ЗАКУЛІССЕ “ПЕСНЯРОЎ”

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Гісторыя легенды ў песнях і асобах

/i/content/pi/cult/338/6281/pic_5.jpgУладзімір Мулявін і "Песняры". Калектыў, народжаны геніем Майстра, стаў легендарным, харызматычным, першым, шмат у чым і па сёння - непераўзыдзеным ансамблем, а фактычна напрамкам у айчыннай музыцы і- шырэй-культуры. "Песняры " - ідэнтыфікацыйны код, па якім вылучаюць беларускае. І артысты калектыву ўнеслі свой, неаддзельны ад мулявінскага, таленавіты ўнёсак у цуд, здзейснены на Беларусі.

Сёння ўдзельнікі ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне праспяваюць сваё "Прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну", а само адкрыццё форуму пройдзе пад знакам яго кампазіцый, што ўпершыню прагучалі ў выкананні таленавітых артыстаў "Песняроў".

Напярэдадні 1-га верасня - 42-й гадавіны з даты афіцыйнага ўтварэння ансамбля - "К" вырашыла сягнуць у маладаследаваны пласт творчасці "Песняроў", адшукаць рэдкія запісы, вызначыць частку тых рэчаў, якія могуць прэтэндаваць на статус рарытэту, а таксама зазірнуць праз час у лабараторыю песні. Хтосьці спытае: а навошта заглыбляцца ў тое, што на 95% немагчыма аднавіць? Але праз тыя ж успаміны артыстаў ансамбля розных гадоў, што падаём у храналогіі, бачны кірунак пошуку, які пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна ўвасабляўся ў песні і праграмы, стаў фундаментам з'явы "Песняроў". 

У выніку стасункаў з прыхільнікамі "Песняроў" удалося сабраць сапраўды салідную калекцыю рэдкіх канцэртных (бутлегаў), эфірных і студыйных запісаў ансамбля праз электронную і звычайную пошту. Амаль у кожнага свая гісторыя.

Скажам, песня "Нарач" захавалася ў сталага фана Ігара Елісейкіна, які летась, на жаль, пайшоў з жыцця. Фрагменты з канцэрта 1973 года, што паходзяць з ягонай калекцыі, адрэстаўраваў маскоўскі гукарэжысёр, знаўца творчасці "Песняроў" Анатоль Вайцэнфельд.

Адкрываю на камп'ютары папку з файламі пад назвай "Харкаў, 1979". "Песнярам" - дзесяць. Шаснаццаць запісаў, зробленых з мікрафона ў мясцовым Палацы спорта аматарам, які праз гады, застаўшыся верным юнацкаму захапленню, стварыў і асабісты невялікі сайт, прысвечаны ансамблю. Чым адметны той канцэрт 1979-га? На ім выконвалася "Снегурочка", пра існаванне якой шырокая публіка забылася, ды і запісаў маецца ўсяго два (іншы - вельмі нізкай якасці). А ці згадаеце вы народную "Матуля, матуля...", дзе саліраваў Анатоль Кашапараў, або шыкоўныя джазавыя імправізацыі ў знакамітым вакалізе "Завушніц" у выкананні Уладзіміра Мулявіна?.. Апрача апошняй, на вершы Максіма Танка на канцэрце прагучала "Авэ Марыя". А ўжо на іншым запісе таго ж года з Сыктыўкара з'явілася "Готика святой Анны" - зноў жа на танкаўскія словы, - а таксама абсалютны рарытэт: "Женщины" ў выкананні Леаніда Барткевіча.

1980-ы, сакавік. Яраслаўскі канцэрт (запіс зроблены з дазволу артыстаў проста з пульта ансамбля), па-першае, адзін з першых у ансамблі для Ігара Пені, а па-другое, тут гучыць песня "Тандем" кампазітара Віктара Рэзнікава, якая доўгія гады лічылася згубленай.

