Тры адрасы Міра

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Як знайсці будынак для Спіса?


/i/content/pi/cult/341/6310/14-3.jpgМястэчка Мір прыцягвае ўвагу турыстаў  з розных краін свету не толькі знакамітым замкам. Не так даўно на ўзроўні Міністэрства культуры краіны распачалася гаворка пра уключэнне будынка тамтэйшай ешывы ў Дзяржаўны  спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Але да гэтага часу адкрыта пытанне, у якім менавіта будынку месцілася яўрэйская рэлігійная навучальная ўстанова, дзе калісьці вывучалі вусную Тору, у

Яшчэ на пачатку ХІХ ст. буйны купец і талмудыст Самуіл Цікцінскі заснаваў у Міры ешыву, якой было наканавана праславіцца ў свеце. Сапраўдную славу зведала ўстанова ў пачатку XX ст., калі яе ўзначаліў знакаміты талмудыст рабі Эліэзэр Егуда Фінкель. Ён здолеў сабраць пад адным дахам найбуйнейшых яўрэйскіх рэлігійных аўтарытэтаў свайго часу. Аднак адразу паўстае пытанне: пад дахам якога канкрэтнага будынка навучаліся студэнты ешывы?  

Ёсць  звесткі з успамінаў, што ешыва размяшчалася ў вялізнай мураванцы ў цэнтры мястэчка. Будынак налічваў па шэсць вокнаў з кожнага боку (студэнты вывучалі кнігі, напісаныя дробным шрыфтам, а таму патрабавалася добрае асвятленне). Аднак, улічваючы тое, што яўрэйскія будынкі неаднаразова перабудоўвалі ў пасляваенны час, пералічыць вокны можна, але гэта ўжо недакладныя аргументы. Часткова "праліць святло" дапамагла праца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Згодна са знойдзенымі дакументамі, двухпавярховы будынак з калонамі на тэрыторыі сінагагальнага двара- гэта малітоўная школа "Высікун" (магчыма, у дакументах - памылка, і патрэбна  пісаць "Васікін"). Яна паўстала ў 1894 годзе на грошы купца 1-й гільдыі Вульфа Чорнага-Шварца на вуліцы Высокай, якая праходзіла праз Школьную плошчу і складала яе частку (цяпер - вуліца Кірава). Цікава, што гэты будынак нідзе ў дакументах не пазначаўся як ешыва.  

Побач з двухпавярховым будынкам знаходзіцца гмах малітоўнай школы  пад назвай "Каменная", які быў узведзены ў сярэдзіне ХІХ ст. Менавіта ў ім мірская абшчына ў суботу ці ў вольны час у іншы дзень займалася вывучэннем Торы і Талмуда. Аднак сцвярджаць з упэўненасцю, што гэты будынак - ешыва, таксама нельга.

Яшчэ  адзін яўрэйскі будынак, які засяроджвае на сабе ўвагу, - памяшканне, дзе сёння размешчана аддзяленне сувязі. Калі ён быў узведзены - пакуль невядома, доказаў аб размяшчэнні тут ешывы таксама не знойдзена. Аднак ёсць надзея, што Пасольства Ізраіля ў Беларусі дапаможа перакласці з іўрыту кнігу "Mір", выдадзеную ў Іерусаліме ў 1962 г., якая знаходзіцца ў экспазіцыйнай зале Замкавага комплексу. Хочацца верыць, што менавіта гэтая кніга дапаможа высветліць, дзе ж сапраўды знаходзіцца будынак ешывы ў нашым горадзе.

Вольга НАВІЦКАЯ,

загадчык  сектара па навуковай рабоце музея

"Замкавы комплекс "Мір"