Архітэктурны форум “Мінск-2007”

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

27 верасня ў выставачным павільёне БелЭКСПА адбылося адкрыццё VІІ Нацыянальнага фестывалю архітэктуры “Мінск — 2007”, прымеркаванага да Міжнароднага дня архітэктуры, які адзначаецца 1 кастрычніка. У арганізацыі форуму прынялі ўдзел Беларускі саюз архітэктараў пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ, Міністэрства культуры РБ, Міжнародная асацыяцыя саюзаў архітэктараў, Асацыяцыя архітэктараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Адкрываючы VІІ Нацыянальны фестываль архітэктуры, старшыня БСА А.Корбут зазначыў, што ў межах фэсту, які праводзіцца раз на два гады, сёлета адбудзецца агляд-конкурс на лепшы архітэктурны праект года, ІІ Мінскі міжнародны конкурс маладых архітэктараў “Леанарда — 2007” і конкурс дыпломных праектаў вышэйшых архітэктурных школ Беларусі.
У выставачнай зале разгорнута экспазіцыя, якая складаецца з дваццаці выставак. Тут можна ўбачыць работы больш чым 160 дойлідаў з трынаццаці праектных інстытутаў, творчых майстэрань, персанальныя выстаўкі майстроў архітэктуры Беларусі, ЗША, Італіі, Польшчы, Фінляндыі, Казахстана, Сербіі, Чэхіі, Расіі, Украіны і іншых краін. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з творамі беларускіх скульптараў, выстаўкай жывапісных работ выхаванцаў Студыі дзіцячай творчасці пры Беларускім саюзе архітэктараў, а таксама з вырабамі, матэрыяламі і тэхналогіямі розных прадпрыемстваў, якія працуюць на беларускім рынку. Паралельна ў Доме архітэктараў дэманструецца выстаўка жывапісных работ і графікі беларускіх дойлідаў.
У межах фэсту запланаваны: міжнародны навукова-тэхнічны семінар “Праблема ўстойлівага развіцця малых і сярэдніх гарадоў”, які пройдзе пад эгідай Сакратарыята Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН і Сакратарыята міжурадавага савета па супрацоўніцтве будаўнічай дзейнасці краін СНД, канферэнцыя галоўных архітэктараў гарадоў Беларусі, “круглы стол” на тэму “Роля ландшафтнай архітэктуры ў фармаванні аблічча сталіцы Беларусі”, майстар-класы лідэраў еўрапейскай і сусветнай архітэктуры.
У сваім выступленні віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза архітэктараў Марцін Дракоўскі адзначыў важкасць фэсту, наладжанага ў сталіцы Беларусі, і плённую працу Беларускага саюза архітэктараў. Тэма развіцця малых і сярэдніх гарадоў, якую абмяркоўваюць спецыялісты, зараз, у эпоху глабалізацыі, вельмі актуальная і цікавіць дойлідаў розных краін Еўропы. “Захаваць малыя і сярэднія гарады — значыць захаваць адметнасць краіны, яе гісторыю”, — падкрэсліў М.Дракоўскі.
Праекты рэстаўрацыі старых кварталаў старажытных гарадоў, арыгінальных шматпавярховых жылых пабудоў, грамадскіх будынкаў, выкананыя вядомымі архітэктарамі, спецыялістамі майстэрань, дэманструюцца ў вялікай выставачнай экспазіцыі. Не менш цікавыя работы будучых дойлідаў: прыцягваюць увагу праект рэстаўрацыі Быхаўскага замка, распрацоўкі па адраджэнні іншых помнікаў архітэктуры, выкананыя навучэнцамі архітэктурных ВНУ.
Напрыканцы фэстывалю міжнароднае прадстаўнічае журы з аўтарытэтных дзеячаў архітэктуры назаве пераможцаў, якім будуць прысуджаны дыпломы, медалі і Гран-пры. Фэст завершыцца 1 кастрычніка сходам, прысвечаным Міжнароднаму дню архітэктуры.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА