Фантаніруе Окунеў

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Беларусі поўным ходам ідуць рэпетыцыі “Бахчысарайскага фантана”, прэм’ера якога адбудзецца на сцэне Палаца Рэспублікі 28 верасня.

 /i/content/pi/cult/129/629/Bahfantan.jpg
Гэты балет упершыню з’явіўся на нашай сцэне ў 1939 годзе ў пастаноўцы Касьяна Галяйзоўскага — праз 5 гадоў пасля яго ўвасаблення Расціславам Захаравым у піцерскім Марыінскім (тагачасным Кіраўскім) тэатры. Потым ён ставіўся ў нас яшчэ ў 1949 — Канстанцінам Мулерам — і ў 1973-ім, ужо Р.Захаравым, застаючыся ў рэпертуары да канца 1990-ых. Падобная замацаванасць гэтага спектакля ў балетнай афішы была ўласцівая ледзь не ўсім тэатрам колішніх рэспублік былога СССР. І справа, мабыць, не толькі ў тым, што партытуру стварыў знакаміты музыказнаўца Барыс Асаф’еў, ці ў тым, што спектакль ужо з моманту свайго з’яўлення быў прызнаны класічным узорам харэаграфічнай драмы, на якую арыентаваўся ўвесь савецкі балет даваеннага і пасляваеннага часу. Тут і сапраўды ёсць усё, што можа прывабіць публіку і выканаўцаў: яркі сюжэт, ды яшчэ пра каханне (як-ніяк, паводле аднайменнай паэмы А.Пушкіна), выразныя характары герояў, бурныя эмоцыі.
Сутыкненне ў спектаклі культур Усходу і Захаду робіць яго аднолькава актуальным для ўсіх рэгіёнаў. Дый да гісторыі Беларусі ён мае самае непасрэднае дачыненне, якое наўрад ці хто ўсведамляў у былыя дзесяцігоддзі. Дзеянне пачынаецца ў замку Патоцкіх, Марыя і яе каханы Вацлаў — прадстаўнікі польскай шляхты (чытай — і беларускай таксама).
Вядома, кожнае новае ўвасабленне гэтага балета мае свае адметнасці — найперш выкліканыя тым ці іншым складам артыстаў. “Належным чынам ацэньваючы выдатных інтэрпрэтатараў галоўных партый балета А.Карзянкову, Л.Бржазоўскую, Ю.Траяна, — адзначала доктар мастацтвазнаўства Юлія Чурко, пішучы пра ранейшую пастаноўку,— усё ж у першую чаргу варта адзначыць В.Саркісьяна ў ролі военачальніка Нуралі. Нягледзячы на параўнальна невялікае месца, адведзенае ў балеце гэтай ролі, артыст здолеў стварыць надзвычай ёмісты і шматгранны вобраз. Нуралі-Саркісьян быў адначасова раз’юшаным, дзікім воінам, па-ўсходняму адданым свайму гаспадару і своеасаблівым адлюстраваннем самога Герэя, якім той быў да сустрэчы з Марыяй, што змяніла яго душу”.
Якім будзе цяперашні спектакль, стане зразумела толькі пасля прэм’еры. Пакуль жа дадамо, што аднаўленне харэаграфіі Расціслава Захарава, які ў 1973-ім сам прыязджаў у Мінск ставіць свой балет, ажыццяўляе ўдзельнік той пастаноўкі — народны артыст Беларусі Юрый Траян. Дырыжорамі прызначаны малады Іван Касцяхін і заслужаны дзеяч мастацтваў рэспублікі Леў Лях. А сцэнаграфія і касцюмы належаць даўняму сябру беларускіх тэатраў оперы і балета, заслужанаму мастаку Расіі Вячаславу Окуневу.

На здымку:
эскіз дэкарацый В.Окунева