“ВЫГАДНАЕ” ЧЫТАННЕ з сацыяльным інтэрактывам

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Пікавая адзнака ганцавіцкіх праектаў і прарываў

/i/content/pi/cult/339/6304/12-2.jpgДэвіз"Менш руціны, больш прарываў" я за камандзіровачныя дні неаднойчы чуў і ад дырэктара Ганцавіцкага РМЦ Алы Занька, і ад метадыста Мікалая Ленкаўца, што суправаджалі, паказвалі, тлумачылі. У выніку пераканаўся: культработнікі горада, які напярэдадні Дня беларускага пісьменства нястомна падвышаў свой статус, не проста працуюць, яны думаюць - маштабна, перспектыўна, вынікова. І начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, які завітаў тымі днямі ў Ганцавічы з рэжысёрска-пастановачнай групай абласнога грамадска-культурнага цэнтра для карэкціроўкі агульных святочных захадаў, заўважыў з задавальненнем, што райцэнтр ужо гатовы прыняць да сябе дзяржаўнае свята, а мясцовыя "носьбіты культуры", сапраўды, здзіўляюць нестандартным падыходам да справы. Мы таксама прайшліся па галоўнай вуліцы Ганцавічаў, дзе, уздоўж Алеі пісьменства, размешчаны знакавыя ўстановы культуры. Але цікавіла не якасць іх рамонту, а крэатыўнасць мыслення "насельнікаў". І вось што атрымалася.

 Туды, дзе нарадзіліся пісьменнікі

 Раённым краязнаўчым музеем кіруе Ала Занька. Так, поўная цёзка дырэктара РМЦ (першая - Васільеўна, другая - Святаславаўна). Абедзве гатовыя распавядаць пра гісторыю раёна бясконца.

У музеі ёсць усё, што робіць установу цэнтрам даследавання і папулярызацыі мясцовай гісторыі. Фонды павялічваюцца штогод на 250-300 адзінак. Самы стары музейны прадмет - з трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. Арганізавана супрацоўніцтва з Генеральным консульствам Польшчы ў Брэсце, з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Кітая, Японіі, Ірана.

 А па вёсках Малыя Круговічы, Востраў і Гута, дзе нарадзіліся пісьменнікі Віктар Гардзей, Міхась Рудкоўскі, Уладзімір Марук і Іван Кірэйчык, пракладзены і дзейнічаюць музейныя турмаршруты. Натуральна, не абыдзена гэткай жа ўвагай і Коласава Люсіна.

/i/content/pi/cult/339/6304/12-3.jpg Што такое "сацыяльная інтэрактыўнасць"?

 Па "выпраменьванні" энергіі (а значыць - і ідэй) Ірыну Гурскую можна параўнаць з сярэдніх памераў электрастанцыяй. "Святло" - яркае і цёплае. А тых, хто не разумее і замінае, б'е "токам".

 Што ўразіла ў Доме культуры, якім кіруе Ірына? Па-першае, ДК зарабляе штогод па 70 мільёнаў рублёў. Па-другое, сярод шматлікіх фарміраванняў тут даўно дзейнічае падлеткавае аматарскае аб'яднанне "Равеснік", якое сабрала не вельмі простых, мякка кажучы, у выхаванні юнакоў і дзяўчат, што пры ўмове здаровага ладу жыцця цяпер ладзяць майстар-дыскатэкі, а сваімі батламі электра-дэнсу ўтварылі ў раёне сапраўдны танцавальны бум. Па-трэцяе, ва ўстанове рэгулярна ладзяцца прадстаўленні сацыяльна-інтэрактыўнага тэатра. Колішнія фармальныя лекцыі пра той жа здаровы лад жыцця пераўтварыліся ў яркія шоу, дзе няма падзелу паміж сцэнай і залай.

Хто з райцэнтраўскіх клубнікаў Беларусі можа такім "сацыяльным прарывам" пахваліцца?

Конкурс кніжных рарытэтаў

Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ Галіна Пупач - універсал. Літаратурна апрацавала, набрала і выдала "Легенды і паданні Ганцавіччыны".

Краязнаўства - адзін з генеральных кірункаў дзейнасці ўсіх бібліятэк раёна. Стаўленне да даўніны- самае адказнае. У тым ліку і даўніны кніжнай. Да Дня беларускага пісьменства ў раёне абвешчаны конкурс "Старая кніга". Умова адзіная - выданне не павінна быць маладзейшым за 1950 год.

І народ панёс свае рарытэты, некаторыя з якіх пабачылі свет у пазамінулым стагоддзі. Вынікі "кніжнага спаборніцтва" будуць падведзены 4 верасня. Пераможцаў чакаюць не абыякія прызы. Так што перадсвяточны "рарытэтны" ажыятаж дасягнуў самай пікавай адзнакі. Хіба ж можна прыдумаць лепшую рэкламу для прапаганды "выгаднага" чытання? Брава, ганцавіцкія маркетолагі!/i/content/pi/cult/339/6304/12-1.jpg

На адну бібліятэку - два тэатры

Крыху ўдалечыні ад названых устаноў месціцца дзіцячая бібліятэка. Тут, як распавядае яе загадчыца Валянціна Мініч, таксама думаюць на перспектыву, дбаюць пра тое, каб дзеткі чыталі без прымусу і з карысным задавальненнем. Апрача звычайных бібліятэчных памяшканняў ёсць тут літаратурна-казачная гасцёўня, краязнаўчы пакой.