Увогуле, 1980-ыя гады ў творчасці ансамбля пільна адсочвала адна з кіеўскіх прыхільніц. Менавіта на ейных касетах захаваліся, хай сабе і з хібамі гуку, нумары купалаўскай праграмы "Я нясу вам дар", канцэртныя фрагменты "Вясёлых жабракоў" Ігара Паліводы на вершы Роберта Бёрнса, а таксама зноў жа канцэртная версія "На ўвесь голас".

1990-ы. "Слова Скарыны" ў Маскве. Тут цікавасць выклікаюць, апрача запісу названай праграмы, абноўленыя "Завушніцы", шыкоўны ўступ да "Крика птицы" віртуоза Аляксандра Растопчына, загадкавая "Saga", што з'явілася ў рэпертуары Валерыя Дайнэкі пасля афрыканскіх гастролей, а таксама "бітлоўскі" трыб'ют - "Let it be"...

З 1997-га, з екацерынбургскіх канцэртаў, захаваліся відэазапісы. У родным горадзе Уладзіміра Мулявіна гучалі зухаватая "Вольніца", зноўку актуалізаваныя і перааранжыраваныя музыкантамі "А ў полі вярба...", "За полчаса до весны" і акапэльная "Купалінка".

Інакш гучыць яна ў 1998-м. Тут, у вядомых кожнаму словах, чуецца, відаць, і нейкі новы сэнс, дэталь, сумная фарба ў знакамітым: "Ружу, ружу поле, белы ручкі коле..." Фанат ансамбля даслаў запіс канцэрта з пульта, зроблены з дазволу Мулявіна ў расійскім горадзе Ліскі, у віртуальны музей ансамбля, створаны Дзмітрыем Цярохіным. Сам Уладзімір Мулявін выконвае, сярод іншых, і песню на верш Юрыя Рыбчынскага і музыку Алега Молчана "Когда мы были юны". Іншы яе запіс з вакалам маэстра - не вядомы...

Пра эксклюзівы, знойдзеныя прыхільнікамі "Песняроў", - чытайце ў наступных нумарах "Культуры". 

 /i/content/pi/cult/338/6281/pic_3.jpg

 Анатоль КАШАПАРАЎ, заслужаны артыст Беларусі, вакаліст, лірнік "Песняроў" у 1971 - 1989 гг.: 

"Песні нагадваюць пра Беларусь" 

- Асабіста мне з песень пачатку 1970-х запомніліся "Ожидание" (яе клавір захоўваецца ў Марыны Мулявінай.- С.Т.) на верш ленінградскага паэта Сямёна Кірсанава і "Две сестры" на словы кіяўляніна Юрыя Рыбчынскага, што напісаў знакаміты "Крик птицы". Пасля "Две сестры" неаднаразова рабілі наноў самі "Песняры", скажам, у 1990-х. Мо хто і памятае яе першапачатковыя словы, скажам, вось з гэтага куплета: "В деревню вернулся один из двоих. / К единственной в мире вернулся жених. / У Эльбы реки, схоронивши войну, / Своей долгожданной принёс он весну..." (Першапачатковай, паколькі ў 1990-х канцоўка куплета змянілася: зніклі два апошнія радкі, адпаведна, змясціўся тэкст, а напрыканцы з'явілася двухрадкоўе. - С.Т.).

Увогуле, шмат песень пачатку 1970-х, якія выконвалі менавіта на канцэртах, цяпер забытыя. Тады лічылася, маўляў, народ не прымае, не разумее... А шкада: былі вельмі добрыя работы!

Вядома, запомніліся мне і гастролі ў Злучаных Штатах. Скажам, "Крик птицы" я тут спяваў па-англійску ў напісанай кірыліцай транскрыпцыі. Пераклад зрабіў слынны Язэп Семяжон. Дарэчы, ці магчыма даведацца пра лёс гэтага тэксту? Пад час сумесных выступленняў з "New Christy Menestrels" разам спявалі "Расцвела сирень" і "Добры вечар, дзяўчыначка". З намі тады выступала дзяўчынка Мэры. Цяпер яна ўжо дарослая жанчына...

Адной з найлепшых работ калектыву наогул і Уладзіміра Мулявіна асабіста я лічу "Песню пра долю". Мяркую, па музыцы гэта наогул самае-самае ў ягонай творчай біяграфіі, ды і ў маёй таксама. Вельмі шкадую, што не захаваліся запісы ўкраінскага ТБ: яны неаднаразова здымалі "...Долю".

Сёння ж, калі даю канцэрты, уключаю ў іх усе свае песні з тых часоў, а таксама "Белоруссию", "Александрыну", "Наши любимые" ды тое з рэпертуару ансамбля, пра што просіць публіка. І ўсе гэтыя творы нагадваюць мне пра родную Беларусь, як і новыя кампазіцыі, паколькі не адыходжу ад традыцыі, закладзенай Мулявіным. 

 

/i/content/pi/cult/338/6281/pic_2.jpgЛюдміла ІСУПАВА, вакалістка, флейтыстка "Песняроў" у 1975 - 1979 гг.:

"Чырвоная сукенка для..." 

- Уладзімір Георгіевіч ведаў пра мяне і пра маю музычную адоранасць па працы ў "Верасах", таму на першым праслухоўванні ў жніўні 1975-га ў мяне дома папрасіў паслухаць колькі маіх кампазіцый, упадабаных ім. Асаблівую ўвагу звярнуў на "Збіраю шолахі" ("Шукаю цябе") на верш акцёра-коласаўца Пятра Ламана. Яе, між рэпетыцыямі, мы рыхтавалі з Мулявіным да прэм'еры, дапрацоўваючы нюансы. Будавалі планы і на такія мае творы, як "Музыка" ды "Ты думаў пра мяне" на вершы Канстанцыі Буйло... Карацей, усяго і не згадаю! Але ж памятаю, што першачаргова разглядалі песні на беларускай мове.

У той самы час Мулявін кідае ўсе сілы на оперу "Песня пра долю", якая рыхтавалася восем месяцаў і заняла цэлае аддзяленне, праз што скарацілася песенная частка. Таму і рэпертуар гэты не атрымліваў належнай увагі. Мяне ж, апрача оперы, уводзяць у канцэрты: чырвоную "оперную" сукенку, па якой пазнаюць нават сёння, з гэтай мэтай і шылі.

Я з 1975-га ў ансамблі як раўнапраўны музыкант- адзіная жанчына-пясняр у яго гісторыі. А ў штаце - з 1977 года, што і сведчыць пра задумы Мулявіна адносна мяне. Мой голас і "голас" маёй флейты чутныя, напрыклад, на дыску-гіганце 1978 года, на канцэртах у "Явары і каліне", "Беловежской пуще", "Александрыне", у фільме "Дыск"... А пасля- зноў буйная форма: фолк-рок-кантата "Гусляр". Дарэчы, Мулявін хацеў "дапісаць" у яе сольную партыю князёўны, але для таго патрабавалася б істотная перапрацоўка паэмы Янкі Купалы і музыкі Ігара Лучанка...

І вось, усе названыя фактары, іх збег, сталі яшчэ і прычынай таго, што мае ўласныя песні ў ансамблі не адбыліся. Ёсць, канешне, і іншыя. Скажам, тагачасны кантроль Масквы над культурай, указанні, каго выконваць. Мулявін не мог прадстаўляць сваю творчасць у поўным аб'ёме. Ды і мне негалосна патлумачылі, маўляў, нельга быць адначасова і кампазітарам, і выканаўцам... Таксама стала сведкай таго, як менавіта з беларусаў здымалі яшчэ на рэпетыцыях у Маскве нумары для канцэртаў у ЗША 1978 года. Песняроўскія выступы разбаўлялі іншымі, сваімі, артыстамі. Таму цалкам аб'ектыўна лічыцца, што другія амерыканскія гастролі "Песняроў" - не самыя ўдалыя. Я тады адмовілася ехаць... На той момант сцвердзілася і ў рашэнні сысці з "Песняроў". Нані Брэгвадзэ сказала тады мне: патрэбен моцны прадзюсар не ў "саўковым" разуменні гэтага слова. Мусіць, такі знайшоўся цяпер. Кажу пра кампазітара і паэта Сяргея Баландзіна, з якім выпусціла кружэлку "Людміла Ісупава Рарытэт". Там, сярод дваццаці трэкаў, ёсць і згаданыя мной творы "песняроўскага" часу, і новыя работы.

