І толькі запіс “Веранікі”…

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Першыя гастролі “Песняроў” у Амерыцы 35 гадоў таму: “Гэта быў нечаканы выклік…”

/i/content/pi/cult/339/6298/10-1.jpg Багдановічаў матыў з менестрэлямі

Эксклюзіўнае інтэрв'ю ўзнікла з пошуку колішніх удзельнікаў ансамбля "Песняры", каб распытаць у іх пра рарытэты і рэдкія запісы розных гадоў. У працэсе пошуку ўспомнілася, што і першыя амерыканскія гастролі беларускага ансамбля ў 1976 годзе цяпер прыгадваюцца хіба некалькімі фармулёўкамі, што дзесяцігоддзямі паўтараюцца даследчыкамі і прыхільнікамі са спасылкай на тамтэйшую прэсу або ўспаміны сведкаў. А чаму б не распытаць пра дзесяць гастрольных дзён, што скарылі Амерыку, удзельнікаў гурта "Нью Крысці Менестрэлс", з якім "Песняры" выправіліся ў тур па ЗША? Сказана - зроблена. За колькі дзён удалося знайсці кантакты цяперашняга складу калектыву, іх гісторыка Тома Піклса, складальніка храналогіі Гордана Адамса, а яны пераслалі каардынаты нашага карэспандэнта дзевяці артыстам-менестрэлям 1976-га. І вось з перапіскі праз электронную пошту нарадзілася гэтае інтэрв'ю з трыма прадстаўнікамі кантры-калектыву тых гадоў Джэры БЭГЭНАМ (цяпер ён працуе ў судовай сістэме), Дэнісам СКОТАМ (прадзюсарам і кампазітарам) і Эмі Кастра ПАЙО-СЦІНСТРОМ (спявачкай, актрысай).

Джэры Бэгэн (Д.Б.):

 - Я добра памятаю канец 1976-га, тады я быў у складзе "Нью Крысці Менестрэлс". "Песняры" далучыліся да нас і цягам некалькіх тыдняў мы разам гастралявалі па поўдні Амерыкі. Падаецца, іх самалёт прызямліўся ў Вашынгтоне. Адтуль і пачалося наша супольнае падарожжа ў адным аўтобусе, спыняліся таксама ў тых самых гатэлях. Першае ўражанне? Мы ўсе былі зачараваныя магутнымі галасамі салістаў гурта і некаторымі незвычайнымі інструментамі, на якіх гралі музыканты.

- А як успрынялі навіну, што з вамі будзе выступаць калектыў з СССР?

 Дэніс Скот (Д.С.):

- Памятаю, мы былі вельмі ўзрушаны ад перспектывы працы з тымі, каго нам апісалі як "поп-фолк гурт з Савецкага Саюза нумар адзін". Увогуле, тыя гастролі- смелае рашэнне для часу, калі мы жылі.

Д.Б.:

 - Мы гастралявалі тады цягам некалькіх месяцаў з Каліфорніі праз паўночныя штаты і Канаду. Па дарозе ўздоўж усходняга акіянскага ўзбярэжжа наш гастрольны менеджар Джым Сіманс паведаміў, што "Песняры" далучацца да нас пад час тура. Адразу пачалі жартаваць, прыгадваючы стары фільм: "Рускія ідуць! Рускія ідуць!". Увогуле ж, іх прыбыццё пераносілася колькі разоў, мы нават пачалі ўздыхаць: "Ну ўсё, не прыедуць...". Нарэшце ў лістападзе 1976-га "Песняры" аказаліся ў ЗША. Выступалі гурты разам каля двух тыдняў.

Эмі Кастра Пайо-Сцінтстром (Э.С.):

- Як цудоўны ўспамін на ўсё жыццё зберагу знаёмства з усімі вельмі таленавітымі музыкантамі з "Песняроў". Якім задавальненнем было працаваць з імі на адной сцэне! Яны запомніліся мне вельмі выхаванымі, карацей - сапраўднымі джэнтльменамі! Цудоўныя ўспаміны засталіся ад асабістых гутарак з некаторымі хлопцамі пра жыццё і музыку. Да прыкладу, аб тым, што "Бітлз" былі аднымі з фаварытаў і дужа паўплывалі на іх уласную музыку, аб тым, хто з іх у хуткім часе збіраецца ажаніцца!

 Д.Б.:

- Так, і я памятаю, што мы пасля канцэрта кіраваліся падсілкавацца. Некаторыя з "Песняроў" колькі разоў далучаліся да нас. Па шчырасці, мяркую, яны папросту збеглі з нумароў, не пытаючы дазволу сваіх менеджараў.

