Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава, агулам такіх імпрэзаў 10 верасня адбудзецца болей за 60 - на любы, нават самы прыдзірлівы густ. Некаторыя з іх пройдуць упершыню і, можа, запачаткуюць традыцыю.
Сёлетняе свята горада ўвойдзе ў гісторыю хаця б па той прычыне, што ў яго дзень адбудзецца адкрыццё двух аб'ектаў, якія для Мінска з'яўляюцца "брэндавымі". Наведвальнікі знакамітага Лошыцкага парку здолеюць не толькі ацаніць яго рэканструкцыю, якая завяршылася пакуль толькі часткова, але і "ўнурыцца ў даўніну" дзякуючы адмысловай канцэртнай праграме.
Колішняя Царква Святога Духу, якая некалі лічылася адным з самых прыгожых будынкаў Мінска, адрадзілася з нябыту літаральна на нашых вачах ужо ў іншай іпастасі. 10 верасня ў гэтай новай-старой адметнасці адкрыецца новая ўстанова культуры - канцэртная зала "Верхні горад", ці, іншымі словамі, Дзіцячая філармонія.
А непадалёк ад яе, на знакавай для гісторыі горада плошчы Свабоды, упершыню разгорнецца "Мінская мастацкая гасцёўня", удзел у якой возьмуць літаратары і мастакі. Яшчэ адна інавацыя свята - першая маштабная акцыя моднага сёння буккросінгу з красамоўным дэвізам "Стань чытачом".
- Завядзёнка вольна мяняцца кнігамі ўжо з'явілася ў некаторых сталічных бібліятэках, - распавяла карэспандэнту "К" Віталіна Рудзікава. - І вось, мы ўпершыню паспрабуем правесці нешта падобнае на плошчы, у рамках вялікага свята.
Яшчэ адна інавацыя - маштабны фэст вулічных музыкаў, які ладзіцца ў Траецкім прадмесці па ініцыятыве Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарсавеце дэпутатаў. Удзел у ім можа ўзяць кожны ахвотны, без залежнасці ад прафесіяналізму і "творчага стажу".
Адметна і тое, што адным з эпіцэнтраў Дня горада сёлета будзе Парк Перамогі. Удзень там размесцяцца адразу некалькі канцэртных пляцовак, а ўвечары над Камсамольскім возерам прагучыць фінальны акорд свята - музычны феерверк.
На здымку: у гэтым будынку размесціцца канцэртная зала "Верхні горад".
Фота Пятра ОВАДА