Экспазіцыя ўключала работы, якія былі створаны за апошнія 15 гадоў. Сваё мастацтва- а гэта станковы жывапіс, графіка, у тым ліку сканерная, плакат- Кальмаева называе вандроўкай у глыбіню сваёй асобы: калі "тайнае становіцца яўным", з гэтым можна працаваць, адначасова пазбаўляючыся ад сваіх састарэлых, любімых балячак".
Мне здаецца, што ў большасці карцін Людмілы адлюстравана нейкая цяжкая дума пра час, пра фініш цэлай культурнай эпохі, і ўздых затоенай пакуты, што і казаць, часам прарываецца ў яе стылізавана-фантазійныя работы. Яна, як той мастак-тэург, стварае свой асабісты свет цягам вось ужо 30 гадоў. Хто ў гэтым плане для яе ідэал у мастацтве- невядома. Хутчэй за ўсё, вялікія майстры Адраджэння- ад Леанарда і Мікеланджэла да Босха і Брэйгеля. У той жа час, "вечныя" каштоўнасці іхняга мастацтва ў творчасці Кальмаевай напаўняюцца сучасным пафасам, памножаным на ўяўленне, фантазію, паўсон.
Яе праект "Freedom hall", цыкл "аўтабіяграфічных" нацюрмортаў і беларуска-галандскіх партрэтаў- аб гэтым: аб тым, што страчана ў жыцці, што адгукаецца болем і журботай, што дае нейкую надзею на святло ў канцы тунэля.... І, думаецца, той згублены ключ ад чарадзейнай дзверы, якую мы бачым у палатне пра стаптаныя пантофлі, што закрываюць гарызонт, будзе знойдзены. І ён адкрые гэтыя дзверы ў новы зрэз творчасці беларускі Кальмаевай, дзе адгучаць трывогі жыцця і замруць далёка... Як кажа Людміла: "Выстаўка мяне змяніла, я як бы падвяла рысу пад тым, што было зроблена. Наперадзе будзе нешта новае, а што- пакуль не ведаю..."