- А як кантактавалі пад час тура?/i/content/pi/cult/339/6298/10-2.jpg

 Д.Б.:

 - Кожны калектыў меў сваіх перакладчыц. Наша паходзіла з Расіі, дзе пражыла да 18 гадоў, з ёй усё было проста. А вось у песняроўскай англійская мова была трэцяй (пасля, зразумела, рускай і нямецкай), таму ёй аказалася больш складана.

Э.С.:

- Хлопцы з "Песняроў" ў прысутнасці свайго менеджменту тлумачылі нам, што па-англійску амаль не гавораць. Аднак пад час прыёму ў губернатара аднаго са штатаў, дзе мы выступалі ў рамках тура, кіраўнікі дэлегацыі неяк зніклі "з гарызонту"... Карацей, некаторыя з менестрэляў, у тым ліку і я, больш шчыльна пакантактавалі з беларускімі музыкантамі. Ведаю, што некаторыя з нашых артыстаў сустракаліся з песнярамі і пасля іншых канцэртаў. Адзін з менестрэляў ведаў трошкі польскую мову, гэтак і змаглі наладзіць камунікацыю.

Д.Б.:

- Кантакты "адзін на адзін" былі досыць складаныя, але - не немагчымыя. Дарэчы, у час падобных цёплых сустрэч я ўпершыню пакаштаваў чырвоную ікру (яна мне не вельмі спадабалася) і гарэлку (што, наадварот, прыйшлася даспадобы).

Э.С.:

- Наш менеджар у 1976-м Сід Гарыс, што, на жаль, пайшоў з жыцця, тады прыдумаў неверагодны тур для нашых гуртоў і для амерыканскай аўдыторыі. Памятаю яго з некаторымі артыстамі "Нью Крысці Менестрэлс" і "Песняроў" у гатэльным нумары, калі прагучаў ягоны памятны тост пасля адорвання нас згаданымі Джэры Бэгэнам прысмакамі (яны таксама ўручылі нам смачныя цукеркі-батончыкі, што на абгортках мелі выявы месцаў, датычных мінулага рэспублік Савецкага Саюза). Сід сказаў: "Музыка - гэта мова, якая можа сабраць людзей і краіны разам, нават калі мы не размаўляем аднолькава, і "Нью Крысці Менестрэлс" ды "Песняры" паказалі розніцу ў ладзе жыцця і робяць гісторыю".

- Чым запомніліся беларусы?

 Д.С.:

 - Магутнымі вакалам і музыкай. Яны аказаліся вельмі таварыскія, у нас знайшліся агульныя тэмы ў музыцы.

Д.Б.:

- Асабліва здзівіліся іх таленту. Яны былі надзвычай прафесійнымі на сцэне і стваралі выдатнае шоу. Адзначу, галасы аказаліся значна мацнейшымі за нашы. Не дзіва, яны мелі пастаянныя рэпетыцыі. Карацей, галасы - выдатныя.

 Э.С.:

- Выступленні з "Песнярамі" былі высокага ўзроўню, паколькі іх энергія, выдатнае музіцыраванне на цікавых інструментах, вакальныя даныя і гармоніі - усё падавалася магічным!

- А якім запомніўся лідар ансамбля Уладзімір Мулявін?

 Д.Б.:

- Ён быў прадстаўлены нам як кіраўнік гурта, "рускі Боб Дзілан" і гэтак далей. Ставіўся да нас з пэўнай долі спагады, паколькі, скажу наўпрост, быў куды больш натхнёным і таленавітым музыкантам, чым большасць з нас. Я быў надзвычай засмучаны, даведаўшыся, што Уладзімір Мулявін пайшоў з жыцця ў 2003-м, не паправіўшыся пасля аўтакатастрофы. Паўтаруся, ён быў неверагодным талентам! Я дзяліў з ім мікрафон, калі два гурты спявалі фінальную песню супольных канцэртаў "Those were the days" (англамоўны варыянт "Дорогой длинною". - С.Т.). А калі мы развітваліся пасля апошняга шоу, я падарыў Уладзіміру набор пераводных карцінак для футляра ягонай гітары. Калі я аддаў іх яму ў руку, ён здзівіўся і падзякаваў.

- Ці рыхтавалі адмысловую праграму сумесных гастролей?

Д.С.:

- Мы зазвычай адкрывалі шоу, а затым прадстаўлялі нашых гасцей - "Песняроў". Мы таксама выконвалі з імі парутройку сумесных песень. Музыку забяспечвалі "Песняры", а неабходныя новыя словы на англійскай мове напісаў я і некаторыя іншыя менестрэлі.

Д.Б.:

- Магчыма, вы здзівіцеся, але я скажу праўду: мы не былі гатовымі да сумесных выступленняў, паколькі не ведалі, чаго чакаць ад гасцей.

