Арганізатарамі ДВМ выступаюць Мінгарвыканкам і Маладзёжная палата пры Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў. Ідэя ж, можна сказаць,- міжнароднага разгорту. Яна належыць знакамітаму літоўскаму рокмузыканту, акцёру і прадзюсару Андрусу Мамантавасу, які правёў ДВМ ужо ў паўсотні гарадоў і ахапіў не толькі Літву, але і Латвію, і, цяпер, Беларусь.
Большага музычнага дэмакратызму і лепшага пачатковага старту для далейшай "раскруткі" прыдумаць немагчыма. Каб стаць удзельнікам, трэба было ўсяго толькі зарэгістравацца на сайце. А далей- справа за публікай, якая сама зробіць "натуральны адбор", каго ёй слухаць. Ці можна прыдумаць больш непрадузяты і, адначасова, больш прыдзірлівы "мастацкі савет"?
- Выступіць могуць усе, хто мае дачыненне да музыкі,- патлумачыў А.Мамантавас.- Гэта могуць быць і акадэмічныя жанры, і народныя, і нават ігра на лыжках. У Літве падобнае свята збірае тысячы музыкантаў і гасцей, каб паўдзельнічаць у ім ці проста паглядзець ды паслухаць, людзі едуць з усёй Прыбалтыкі. Спадзяюся, такі рух знойдзе сваіх прыхільнікаў і на Беларусі. Музыка не патрабуе перакладу. Але там, дзе яна пануе, не застаецца месца для агрэсіі...
- Мы ўпэўнены,- дадаў старшыня Пастаяннай камісіі па маладзёжнай палітыцы і сувязях з грамадскімі арганізацыямі Мінгарсавета, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый Чачукевіч,- што свята вулічнай музыкі атрымаецца арыгінальным, прасякнутым дабрынёй ды павагай адно да аднаго. І- дасць штуршок новай традыцыі Свята горада.