна САКАЛОЎСКАЯ: - Раней РМЦ у Беразіне быў, але гадоў колькі таму яго ліквідавалі. Магчыма, сапраўды варта падумаць над тым, каб адрадзіць яго дзейнасць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - І яшчэ. Бярэзіншчына - месца, дзе нарадзіўся сусветна вядомы беларускі мастак Валенцій-Вільгельм Ваньковіч. Наколькі я ведаю, у вёсцы Уша, у школе, ёсць невялічкая музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці слыннага земляка. Ці плануецца пашырыць гэтую экспазіцыю, і ўвогуле, "раскруціць" Ваньковіча? Чаму б не зладзіць тут шматлікія пленэры або зрабіць мастацкую галерэю? Пры наладжанай рэкламнай дзейнасці на Бярэзіншчыну магло б прыязджаць больш ахвотных, каб убачыць мясціны, звязаныя з жыццём Ваньковіча... Мажліва, не толькі з Беларусі...

Уладзімір НАВІЦКІ: - Так, у вёсцы Уша ў мясцовай школе месціцца невялічкі музей, і было б сапраўды няблага падумаць над пашырэннем яго экспазіцыі, зрабіць яго больш запатрабаваным. Ды і мясціны там - унікальныя. Але, зноў-такі, усё ўпіраецца ў грашовы складнік...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Над чым, на вашу думку, Уладзімір Міхайлавіч, варта цяпер працаваць аддзелу культуры?

Уладзімір НАВІЦКІ: - Канешне ж, хацелася б палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры раёна. Што да культработнікаў, дык у мяне да іх асаблівых прэтэнзій няма. Нават абласныя мерапрыемствы, што адбываюцца ў Беразіне, аддзел культуры ладзіць на даволі высокім узроўні. Але, мне здаецца, Галіна Аляксандраўна, культработнікам варта ў сваёй працы зрабіць акцэнт на сяло: ладзіць там больш цікавых мерапрыемстваў, магчыма - і раённага маштабу, ствараць новыя гурткі, "абкатваць" новыя формы работы... І не толькі ў аграгарадках, а і ў звычайных вёсках. Падключаць да правядзення мерапрыемстваў членаў БРСМ, аддзел ідэалогіі, аддзел адукацыі... І ўвогуле, трэба, каб узровень мерапрыемстваў у сельскай мясцовасці быў не горшы, чым у горадзе.

 

Дэталь да агульнай карціны

Лыжка, якую нельга аблізаць

Ні гісторыка-краязнаўчага музея, ні раённага Дома рамёстваў у Беразіне няма. Але ёсць прыватная ўстанова, якая фактычна іх замяняе: Пакой-музей драўлянай лыжкі. Ён створаны намаганнямі намесніка дырэктара раённага Дома культуры Ганны Ждановіч.

- Справа ў тым, што летась у Беразіне адбылося абласное свята-конкурс "Бярэзінскія лыжкары", - патлумачыла Ганна Ждановіч.- Шматлікія ўдзельнікі пакінулі нам у падарунак свае вырабы. А я ў спадчыну атрымала гэты драўляны дом, які на той час пуставаў. Таму і з'явілася ідэя сабраць лыжкі з розных рэгіёнаў Міншчыны і размясціць іх у адным з пакояў хаты. Летась, 30 верасня, прыватная ўстанова ўпершыню адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў...

Цяпер у пакоі-музеі сабрана столькі лыжак і ўзораў драўлянай скульптуры, што ад іх колькасці, разнастайнасці і ўнікальнасці вочы проста разбягаюцца!

- Вось лыжка "Вожык-альбінос", якую нельга аблізаць, - паказвае Ганна Ждановіч цікавы драўляны выраб з вялізнымі іголкамі,- вось лыжка, на якой можна граць, бы на дудзе, а вось самая маленькая... Але мы марым зрабіць на падворку хаты самую вялізную лыжку ў свеце, каб перасягнуць па памерах той выраб з дрэва, які трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Спадзяёмся зрабіць сваю, беларускую, рэкордную лыжку ўжо ў наступным годзе, калі будзем ладзіць чарговае абласное свята-конкурс лыжкароў. І, зразумела, - увайсці з нашай лыжкай у Кнігу рэкордаў Гінеса!...

Пры ўстанове створаны клуб сяброў Пакоя-музея драўлянай лыжкі, а таксама даволі часта тут ладзіць свае пасяджэнні народны клуб майстроў Бярэзінскага РДК, які, дарэчы, таксама заснавала Ганна Ждановіч. А ў яшчэ адным пакоі музея цяпер месцяцца дзве выстаўкі. Адна з іх - "Скарбы мінулага"- распавядае пра грошы розных гістарычных перыядаў і здольная зацікавіць любога аматара баністыкі і нумізматыкі.