Э.С.:

- Вы нагадалі пра беларускіх сяброў, і я паглядзела ў Інтэрнэце відэазапіс песні "Вераніка", ад якой нават праслязілася, прыгадаўшы нашу сесію на студыі ў Нэшвіле, штат Тэнэсі, дзе мы яе запісалі ў снежні 1976 года. Дэніс Скот напісаў новыя словы і да гэтай песні. Мы запісалі з "Песнярамі" і іншую: "I'm ready for a welcome home, I'm ready for your..." (англамоўная версія "Добры вечар, дзеўчыначка!". - С.Т.), частку тэксту яе таксама сачыніў Дэніс. Мо ён ведае лёс тых запісаў?

/i/content/pi/cult/339/6298/10-3.jpg - І праўда, ці захавалася нешта?

Д.С.:

- Пачну здалёк. З песень ансамбля я запомніў цудоўную баладу, якая называлася "Вераніка". Яе выконваў, наколькі памятаю, Анатоль Кашапараў, хаця магу і памыліцца... (Прынамсі, на запісе з "Нью Крысці Менестрэлс" гучыць голас Леаніда Барткевіча. - С.Т.)

Д.Б.:

 - Я таксама памятаю "Вераніку". Яна пачыналася сумным па настроі сола. А завяршалася ў трохкордавай прагрэсіі з гуртом, што спяваў бэкі, пакуль саліст браў вельмі высокія ноты. Гэта была кульмінацыя!

Д.С.:

 - Дык вось, што датычыць рэкард-сесіі. Мы прыбылі ў Нэшвіл, калі наш менеджар арганізаваў запіс на прэстыжнай студыі Каламбія. Памятаю чаканне цягам некалькіх гадзін, пакуль "Песняры" запісвалі музычныя дарожкі і вакал для сваіх песень.

 Д.Б.:

- Дарэчы, прыгадаў, што ад пачатку планавалася дзесяць гадзін на два гурты, атрымалася ж трынаццаць.

Д.С.:

- Так, дык вось: "...Менестрэлі" далучыліся пазней да "Песняроў" і ўвасобілі сумесна тую самую "Вераніку" і песню, на чыю арыгінальную назву я забыўся, а англійская - "Welcome home". (Насамрэч, песень было тры: яшчэ выконвалася "Расцвела сирень". - С.Т.) Я быў, памятаю, задаволены канчатковым вынікам і спадзяваўся, што іх будуць раскручваць па радыё. Магчыма, у мяне ёсць копіі тых песень на магнітафоннай стужцы. Таксама, згадваецца, у мяне можа аказацца і частка іхняга жывога канцэрта, запісаная, у магчымай на той момант якасці, на касету. Зрэшты, каб іх знайсці, мне будзе неабходна зрабіць не менш як "кругасветку" па маёй калекцыі! Усё ж паспрабую...

- Выдатна! А ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі маецца стужка з дзясяткам песень нашага ансамбля, запісаных у Нэшвіле... Маю яшчэ пытанне: як успрымала публіка выступленне "Песняроў"?

Д.Б.:

- "Песняроў" цудоўна прымала аўдыторыя. Яны былі выдатныя! Да ўсяго, ансамбль стаў значнай навінкай - фолкрок гурт з Савецкага Саюза!

Д.С.:

- Аўдыторыя напачатку нават не ўяўляла, чаго і чакаць. Большасць слухачоў, верагодна, ніколі не чулі музыкі хаця б "рускага паходжання". Але, калі "Песняры" выканалі першыя пару песень, падобнае воблака было развеяна тым, што чулі слухачы. Гэта быў нечаканы выклік, і, па меншай меры, людзі ў зале станавіліся часткай музычнай гісторыі.

Э.С.:

- Я жадала, каб музыка "Песняроў" была паказана па ўсёй тэрыторыі ЗША. Настолькі гэта было адрознае ад усяго, што гралася тады і нават сёння. Яны вельмі мэтанакіравана працавалі і былі надзвычай таленавітымі!

 ■ ■■

Калі ўжо паставіў кропку ў матэрыяле, атрымаў на электронную пошту ліст ад Джэры Бэгэна: "У мяне застаўся толькі адзін альбом "Песняроў", што гурт падарыў мне перад ад'ездам у Савецкі Саюз. Мне ніколі не забыцца на 1976 год, на "...Менестрэляў" і "Песняроў". Калі маеце кантакты ўдзельнікаў ансамбля 1976-га, перадайце ім ад мяне самыя цёплыя пажаданні". Выконваем просьбу містара Бэгэна на старонках "Культуры". Я запытаўся ў яго, ці мае ён штосьці яшчэ з запісаў "Песняроў". Ён адказаў, што хацеў бы паслухаць "Вераніку". Праз паўгадзіны прышоў кароткі ліст: "Меў некалькі камякоў, што падступілі да горла. Дзякуй за "Вераніку".

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах