Горад Аляксандра Станюты

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

“Што не напісана, таго не было”, — казалі старажытныя. Адзін з тых, хто іх пачуў, быў Аляксандр Станюта.

/i/content/pi/cult/342/6342/14-3.jpg

 

Сотні ягоных артыкулаў у лепшай маладзёжцы СССР "Знамя юности" з захапленнем чыталі ў шасцідзясятыя. Праз дваццаць гадоў яго лекцыі па літаратуры слухалі студэнты БДУ. Ён абараніў доктарскую дысертацыю, напісаўшы першую ў Беларусі і калі не найлепшую навуковую працу пра Дастаеўскага, а потым - і кнігу пра маці, Стэфанію Станюта, і мастацкія: "Плошча Перамогі", "Гарадскія сны", "Мост"...

Але помнік, нерукачынны і пранізлівы - маладое адкрыццё сталага таленту,- кніга пра горад, у якім склаўся лёс яго пакалення, кніга пра ягоны "асабісты" горад-адкрыццё, пра Мінск - гэта ўжо, калі ўмудронасць падказала, што настае пара апошняга слова.

Трэба прачытаць гэтую кнігу, каб усвядоміць: Мінску "пастаўлены" яшчэ адзін помнік, матэрыял якога не паддаецца карозіі- душа і Памяць.

Сённяшнія ж беларусы могуць гэтым знаёмствам пахваляваць свае душы, а маладыя, можа, і пазайздросціць сваім дзядам, пазнаёміўшыся з кнігай, што так угадала чарговы Дзень горада: апошняе пранізлівае, перад адыходам, светлае развітанне з родным і каханым горадам - "Сцэны з мінскага жыцця".

Уся 500-старонкавая кніга, быццам срэбнай ніткай, перавіта песнямі і вершамі з нашых 50 - 60-х гадоў. Гэта сотні старонак адчування, і кожная- спыніла імгненне, вярнула час.

"Пайшоў спачатку, сам не ведаючы, навошта, у кандытарскі, у "Ласунак"... Дзверы са шклом, а цяжкія, халера, нібы чыгунныя. Задушаная шакаладным духам паўцемра. Зверху драбіцца жоўтае святло ад люстраў. Груды намаляванага багацця на сценах... Ля касавых кабін - шчыльныя чэргі. І так заўсёды тут, на праспекце Сталіна, у гэтых палацавых з выгляду і вузкіх, як школьныя пеналы, крамах. У "Кветкавай" і "Падарунках", у ювелірнай каля кіно "Цэнтральны", у "Чаравічках", у гастраномах . Натоўп і цісканіна, як быццам золата дарма даюць. З праспекта глянеш на фасады вітрын, дык хоць ўлятай туды на самалёце. А пяцьсот метраў уніз, па Камсамольскай, праз Інтэрнацыянальную, да Рэвалюцыйнай і Нямігі, - там адразу цёмныя пашчы двароў..."

 Ёсць выраз: час выбраў нас. Гэта праўда. Ён бязлітасна і ахвярна выбраў тых, хто не прыйшоў з вайны, і нас, дзецюкоў, каб мы прадоўжылі жыццё. Яно выбрала Сашу, каб ён распавёў пра нас і падарыў цяжка параненаму гораду тую яго пару, калі мы разам з ім узыходзілі да жыцця, любові і радасці. Гэта можна было ажывіць толькі словам, і Саша сказаў яго. Ён "паставіў" Мінску свой асабісты помнік і так развітаўся з ім...

Гэтым разам я ўязджаў у Мінск праз Кунцаўшчыну. Які ж прыгожы горад!..

Новы Мінск... Яшчэ адна сустрэча з табой, мой горад, - таксама мой- яшчэ адно асабістае свята. Але ў жыцці ўсё побач... Паспеў развітацца з Сашам. Я памятаю яго такім непераможна маладым і прыгожым у тагачаснай рэдакцыі "Знамени юности"...

На памінках сын Сашы падарыў мне яго апошнюю кнігу - "Сцены..."...

Навум ЦЫПІС