“Сціплы і каласальны” жывапісец з Жалудка

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

...Але да першага з’яўлення Паўла Крэменя ў гарадку Серэ было цяжкае, турботнае і, у той жа час, вясёлае жыццё на Манмартры, у Данцыгскім тупіку— у знакамітым інтэрна- цыянальным інтэрнаце-“мурашніку” — “La Ruche” (“Вулей”). Пра гэты “Вулей”, дзе пачыналі сваё бліскучае ўзыходжанне на Алімп многія будучыя “зоркі” сусветнага выяўленчага мастацтва, у розных краінах з’явіліся дзясяткі кніг, манаграфій, мастацтвазнаўчых даследаванняў і артыкулаў, у якіх праўда і выдумка, міф і рэальнасць. дакумент і фан- тазія, а таксама версіі рознага калібру, часам самыя неверагодныя, мірна, быццам бы ў абдымку, ідуць у адной шарэнзе. І сёння, кажучы пра Парыжскую школу, пра лёсы яе мас- такоў, проста немагчыма аддзяліць зярняты ад пустазелля. Прыкладна такая “доля” выпала і такому феномену сусветнай культуры, як Віцебская мастацкая школа.

/i/content/pi/cult/342/6340/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 37.)

Затое бясспрэчны той факт, што больш за дзесяць таленавітых жывапісцаў і скульптараў, прадстаўнікоў парыжскай мастацкай "хвалі" першай чвэрці ХХ стагоддзя, былі выхадцамі з этнічных зямель Беларусі: М.Шагал, Х.Суцін, М.Кікоін, В.Цадкін, А.Мешчанінаў, Ж.Ліпшыц, родам з Друскенікаў Гродзенскай губерні, і іншыя, менш знакамітыя творцы (Я.Баглей з Брэста, О.Любіч з Гродна, Я.Мілкін з Магілёва, Я.Зак з Уздзеншчыны). П.Крэмень займае ў гэтым спісе далёка не апошняе месца. Дарэчы, каб не ён, мы і сёння не ведалі б Суціна, бо менавіта той самы "спакойны, жыццярадасны, спагадлівы і добры" Крэмень аднойчы, годзе ў 1913-м, выняў Суціна літаральна з пятлі, калі той у хвіліну адчаю вырашыў скончыць жыццё самагубствам...

Так, што казаць, на Манмартры і Манпарнасе (у Бато-Лавуары - галоўным прытулку П.Пікаса, Ж.Брака, Г.Апалінэра, М.Кіслінга, Х.Грыса і А.Мадзільяні) аналагічныя выпадкі з мастакамі-бедачынамі, на жаль, здараліся неаднойчы. Блэз Сандрар у вершы "Вулей" пісаў: "Вар'яцкія тварэнні/ Малюнкі, эскізы,/ Карціны.../ Пустыя бутэлькі..." Аднак, у адрозненне ад такіх нешчасліўцаў, аматараў выпіць і паскандаліць, Крэмень вёў даволі мернае, добрапрыстойнае жыццё. Яго часта бачылі і ў кафэ "Ратонда", "Дом", "Клазры дэ Ліла", "Ля Разалі", "У маленькага неапалітанца", і ў кампаніі Дыега Рыверы з яго каханай Марэўнай, пакуль славуты мексіканец у 1921-м не збег на сваю радзіму, і ў асяроддзі сяброў вядомай Марыі Васільевай на авеню Мэн, 21, якая шчыра падтрымлівала ў Парыжы мастакоў-эмігрантаў і якой, у сваю чаргу, матэрыяльна дапамагала сама руская імператрыца. Але Крэмень ніколі не быў заўважаны ні ў шумных мастакоўкіх разборкахканфліктах, ні ў п'янстве, ні ў наркаманіі. Ён аддаваў перавагу спакойным гутаркам за кубачкам кавы ці бакалам лёгкага віна з калегамі Дэрэнам, Фужытам, Архіпенкам, Бранкузі, сябраваў з Ліпшыцам, Цадкіным і Мешчанінавым. Толькі ў пачатку 20-х, калі Крэмень ажаніўся з Брыгітай Стромбал і ў іх з'явіўся сын, калі мастак усё часцей і часцей пакідаў Парыж, ранейшыя сяброўскія сувязі з манмартраўцамі і манпарнасцамі паступова адыходзілі на другі план. Тым больш, што "гераічны перыяд" Парыжскай школы ўжо завяршаўся...

