Гэтага творцу ў нашай краіне яшчэ мала ведаюць. Але, гледзячы на яго творы, адзначаеш рэдкі дар каларыста. Яго невялічкія палотны - не падрыхтоўчыя работы, а завершаныя вобразы. У ягоных нацюрмортах, напрыклад, адчуваецца тая вастрыня гутаркі жывапісца з натурай, пра якую казаў К.Пятроў-Водкін. А гэта немалаважная акалічнасць для сталага мастака.
Захапляючыся творчасцю французскіх жывапісцаў-імпрэсіяністаў і прадстаўнікоў Парыжскай школы пачатку ХХ ст., Леанід Рацько распавядае: "Мяне не цікавіць падабенства само па сабе, я спрабую "схапіць" унутраны стан чалавека ці прыроды праз колер". Сапраўды, у сваёй творчасці менавіта праз жывапісную пластыку ён спрабуе зразумець сутнасць рэчаў, бо духоўны бок жыцця для яго з'яўляецца пераважным. Сам працэс творчасці мастак успрымае як духоўны акт: "Бывае такі момант, калі ўнутры мяне адкрываецца нейкае чароўнае святло, якое льецца аднекуль зверху. Гэта, праўда, доўжыцца нядоўга, але я паспяваю здабыць яснасць, свабоду і ўпэўненасць, што павінен зрабіць нешта вельмі важнае. І ўжо ні пра што не думаю, адразу бяру пэндзаль, палатно і пішу..."
На юбілейнай выстаўцы Леаніда Рацько былі прадстаўлены ўсе асноўныя кірункі яго творчасці. У серыі нацюрмортаў "Ойча наш..." мастак своеасабліва вырашае тэму хуткаплыннасці чалавечага жыцця. Любоў да жаночых вобразаў ярка адлюстравана ў партрэтах майстра, вельмі кранальных, якія ўзрушана перадаюць стан і настрой гераінь. Вельмі маляўнічыя пейзажы, асноўная тэма якіх- апяванне прыроды Брэстчыны: "Белавежская пушча", "Дзве сасны", "Агарод восенню", "Восень. Дворык " ды іншыя.
З вялікім трапятаннем мастак ставіцца да ўласнай творчасці, укладваючы ў кожную работу часцінку сваёй душы, светлай і чыстай, таму ягоныя творы ўспрымаюцца як нейкія адкрыцці, паколькі перад намі - не проста палотны, а зрэз аголенай душы мастака, канстанта вечнага пошуку сэнсу быцця. Індывідуальная творчая манера, шчырасць у перадачы вобразаў схіляюць да духоўнага дыялога з майстрам, абуджаюць у гледача самыя цёплыя пачуцці.
Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК