Колькасна-якасныя авантуры

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” распачаў новы сезон з актыўнай падрыхтоўкі прэм’еры. Літаральна ў наступным месяцы рэжысёр Таццяна ТРАЯНОВІЧ прадставіць публіцы свой спектакль “Сродак Макропуласа” па п’есе Карэла Чапека.

 

/i/content/pi/cult/341/6323/8-2.jpg- Таццяна, як сталася, што пасля пастаноўкі "№ 13" Рэя Куні ваш выбар спыніўся менавіта на гэтым творы Чапека?

- Мне вельмі важна ўзняць праблему, якую гэты аўтар у "Сродку..." выявіў надзвычайна ярка. Кожны з нас рана ці позна задае сабе пытанне: "Чаму ж чалавечае жыццё такое кароткае?" Але вось парадокс: прыкладаючы намаганні для таго, каб хоць неяк падоўжыць яго штучным чынам, той рэальны адрэзак часу, дадзены нам лёсам, мы часцяком пражываем настолькі бязладна і шэра, што дзіву даешся! У выніку аказваецца: колькасць атрыманых дзён аніякім чынам не пераходзіць у якасць. І акурат пра гэта мы з акцёрамі збіраемся рабіць наш спектакль: пра тое, што не істотна, колькі дзён у тваім жыцці, а важна - колькі жыцця ў тваіх днях.  

Што ж да персоны Карэла Чапека, дык, на мой погляд, гэта той аўтар, які зусім незаслужана знаходзіцца "ў ценю". Наш сучасны тэатр, які я жартам называю "класіцысцкім"- з-за вялікай колькасці пастановак па творах драматургаў-класікаў,-  пры больш пільным разглядзе дэманструе, што кола гэтых "абраных" не такое шырокае, як таго хацелася б: Шэкспір, Чэхаў, Астроўскі ды яшчэ колькі прозвішчаў. І Карэл Чапек у іх лік, на жаль, не ўваходзіць, хаця, па-першае, з'яўляецца безумоўным класікам літаратуры ХХ стагоддзя, а падругое, п'есы яго надзвычай вострыя, яркія і, на мой погляд, даволі актуальныя ў сістэме каардынат дня сённяшняга. Іншая справа, што яны не чыста камедыйныя, і з гэтай прычыны ў сучасных рыначных умовах нібыта не "касавыя"...

- Але ж тэатр і не мусіць быць выключна касава-камедыйным. Магчыма, з залішняй арыентацыі акурат у гэтым кірунку ў апошнія гады і адбыўся заўважны адток з глядзельных залаў гледача інтэлектуальнага, удумлівага?

- Гэта вельмі складаная і неадназначная праблема: як спалучыць займальнасць, захапляльнасць тэатральнага відовішча з яго інтэлектуальнай насычанасцю, як быць цікавымі гледачу, не намагаючыся яго павучаць альбо адукоўваць. Прыкладам, мы збіраемся пайсці не зусім традыцыйным шляхам: першую частку спектакля вырашаем як містычны дэтэктыў, а вось усе тыя складаныя, філасофскія пытанні, што ўзнімае аўтар, паставім у другой частцы.  

- Хто будзе іграць у спектаклі галоўную ролю - Эміліі Марці?

- Я прапанавала яе дзвюм актрысам тэатра - Веры Паляковай і Валерыі Арланавай.

- І як яны ўспрынялі такую прапанову? Як вядома, за гэтай роляй "замацавалася" традыцыя выканання актрысамі дастаткова сталага ўзросту...

- Так, звычайна лічыцца, што "Сродак Макропуласа" разлічаны на прыму тэатра, якая дасягнула пэўнага ўзросту, але  не страціла жаночай эфектнасці і прывабнасці. Калі ж учытацца ў тэкст самога Чапека, можна знайсці там адказ на пытанне аб узросце Эміліі: "Гадоў трыццаць, не больш...". Вось мы і вырашылі не "падманваць" гледача.

- Думаю, дзякуючы гэтаму і сюжэтная інтрыга не адкрые ўсіх сваіх таямніц да пары да часу і будзе своеасаблівай авантурай...

- Ды любая паважаючая сябе актрыса ў душы - авантурыстка! Так, не буду хаваць, пэўныя сумненні і ў Веры, і ў Валерыі былі, але ж былі яны, па шчырасці, і ў мяне таксама. Ды толькі тычыліся не пытання неабходнасці альбо не, а - таго, як, якімі сродкамі мы зможам найлепшым чынам вырашыць пастаўленую перад сабой задачу. Ці ж гэта не сапраўдная творчая авантура? Прынамсі, для мяне - так!