...Гарадок Серэ (Ceret) размешчаны на паўднёвым усходзе Францыі, у перадгор'ьях Пірэнеяў (вобласць Лангедок-Русільён), на мяжы з Правансам - на ўсходзе, Іспаніяй і Андорай - на поўдні, абгінаючы край Міжземнага мора. Рэгіён сапраўды чароўны: знакамітыя чарэшні, персікі, платаны, знакаміты мост XIV ст. ("мост д'ябла") з аркамі, якія ўзносяцца на 45 метраў над ракой Тэш, побач- горны масіў Лозер - прыстанак для пустэльнікаў і выгнаннікаў,- каньёны, пагоркі Карб'ер і Севен з глыбокімі і вузкімі цяснінамі, прыбярэжныя раўніны, маляўнічыя рыбацкія вёсачкі Сет і Палава... А ў цэнтры Серэ, на плошчы, - дзіўны фантан з касцільскім ільвом, памяць пра франка-іспанскія карані горада, і вялікая барочная царква. Словам, рай, асабліва для мастакоў і паэтаў. І нічога дзіўнага ў тым няма, што ў розныя часы тут можна было сустрэць Пікаса, Шагала, Суціна, Брака, Маціса, Міро, творы якіх сёння ўпрыгожваюць унікальны мясцовы Музей сучаснага мастацтва Францыі.

Аднак Крэмень як ніхто іншы прыкіпеў да гэтага гарадка надоўга, хаця цалкам сюды перасяліўся з жонкай і маленькім сынам толькі ў 1945 годзе. Але і да гэтага часу ён па меры магчымасцей наязджае сюды і нястомна, натхнёна малюе свае невялічкія пейзажы, эцюды і нацюрморты. Не ведаю, ці сустракаліся тут Крэмень і Суцін (апошні з 1919 па 1922 гг., з лёгкай рукі Збароўскага, працаваў у Серэ, дзе яго і заспела вестка пра смерць Модзі). Думаю, што так, бо Серэ - зусім невялічкі гарадок, каб, нават пры жаданні, "размінуцца". Ці не тут, у Серэ, Суцін аднойчы раз'юшыўся, калі пабачыў, што Кремень карыстаецца той жа, што і ён, натурай, і знішчыў свае эцюды, якія намаляваў у гэтым месцы?

Аднак Парыж і Серэ, Серэ і Парыж - не адзіныя кропкі прыцяжэння Крэменя. У Парыжы ён удзельнічае ў штогадовых выстаўках Салона незалежных мастакоў, Восеньскім салоне, салоне Цюільры і ў выстаўках рускага мастацтва ў іншых галерэях. Творы добра купляліся маршанамі Л.Збароўскім, Г.Шэронам, П.Гіёмам, былым паліцэйскім камісарам Л.Замаронам. І з'явілася выдатная магчымасць разам з жонкай Брыгітай Стромбал удосталь пападарожнічаць па Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе, паглядзець, хто, як і чым "дыхае" ў мастацтве... Першыя жывапісныя творы Крэменя - гэта своеасаблівая паэтычная эклектыка, народжаная пад уплывам імпрэсіяністаў, фавістаў і моцнай структурнай прасторы Поля Сезана.

Але ўжо ў 20-я гады Крэмень здабыў сваю, асаблівую, арыгінальную экспрэсіўна-фактурную, мову і асляпляльную вясёлку фарбаў. Праўда, у вобразах ягоных некаторых фантастычных кампазіцый можна знайсці і гофманаўскія матывы ў духу Жоржа Руо, і "цытаты" з нямецкага экспрэсіянізму, дзе творцу ў першы час прыцягваў так званы змрочны германскі геній вялікіх мастакоў-папярэднікаў. І тады яго нацюрморты набывалі нейкі інфернальны антрапамарфізм, дзе рэчы станавіліся ўвасабленнем болю і нервовага ўзрушэння. У сваю чаргу, гарадскія пейзажы раптам напаўняліся чароўнай журботай, якая змешвалася з плаўнай, няспешнай мелодыяй Парыжа, дзе фарбы гэтага гіганцкага "мурашніка" таемным чынам абвастралі пачуццё адзіноты і настальгіі па нечым даўно страчаным.

