Кавалер саюзнай узнагароды

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

З шасці кандыдатаў, вылучаных на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы, экспертны савет у Маскве падтрымаў трох: народных артыстаў Беларусі Міхаіла Фінберга і Уладзіміра Гасцюхіна, а таксама вядомага расійскага рэжысёра Сяргея Арцыбашава. Прэмія будзе ўручана ім, паводле традыцыі, падчас урачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў 2008 годзе.

А напярэдадні ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, на якой народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг падрабязна распавёў журналістам аб развіцці і ўмацаванні ў сваёй музычна-выканальніцкай творчасці культурных сувязей Беларусі і Расіі. Сапраўды, сярод знаных расійскіх эстрадных зорак, не кажучы ўжо пра беларускіх, цяжка знайсці тых, з кім бы не супрацоўнічаў маэстра і яго славуты калектыў. І зусім немагчыма знайсці тых, хто не быў бы яму ўдзячны за тое супрацоўніцтва. Толькі падчас цырымоній закладання памятных пліт на “Алеі зорак” у Маскве аркестр правёў ажно 33 праграмы, кожная з якіх доўжылася па 5 — 6 гадзін. І наперадзе ў М.Фінберга нямала новых цікавых задумак. Сярод іх — арганізацыя новага фестывалю “Песні, якія мы любілі ў СССР”. У чатырох канцэртах гэтага цыкла прагучаць праграмы, прысвечаныя музыцы Тарывердзіева, Фельцмана, ансамбля “Бітлз” і інш.
Магістральным жа напрамкам дзейнасці аркестра застаецца прапаганда беларускай музыкі. Усяго ім было арганізавана і праведзена ўжо больш як 70 фестываляў у малых гарадах Беларусі. Акурат сёння ў Мсціславе завяршаецца адзін з іх — VI Рэспубліканскі фестываль камернай музыкі імя М.Чуркіна. Сёлета гэтае свята прысвечана 70-годдзю народнага артыста краіны Дзмітрыя Смольскага, таму ўчора ў цыкле “Славутыя імёны Беларусі” адбыўся аўтарскі вечар гэтага знанага кампазітара ў выкананні шматлікіх камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра.У наступныя гады ў Мсціславе плануюцца вечары з твораў Эдзі Тырманд, Генрыха Вагнера. У кастрычніку аркестр адкрые “Гасцёўню Напалеона Орды” ў горадзе Іванаве, што на Брэстчыне. У студзені 2008 г. правядзе канцэрт да 200-годдзя з дня нараджэння М.Дуніна-Марцінкевіча ў Заслаўі. Рыхтуюцца таксама праграма да 70-годдзя Ігара Лучанка, канцэрты памяці Уладзіміра Будніка (нагадаем, чатыры гады таму 52 песні гэтага кампазітара аркестр выканаў на Нацыянальным фестывалі ў Маладзечне), да 105-годдзя з дня нараджэння Адама Русака, “Музыка беларускага кіно”, дзе будуць гучаць творы не толькі нашых, але і расійскіх кампазітараў.

Надзея БУНЦЭВІЧ