Тысячы гасцей на ўрачыстасцях, на вуліцах горада, які калісьці- сёння ў гэта цяжка паверыць- лічыўся прыкладам "палескай глушы". Гледзячы на яго адноўленыя будынкі, папрыгажэўшыя вуліцы ў атачэнні кветак, пракладзеныя дарожкі, Ганцавічам можна смела зрабіць камплімент кшталту "Як памаладзеў, даражэнькі!"- і гэта не зважаючы на паважны ўзрост.
- Дзякуючы святу сёння нават і не верыш, што гэта наш горад: настолькі ён змяніўся,- кажа дырэктар Ганцавіцкага краязнаўчага музея Ала Занька.- Возьмем, да прыкладу, будынак нашага музея. Раней ён быў не вельмі прывабны, а цяпер- вока цешыць і прыцягвае наведвальнікаў!..
Дырэктар прызналася, што за час святкаванняў музей наведала столькі людзей, "колькі за ўсю гісторыю, што я тут працую, не было". Толькі за два дні ў раённай установе пабывала больш за 400 чалавек! "Экскурсія за экскурсіяй,- канстатуе Ала Занька,- і гэта вельмі прыемна".
Не маглі паскардзіцца на колькаць наведвальнікаў у гэты дзень не толькі мясцовыя музейшчыкі, але і прадстаўнікі рэспубліканскіх выдавецтваў, СМІ ці, да прыкладу, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія прыехалі на свята з выстаўкай старадрукаў і мультымедыйных выданняў.
- Ой, што вы, вельмі шмат наведвальнікаў!- дзеліцца ўражаннямі загадчык сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Сапега, якая працуе на выстаўцы.- І пытанняў мноства: а дзе можна ўбачыць арыгінал "Кнігі Быцця" Францыска Скарыны (мы прадстаўляем муляж славутага выдання)? А ці можна патрымаць у руках старадрукі? А як яны трапілі ў Нацыянальную бібліятэку? Ёсць цікавасць і сапраўднае захапленне ад знаёмства з нашай старадаўняй кніжнай спадчынай...
- Пра медыя не толькі пытаюцца, але і набываюць,- дадаюць дзяўчаты.- Толькі сёння прадалі з дзясятак дыскаў.
Новага чытача атрымалі і літаратары з Ганцавіцкага краю, якія прадстаўлялі сваю творчасць у межах Фестывалю кнігі і прэсы.
- Для мяне сёння сапраўдным адкрыццём стала творчасць мясцовага паэта Аляксея Галаскока,- прызнаўся карэспандэнту "К" адзін са сталічных журналістаў і тут жа знайшоў "калегу" па захапленні.
Ды ўсё ж галоўнай падзеяй Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах стала адкрыццё Алеі пісьменства на цэнтральнай вуліцы горада.
- ...Як казаў адзін з пісьменнікаў, што нарадзіўся тут, Міхась Рудкоўскі, першую песню трэба напісаць маці, другую- каханай, трэцюю- Айчыне, а чацвёртую- сонцу. Дык няхай, сапраўды, гэтае сонца, як сёння, заўсёды свеціць над нашым пісьменствам- над гэтай Алеяй і над нашай радзімай, Беларуссю...- такімі пранікнёнымі словамі міністр культуры краіны Павел Латушка адзначыў адкрыццё памятнага знака на Алеі.
- Аляксандр Сержпутоўскі, Віктар Гардзей, Алесь Каско, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Васіль Праскураў, Уладзімір Марчук, Іван Лагвіновіч...- яны ўнеслі свой важкі ўклад у развіццё айчыннага прыгожага пісьменства, праславіўшы свой край і ўсю Беларусь,- падкрэсліў літаратурную спадчыну Ганцавіч міністр інфармацыі краіны Алег Праляскоўскі.
Імёны сваіх паэтаў і пісьменнікаў, пазначаных на бронзавых картушах, ганцаўчане не проста выбілі ў высакародным метале (работа скульптараў Паўла Герасіменкі і Алесі Грушчанковай)- яны ў голас паведамілі свету і нашчадкам аб спадкаемнасці роднага слова.
І, вядома ж,- пра імя Якуба Коласа, услаўленнем якога была прасякнута амаль кожная адмысловая імпрэза ўрачыстасцей. Ганцавіцкі край стаў для пісьменніка яго натхненнем, адкрыццём, ды першым каханнем...
І помнік Песняру вянчаў Алею пісьменства, стварыўшы "непарыўную лінію" роднага слова між пісьменнікамі мінулага, цяперашняга і будучага часоў.