У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, праграмны дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве Вольга Высоцка, а таксама шэраг беларускіх прадстаўнікоў творчых дзядзін, якія гэтай восенню далучацца да рэалізацыі сумесных культурных праектаў.
У сваім прывітальным слове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка падкрэсліў, што беларускі аспект культурнага супрацоўніцтва для польскіх творцаў асабліва важны: "У Мінску польскую культуру і мастацтва ўспрымаюць інакш, чым, прыкладам, у Пекіне, бо ў нас з беларусамі- агульная гісторыя і шмат агульных традыцый". І гэты тэзіс цалкам падтрымаў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, які зазначыў, што "культурнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі магло быць больш альбо менш інтэнсіўным, але ніколі не перарывалася".
Праграма "I, culture" прадугледжвае, што ва ўсіх дзесяці культурных сталіцах свету будуць рэалізаваныя шэсць буйных "флагманскіх" праектаў, прысвечаных культавым асобам і падзеям польскай культуры: стварэнне аўдыякнігі паэзіі Чэслава Мілаша, 100годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета; знаёмства з музычнай спадчынай кампазітара Караля Шыманоўскага; тэатральны праект "Планета Лем"; выступленне маладзёжнага аркестра, складзенага з музыкантаў- выхадцаў з краін Усходняга партнёрства; кінапраект "Даведнік пра палякаў", створаны з пяці дакументальных стужак, якія дэманструюць сучаснае аблічча краіны, а таксама інтэрнэт-праект па калектыўным стварэнні велізарнага агульнага палатна-пазла ў стылі пэчворк.
Акрамя гэтага, у Беларусі прадугледжаны цэлы шэраг адмысловых акцый, задуманых сумесна з беларускімі творцамі. Сярод самых буйных- праект "Дыялог дызайну" і Творчыя майстэрні па сучасных рамёствах у Палацы мастацтва, выстаўка твораў Фердынанда Рушчыца ў Нацыянальным мастацкім музеі, праграма сучасных польскіх пастановак у рамках Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "Тэарт", кінапраграма і майстар-класы, падрыхтаваныя да Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" і шэраг іншых імпрэз.