У працы Ганне Ждановіч дапамагае яе дачка Алена, якая, да таго ж, з'яўляецца загадчыкам дзіцячага аддзела РДК. А ёй, у сваю чаргу, дапамагае муж - інжынер аднаго з раённых прадпрыемстваў Аляксандр Паскробка. Вынік іх працы- навідавоку. Музей наведваюць шматлікія школьнікі і жыхары раёна. І, зразумела, сыходзяць адсюль, уражаныя самаадданай працай гэтых людзей.

Дарэчы, як зазначыў на нядаўнім міжнародным семінары "Літаратурныя музеі Беларусі, Расіі і Літвы: перспектывы развіцця і супрацоўніцтва" намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, колькасць прыватных музеяў у Беларусі будзе ўзрастаць.

- Цікавасць да іх даволі высокая, у людзей ёсць магчымасці для фарміравання экспазіцый, - зазначыў намеснік міністра культуры. - Думаю, што гэтая частка музеяў будзе запатрабавана нашым грамадствам...

Прыклад стварэння прыватнага музея ў Беразіне пацвярджае гэыя словы на практыцы. Але без падтрымкі з боку інвестараў пра далейшае паспяховае развіццё Пакоя-музея драўлянай лыжкі казаць сёння досыць складана. Напрыклад, каб пастаянна ладзіць у гэтай установе разнастайныя выстаўкі, трэба ўсталяваць сігналізацыю. Зразумела, што за кошт сваіх сродкаў і на адным энтузіязме Ганна Ждановіч гэтага зрабіць не ў стане. А ці зацікавіцца ўстановай патэнцыйны інвестар - пытанне з досыць няпэўным адказам...

 

Дэталь да агульнай карціны

Патрэбен экскурсавод?

Ідзіце ў бібліятэку!

Супрацоўнікі Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі папраўдзе здзіўляюць сваімі крэатыўнымі знаходкамі і ідэямі.

Хоць план платных паслуг у ЦБС раёна не такі ўжо і вялікі, відаў платных паслуг ажно 54. Па словах загадчыка аддзела абслугоўвання Бярэзінскай ЦРБ Валянціны Самец, найбольшым попытам карыстаюцца ксеракапіраванне, паслугі Інтэрнэта, выдача кніг з камерцыйнага фонду.

Але ёсць тут і іншыя, досыць цікавыя, віды паслуг, якія таксама запатрабаваны. Гэта, напрыклад, складанне бібліяграфічных спісаў (даведак) з анатацыяй, размяшчэнне рэкламных афіш, аб'яў у памяшканнях установы, падрыхтоўка графікаў, дыяграм і схем, распрацоўка сцэнарыяў для навучальных устаноў і нават платныя экскурсіі па бібліятэцы. Але самае цікавае - супрацоўнікі ЦРБ выконваюць і функцыі спецыялістаў-экскурсаводаў для ўдзельнікаў семінараў, што ладзяцца на базе Бярэзінскага раёна, ды ўсіх турыстаў, якія жадаюць даведацца больш пра гісторыю паселішча.

- Нядаўна мы ўвялі такую паслугу, як "Правядзенне па заказе лекцый па пытаннях культуры, мастацтва, гісторыі", - распавяла Валянціна Самец. - Ладзім экскурсію па горадзе, і пад час яе знаёмім з тымі або іншымі цікавымі гістарычнымі мясцінамі райцэнтра і ўсяго раёна. І гэтая паслуга досыць запатрабавана...

Не магу не распавесці і пра тыя дасягненні, якімі ганарацца мясцовыя бібліятэкары. Напрыклад, супрацоўнікі ЦБС раёна ўжо неаднойчы перамагалі ў рэспубліканскім конкурсе "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры". А сайт раённай бібліятэкі, які яшчэ ў 2009 годзе распрацавала метадыст Бярэзінскай ЦБС Наталля Маеўская, заняў І месца на І Рэспубліканскім конкурсе web-сайтаў бібліятэк і ўстаноў бібліятэчнай адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Лепшы сайт раённай (гарадской) цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы".

Усе гэтыя поспехі - сведчанне і вынік штодзённай працы мясцовых бібліятэкараў. Але супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Шмат перспектыўных задумак увасобяць яны ўжо сёлета. Напрыклад, нядаўна ў ЦБР адкрылася выстаўка "Любоў да справы - шлях да поспеху". На ёй прадстаўлены фотаздымкі лепшых супрацоўнікаў ЦБС, ветэранаў бібліятэчнай справы, а таксама фотахроніка колішніх бібліятэчных падзей.__

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"