...І Пінск у Брэсце

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

9 верасня брэндавы для беларускай культурнай прасторы Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” ў чарговы раз раскрыў свае абдымкі для айчынных тэатральных калектываў і творчых труп з краін-сябровак. Конкурсную праграму распачаў у пятніцу спектакль “Раскіданае гняздо” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы ў пастаноўцы рэжысёра Уладзіміра Савіцкага. Мы ж вырашылі крыху “прыадкрыць заслоны” тых чаканняў, з якімі збіраюцца ў горад над Бугам тэатралы. Тым больш, што сёлета ўпершыню на айчынных фестывалях “засвеціцца” самы малады тэатральны калектыў краіны — Палескі абласны драматычны тэатр з Пінска.

 

/i/content/pi/cult/341/6322/8-1.jpg- Ініцыятыва прыехаць у Брэст са спектаклем зыходзіла ад арганізатараў "Белай вежы" або ад вас? - пытаюся ў дырэктара Палескага абласнога драматычнага тэатра Алены ГАЎРЫЛОВІЧ.

- Так, гэта мы выйшлі з ініцыятывай на Брэсцкі тэатр. Надта ж ужо не хацелася "закісаць" у правінцыйным статусе, і таму мы адправілі сваю заяўку на адрас аргкамітэта фестывалю. Праўда, з-за таго, што не ведалі загадзя тэрмінаў, даволі значна спазніліся з падачай. У адказ атрымалі прапанову даслаць дыск з запісам для таго, каб, пры магчымасці, уключыць нас хаця б у пазаконкурсную праграму. Але літаральна праз тыдзень нам патэлефанавалі з аргкамітэта "Белай вежы" і сказалі, што па выніках папярэдняга прагляду мы ўключаны ў асноўную, конкурсную, праграму. Натуральна, і я як рэжысёр спектакля,  і ўсе нашы акцёры ўзрадаваліся такой магчымасці: не столькі  "скарыць" спакушаную брэсцкую публіку, колькі - прадэманстраваць, чым жыве сёння тэатральны Пінск, ды ўліцца нарэшце ў агульнарэспубліканскія працэсы і варункі.  

- Чаму для паказу на "Белай вежы" вы абралі менавіта спектакль "Гаральд і Мод"?

- Шчыра кажучы, мяне як рэжысёра гэты твор "зачапіў" яшчэ гадоў  дзесяць таму. Бо тэма, закранутая ў п'есе, надзвычай актуальная для сучаснага грамадства. Усе мы жывём у мітуслівым, жорсткім свеце, напоўненым цынізмам і абыякавасцю да бліжняга. Што ж рабіць маладым, як адшукваць уласны стрыжань? І якім чынам не паддацца агульнай пошасці бездухоўнасці? Акурат пра гэта - наш спектакль.

- Раскажыце пра акцёраў, занятых у галоўных ролях у спектаклі.

-  У ролі Мод вы пабачыце ў Брэсце Вольгу Шэндэр. Я вельмі рада, што нам удалося "атрымаць" яе. Справа ў тым, што Вольга па сваёй адукацыі- інжынер, і яшчэ ў старыя часы, калі ў горадзе не было прафесійнага тэатра, яна іграла ў "Дыягене". Аднак як маці траіх дзяцей Вольга ўвесь свой вольны час аддавала ім, хоць і марыла пра сцэну. Я літаральна хадзіла за ёю, угаворвала, і, калі дзеці выраслі, Вольга, нарэшце, пагадзілася прыйсці ў тэатр. Мушу сказаць, мы атрымалі ў трупе сапраўднага фаната сваёй справы: яна з тых, хто не лічыцца з уласным працоўным часам, калі гэтага патрабуюць рэпетыцыі і творчы працэс. А яшчэ Вольга ўмее прыслухоўвацца да крытыкі, і, разам з уласным творчым меркаваннем, здольная ісці і за рэжысёрам. Ну, а Гаральда ўвасабляе наш малады акцёр Павел Рыжоў. Колькі гадоў таму ён, разам са сваімі аднакурснікамі з Магілёўскага каледжа мастацтваў, прыйшоў у трупу толькі што створанага Палескага абласнога драматычнага тэатра, і за той час, што працуе ў калектыве, паспеў сыграць шэраг вядучых роляў, сярод якіх- Барыс у "Навальніцы" А.Астроўскага, Грышка ў "Пінскай шляхце" В.Дуніна-Марцінкевіча і г.д. А неўзабаве Павел атрымае дыплом рэжысёра, бо завочна заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.  

- Што ж, жадаем Палескаму абласному драматычнаму тэатру са спектаклем "Гаральд і Мод" удалага старту па фестывальным моры! А ўсім прыхільнікам тэатральнага мастацтва - яркіх і жывых уражанняў, якія, упэўнена, падорыць Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў Брэсце.