Рэчыца ганаравала хлебаробаў

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

22 верасня ў Рэчыцы адбыўся адзінаццаты Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі — 2007”.

 /i/content/pi/cult/130/633/Dazhynki1.jpg
У час падрыхтоўкі да агульнанацыянальнага свята ў горадзе былі грунтоўна рэканструяваны і добраўпарадкаваны многія культурна-сацыяльныя і вытворчыя аб’екты: даведзены да ладу Дом культуры, раённыя бальніца і паліклініка, школа-інтэрнат, гасцініца… Пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па жніве і нарыхтоўцы кармоў уручана больш за 380 ганаровых дыпломаў і каштоўных падарункаў. Пераможцы вызначаны сярод абласцей, раёнаў і гаспадарак. Ці варта казаць, што на Дажынках перад лепшымі хлебаробамі краіны выступілі вядучыя дзеячы мастацтваў Беларусі, нашы лепшыя творчыя калектывы: Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, народны артыст Беларусі А.Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, народныя артысты Беларусі Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, народны артыст Беларусі М.Скорыкаў, заслужаная артыстка РБ І.Афанасьева і іншыя.
Хлеб і песня ў нас — заўжды поруч. А ўраджай сёлета сабраны на Беларусі вунь які шчодры, таму і настрой на Дажынках панаваў самы святочны.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зазначыў у час Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу, што Праграму адраджэння сяла мэтазгодна прадоўжыць і ў новай пяцігодцы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, укладаючы сродкі ў развіццё вёскі, краіна можа мець вялікую выгоду ад агратурызму, у тым ліку і ад міжнароднага. У бліжэйшыя 2 — 3 гады гаспадаркі аграрнага сектара павінны выйсці на самаакупнасць і самафінансаванне. Дзяржаўную падтрымку атрымаюць толькі тыя праекты, якія могуць даць важкую аддачу. 

Ул.інф. 

На здымкy: 1. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручае ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых, зернебабовых культур і нарыхтоўцы травяных кармоў.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА