Свята роднага слова і родных людзей

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, духавенства, дыпламатычнага корпуса, культурная грамадскасць, СМІ, турысты... 3 — 4 верасня Ганцавічы — сталіца Дня беларускага пісьменства-2011 — вітала на сваёй зямлі гасцей з усіх куткоў Беларусі. Тэатральныя прадстаўленні, Фестываль кніг і прэсы, літаратурныя чытанні, прэзентацыі, канцэрты і выстаўкі... Ды галоўная падзея Дня — адкрыццё Алеі пісьменства і помніка Якубу Коласу — адметнасць, якая застанецца цяпер у славутым горадзе Брэсцкага Палесся на гады...

/i/content/pi/cult/341/6331/3-4.jpgТысячы гасцей на ўрачыстасцях, на вуліцах горада, які калісьці- сёння ў гэта  цяжка паверыць- лічыўся прыкладам "палескай  глушы".  Гледзячы на яго адноўленыя будынкі, папрыгажэўшыя  вуліцы ў атачэнні кветак, пракладзеныя дарожкі, Ганцавічам  можна смела зрабіць камплімент кшталту "Як памаладзеў, даражэнькі!"- і гэта не зважаючы на паважны ўзрост.   

- Дзякуючы святу сёння нават і не верыш, што гэта наш горад: настолькі ён змяніўся,-  кажа дырэктар Ганцавіцкага краязнаўчага музея Ала Занька.-  Возьмем, да прыкладу, будынак нашага музея. Раней ён быў не вельмі прывабны, а цяпер- вока цешыць і прыцягвае наведвальнікаў!..

Дырэктар прызналася, што за час святкаванняў музей наведала столькі людзей, "колькі за ўсю гісторыю, што я тут працую, не было". Толькі за два дні ў раённай установе пабывала больш за 400 чалавек! "Экскурсія за экскурсіяй,- канстатуе Ала Занька,- і гэта вельмі прыемна".

Не маглі паскардзіцца на колькаць наведвальнікаў у гэты дзень не толькі мясцовыя музейшчыкі, але і прадстаўнікі рэспубліканскіх выдавецтваў, СМІ ці, да прыкладу, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія прыехалі на свята з выстаўкай  старадрукаў і мультымедыйных выданняў.

- Ой, што вы, вельмі шмат наведвальнікаў!- дзеліцца ўражаннямі загадчык сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі  Таццяна Сапега, якая працуе на выстаўцы.- І пытанняў мноства:  а дзе можна ўбачыць арыгінал "Кнігі Быцця" Францыска Скарыны (мы прадстаўляем муляж славутага выдання)? А ці можна патрымаць у руках старадрукі? А як яны трапілі ў Нацыянальную бібліятэку? Ёсць цікавасць і сапраўднае захапленне ад знаёмства з нашай старадаўняй кніжнай спадчынай...  

/i/content/pi/cult/341/6331/3-5.jpg- Пра медыя не толькі пытаюцца, але і набываюць,- дадаюць дзяўчаты.- Толькі сёння прадалі з дзясятак дыскаў.    

Новага чытача  атрымалі і літаратары з Ганцавіцкага краю, якія прадстаўлялі  сваю творчасць у межах Фестывалю кнігі і прэсы.  

- Для мяне сёння сапраўдным адкрыццём стала творчасць мясцовага паэта Аляксея Галаскока,- прызнаўся карэспандэнту "К" адзін са сталічных журналістаў і тут жа знайшоў "калегу" па захапленні.  

Ды ўсё ж галоўнай падзеяй Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах стала адкрыццё Алеі пісьменства на цэнтральнай вуліцы горада.   

- ...Як казаў адзін з пісьменнікаў, што нарадзіўся тут, Міхась Рудкоўскі, першую песню трэба напісаць маці, другую- каханай,  трэцюю- Айчыне, а чацвёртую- сонцу. Дык няхай, сапраўды, гэтае сонца, як сёння, заўсёды свеціць над нашым пісьменствам-  над гэтай Алеяй і над нашай радзімай, Беларуссю...- такімі пранікнёнымі словамі міністр культуры краіны Павел Латушка адзначыў адкрыццё памятнага знака на Алеі.  

- Аляксандр Сержпутоўскі, Віктар Гардзей, Алесь Каско, Міхась Рудкоўскі,  Іван Кірэйчык, Васіль Праскураў, Уладзімір Марчук, Іван Лагвіновіч...-  яны  ўнеслі свой важкі ўклад у развіццё айчыннага прыгожага пісьменства, праславіўшы свой край і ўсю Беларусь,- падкрэсліў літаратурную спадчыну Ганцавіч міністр інфармацыі краіны Алег Праляскоўскі.

/i/content/pi/cult/341/6331/3-6.jpgІмёны сваіх паэтаў і пісьменнікаў, пазначаных на бронзавых картушах,   ганцаўчане не проста выбілі ў высакародным метале (работа скульптараў Паўла Герасіменкі і Алесі Грушчанковай)- яны ў голас паведамілі свету і  нашчадкам аб  спадкаемнасці роднага слова.   

І, вядома ж,- пра  імя Якуба Коласа, услаўленнем якога была прасякнута  амаль кожная адмысловая  імпрэза ўрачыстасцей. Ганцавіцкі край стаў для пісьменніка яго натхненнем,  адкрыццём,  ды першым каханнем...  

І помнік Песняру вянчаў Алею пісьменства, стварыўшы "непарыўную лінію" роднага слова між  пісьменнікамі мінулага, цяперашняга і будучага часоў.   

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"