Трэба сказаць, што скрышальнае наватарства ў жывапісе пачатку ХХ стагоддзя мела перыяд бачнай, прыметнай абыякавасці да жыццёвых праблем. Нават Пікаса, чалавек палкага грамадскага тэмпераменту, як мастак зведаў часы адноснага спакою (у грамадскім і філасофскім сэнсе) - у перыяд "чыстага" кубізму і неакласіцызму, калі Крэмень толькі пачынаў свае гойсанні ад скульптуры да жывапісу, а потым - ад імпрэсіянізму да экспрэсіянізму. Цяпер я ведаю, што гэта была таксама "філасофія", няхай і неўсвядомленая. Замяняючы "псіхалогію" пачуццёвай вы/i/content/pi/cult/342/6340/15-2.jpgразнасцю формы, "рэчыва", мастакі - парознаму ў розных выпадках - адлюстроўвалі ўласцівы часу недавер да адцягненай, абстрактнай духоўнасці. У аснове сваёй гэта мастацтва аналітычнае, хаця гучала яно таксама па-рознаму: адны дэманстравалі з ім надзвычайную збянтэжанасць перад націскам "бязбожнага" стагоддзя (Суцін, Пікаса, Ліпшыц, Брак, Лоран, Бранкузі, Арлова); іншыя, у тым ліку Крэмень, Кікоін, Мадзільяні, Маціс, Утрыло, Уламінк, былі ўпэўнены, прынамсі, у душы, што ствараюць мастацтва пазітыўнае, прыгожае, гарманічнае і зразумелае для сапраўдных, на іхні погляд, знаўцаў. Канешне, усё было не так проста ў гэтым кругавароце наватарскіх і лжэнаватарскіх мастацкіх кірункаў ды плыняў, дзе мастаку можна было не толькі разгубіцца, але і проста патануць ды не выплыць. Тут ужо справа залежыла ад характару кожнага, ад маральнай стойкасці і трываласці творцы. У дадзеных адносінах Крэмень як бы стаяў убаку, быў "рэччу ў сабе", і рабіў сваю справу, не кідаючыся ў гэты кругаварот.

Канешне, ён таксама, як і дзясяткі ягоных калег, прайшоў перыяды розных захапленняў - ад імпрэсіянізму і фавізму да сюррэалізму (нават у 1920-м ён напіша "Пейзаж у стылі фавізму", а праз восем гадоў - акварэль пад назвай "Сюррэалістычная кампазіцыя"). Але ўсё ж хутка паспрабаваў спасцігнуць вострую гармонію адкрытых колераў - без настрою, што "прыпісаны" прыродзе. Аднак, у рэшце рэшт, праславіўся натурнымі пейзажамі, зусім не спрачаючыся ў "майстэрстве", і загаварыў голасам адкрытай эмацыянальнасці, - яго мы чуем перад тым, як бачым "зробленасць".

Колькі соцень, мо тысяч пейзажаў ён намаляваў, мабыць, і сам не ведаў. Праўда, с назвамі гэтых палотнаў у яго былі тыповыя праблемы: тут фантазіі не хапала. Дарэчы, гэта вечная "хвароба" многіх пейзажыстаў свету. Крэмень проста суха і бясстрасна канстатуе тое, што адлюстравана на яго карціне, альбо, у лепшым выпадку,- адзначае месца, дзе гэта адбываецца. Але справа, безумоўна, не ў назвах, а ў высокай паэтычнасці найлепшых палотнаў мастака.

Колькасць нацюрмортаў Крэменя таксама не падлічыць. Іх галоўнымі "персанажамі" з'яўляюцца бясконцыя фрукты і кветкі - усе, якія толькі былі ў Францыі (не буду пералічваць), музычныя інструменты (у ягонай майстэрні меліся фартэпіяна і скрыпка), кнігі, розныя слоічкі, чайнікі, збаны, талеркі з рыбай і вустрыцамі (а-ля Суцін?). Шмат "інтэр'ерных" кампазіцый творцы. А яшчэ больш адлюстраванняў аголеных жанчын (ню) і апранутых у такія яркія сукенкі, што рука мастака сама, міжволі, цягнецца да пэндзля. У поле зроку творцы трапіла нават манахіня, якая спускаецца па лесвіцы манастыра ордэна Капуцынаў. Можна сцвярджаць, што сюжэт як такі мала значыў для Крэменя, які свае святломузычныя палотны ніколі не каменціраваў. "Мае творы глядзіце самі - там усё бачна!"- адказваў ён, калі хтосьці ў ягонай майстэрні ці на выстаўцы імкнуўся ўзяць інтэрв'ю. Я яго разумею: уласны настрой альбо арыенціры для глядацкага вока, якія іншыя мастакі часта ўключаюць у пейзаж, не мелі для Крэменя значэння. Яго рэчы прымушаюць вызваліцца ад штодзённасці і цалкам аддацца сузіранню жывапісу, як і сам Крэмень аддаваўся сузіранню навакольнага свету.