Бібліятэкараў Алену Макатрэвіч і Наталлю Навумік у райцэнтры ведаюць цудоўна. Першая кіруе лялечным тэатрам "Усмешка", другая - тэатрам кнігі "Бураціна". "Усмешка" - адзін з лепшых у вобласці дзіцячых калектываў. "Бураціна" аб'ядноўвае не толькі вучняў, але і супрацоўнікаў установы. Уяўляеце, як радуецца дзятва, калі кнігі запісвае не звычайная "цёця", а, скажам, Царэўна-Несмяяна?! Таму і чытачоў тут ледзь не тры тысячы.

У госці да Мушкі

Менавіта так сябры называюць дырэктара Дома рамёстваў Марыю Муху. Тчэ, як песню пра ўласнае жыццё спявае. Летась РДР у рэспубліканскім конкурсе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на найлепшы беларускі сувенір атрымаў другое месца ў намінацыі "традыцыйная творчасць".

Апрача ткацтва, ва ўстанове прадстаўлены вышыўка (нават такая далікатная, як "фрывалітэ"), разьба па дрэве і многае іншае з мясцовага традыцыйнага мастацтва.

 Майстры зарабляюць і на рознічным гандлі, і на правядзенні майстар-класаў.

/i/content/pi/cult/339/6304/12-5.jpgТолькі аркестра не хапае

Так, дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў (пра яго гаворка крыху ніжэй) марыць пра стварэнне сімфанічнага аркестра. Маўляў, які горад без велічна-ўзвышанага гучання?

 ДШМ - культурны цэнтр новага мікрараёна Ганцавічаў. Будынак дыхтоўны. А трапіць сюды - прэстыжна. Амаль 300 навучэнцаў - гэта паказчык запатрабаванасці і ступень вялікай педагагічнай адказнасці. Колькасць перамог на самых разнастайных музычных конкурсах - доказ таго, што ўстанова працуе на поўную "праектную магутнасць".

Сярод профіляў - музычны і харэаграфічны, тэатральны - у перспектыве.

Муж і жонка як раённы набытак

Старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр назваў Ірыну і Валерыя Марцінкевічаў каштоўным набыткам раённай культуры. Менавіта яны ( начальнік аддзела культуры і дырэктар ДШМ) прыдумалі ў свой час "Талаку". Народнае аматарскае аб'яднанне - таксама адно з лепшых на Брэстчыне. Але гаворка цяпер не пра яго, бо "талачан" варта слухаць і бачыць.

Валерый Марцінкевіч - чалавек з музычнай душой. Кампазітар, аранжыроўшчык, музыкант, арганізатар. Ірына Марцінкевіч лічыць Ганцавіччыну найлепшым кутком у свеце, а ганцаўчан - самымі таленавітымі.

З усяго вышэйакрэсленага і прарастае спрадвечна маладой рунню слава не толькі "Талакі", але і ўсёй культуры Ганцавіччыны.

Духоўны складнік/i/content/pi/cult/339/6304/12-4.jpg

31 жніўня ад сталічнага Свята-Духава кафедральнага сабора рушыла ў шлях міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з Дабрадатным агнём ад Труны Гасподняй.

 Экспедыцыя - абавязковы духоўны складнік пярэдадня Дня беларускага пісьменства. Ладзіцца яны васямнаццаты раз. А кіруе пілігрымкай, як і ў мінулыя гады, пісьменніца Ніна Загорская. Як і раней, у складзе экспедыцыі - святары, навукоўцы, настаўнікі, творчая інтэлігенцыя.

"Дарога да святыняў" праходзіць сёлета праз Баранавіцкі, Івацэвіцкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Маларыцкі, Брэсцкі, Драгічынскі раёны. У вёсцы Малькавічы ля мясцовай царквы паломнікі высадзяць туі. А заўтра, 4 верасня, Дабрадатны агонь ад Труны Гасподняй прыбудзе ў Свята-Ціханаўскі храм Ганцавічаў.

Дзевяць "...купідонаў"

Пад час Дня пісьменства, як распавёў "К" першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, па традыцыі будуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу "Лепшы твор".

Уладальнікам першых месцаў у дзевяці літаратурных жанрах будуць уручаны "Залатыя купідоны"і лаўрэацкія дыпломы. У празаічным жанры лепшым прызнаны Віктар Праўдзін- за кнігу "Нелюбімыя гінуць", у паэтычным- Мікола Мятліцкі (зборнік "На беразе маім"), у намінацыі "дзіцячая літаратура" - Алена Масла ("Першая прыгажуня"), у публіцыстычным жанры - Уладзімір Сауліч ("Антэі Прыдзвіння"), за лепшы мастацкі пераклад - Валерый Грышкавец, у драматургіі- Алена Папова (п'есы "Маленький мир" і "Погибшая от любви"), у гісторыка-краязнаўчым жанры- Казімір Камейша (кніга "Паміж кубкам і вуснамі"), у песенным Канстанцін Нілаў (цыкл песень "Вянок Беларусі"), у крытыцы і літаратуразнаўстве - Таццяна Шамякіна.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Ганцавічы - Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"