Іншы бок творчасці Крэменя - партрэты. Ён не ставіў сабе за мэту выявіць ва ўсёй паўнаце характары сваіх мадэлей, але ўмеў перадаваць трымценне іхніх душ. Гэтая асаблівасць, якая з гадамі паглыблялася, стварыла асаблівую, "з загадкай", натхнёнасць крэменьскіх адлюстраванняў. У творах "Аўтапартрэт", "Жанчына ў капялюшыку", "Жанчына ў чырвонай сукенцы", "Маладая славянка ў чырвонай кофтачцы", "Жанчына ў белым каўнерыку", "Дама з коткай", "Партрэт маці" (мабыць, адзіны твор, звязаны з сямейнай памяццю) акцэнты прастаўлены паэтычна-суб'ектыўна, але нельга сказаць, каб зусім адвольна. Партрэты з такімі "абстрактнымі" назвамі ўсё ж могуць абудзіць фантазію, жаданне дамысліць, даўявіць альбо прыдумаць, скласці, злучыць жыццё гэтых мадэлей. У іх ёсць рух - часта ён хаваецца недзе між слабай усмешкай вуснаў і сур'ёзнасцю позірку. Але ўсё ж партрэтны жанр Крэменя, на мой погляд, саступае яго пейзажным і нацюрмортным знаходкам.

Другая сусветная вайна ўраз перарвала салодкае цячэнне быцця Крэменя. У перыяд нямецкай акупацыі Францыі давялося хавацца ад нацыстаў на поўдні краіны, у маленькай вёсцы Цюрэн дэпартамента Карэз. Гэта адзін з першых 83 дэпартаментаў, створаных у сакавіку 1796 г. на тэрыторыі былой правінцыі Лімузен. Мастак жыў тут вельмі цяжка, нават даводзілася зарабляць на хлеб у якасці наёмнага сельскага рабочага. (Дарэчы, цяпер у гарадку Цюрэн жыве каля 1000 чалавек.) Маляваў мала ("Пейзаж дома ў Карэзе", "Дамы ў Карэзе", нацюрморты, пісаў па памяці "Вулей", Серэ, Парыж). Пасля вызвалення краіны ад гітлераўцаў мастак вяртаецца ў Парыж, у сваю майстэрню на вуліцы Франсуа-Жыбер, і з новымі сіламі прымае актыўны ўдзел у арганізацыі першых пасляваенных выставак Камітэта "Францыя - СССР", "У гонар Перамогі", паказвае свае творы ў групавых выстаўках "Рускія мастакі Парыжскай школы", "Мастакі Манпарнаса", у замежных экспазіцыях.

Нарэшце на маленькай дзялянцы зямлі ў любімым гарадку Серэ выбудоўвае ўтульны дом з майстэрняй. У гэтую "гавань спакою", у гэты "таямнічы храм прыроды" часта і з задавальненнем наязджалі таварышы па мастацтве, у тым ліку - Пікаса, Кікоін, Брак, Лежэ з Надзяй Хадасевіч. Тут, акрамя чаявання, ладзіліся невялічкія выстаўкі аднадумцаў і "апанентаў". Было весела і ўтульна. Канешне, успаміналі і тыя блаславенныя гады, калі яны, "парушальнікі спакою", "бунтаўшчыкі", смела ламалі коп'і, каб праз частакол старога мастацтва пракласці шлях у новы свет, у тую будучыню, якая сёння і з'яўляецца Узорам сучаснай выяўленчай культуры на зямлі.

...Апошняя чвэрць ХХ стагоддзя жыцця Крэменя прайшла ў Серэ. І тут 5 красавіка 1981-га, перасягнуўшы 90-гадовы рубеж, яго і напаткала смерць. Цела творцы перавезлі ў Парыж і пахавалі на могілках Манпарнаса, дзе ўжо "чакалі" яго былыя сябры Хаім Суцін, Осіп Цадкін, Анры Ларан, Канстанцін Бранкузі...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"