З таго, у чым прымала ўдзел і што не дайшло да студыі, - "Готика святой Анны", якую Мулявін напісаў на знойдзены мной верш Максіма Танка для майго ж выступу на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Ленінградзе. Запіс тады "цудам"... "згубілі". Зноў жа "Песня пра долю"...

Дарэчы , яшчэ штрых да яе. Мулявін пашырыў першасную версію сцэнай вяселля, каб даць мне магчымасць найярчэй выявіць талент і патэнцыял. У оперы абыграла "зборны" вобраз Жанчыны на розных этапах жыцця, адметных па сваіх псіхалагічных партрэтаў. Сапраўды, іх можна лічыць за тры ролі! Таму папрацаваць давялося, выкладаючыся не толькі як вакаліст, але і як акцёр. Штораз перажываеш не толькі ўздым на сцэне, але і, уваходзячы цалкам у вобраз, усе душэўныя перажыванні гераіні. Тое - хвалююча і ўражальна! "Ой, доля ж мая, доля..."

 

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Беларусі, вакаліст, альтыст, аранжыроўшчык "Песняроў" у 1977 - 1992 гг.: 

"Прапісаць партыю "...Дожджыка"

- Мулявін падбіраў фарбы да песні так, каб за кошт галасоў адчувалася яскравасць. Ён спецыяльна яднаў вакалы абсалютна розныя. Скажам, я - "заходнік", спяваў у рэстаранах па-англійску. Мяркую, таму ён мяне і запрасіў, каб разбавіць складзенае на той час гучанне. І я, не кажучы Мулявіну, так і бачыў на пачатку сваю задачу: зрабіць агульнае палатно вакалу крыху цішэйшым і больш спакойным. Прызнаюся, тое, чым узялі "Песняры" публіку, мне не падабалася. А паколькі займаўся спевамі, меў запісы, аранжыроўкі, згаданую задачу пачаў рэалізоўваць! Наогул, Мулявін, ведаючы аб падобнай маёй працы, у многім перадаў мне работу з вакалістамі, прапісванне партый. І сёння, чуючы тую або іншую даўнюю кампазіцыю, прыгадваю: а вось куплет ці ўвесь вакал рабіў я. Былі эксперыменты: скажам, выконваю песню, а Валодзя не хацеў устаўляць у вакальную аранжыроўку іншыя галасы, таму бэкі, пачкі запісваў я сам. Мо памятаеце, "Запах палыну"? У свеце ж такіх прыкладаў у музыцы - не злічыць. Хаця б "Queen"...

Затым у нас з'явілася іншае гучанне, можа, не карэнна-пясняроўскае, але- адпаведнае часу. Так, першыя альбомы "Песняроў" былі актуальныя на момант свайго выхаду, але менш чым праз дзесяць гадоў патрабавалася абнаўленне гуку. І яно ўсталявалася з прыходам Ігара Паліводы, Уладзіміра Ткачэнкі, Барыса Бернштэйна - у новых фарбах, у новым дыханні... Пастаянна сам выходзіў на сцэну з альтам. У нас быў, фактычна, камерны квартэт: дзве скрыпкі, альт, флейта. Такім складам гралі "Марысю", сёе-тое з праграмы каляндарна-абрадавых песень...

А што наконт рэдкіх запісаў... Ведаеце, была гісторыя з песняй "Ой, дожджык ідзе". Яна, у прынцыпе, вядомая, на канцэртах выконвалася, была запісана. Дык вось, пачуў па радыё прыгожую песню ў выкананні саліста "Вясёлых рабят" Анатоля Алёшына, з якім быў знаёмы. Але нешта сумняваўся, ці ён гэта, да ўсяго, не ведаў, хто ж аўтар музыкі. Вырашыў патэлефанаваць у рэдакцыю, знайшоў вядучую праграмы, распытаў: спявае, сапраўды, Алёшын, песня Аляксандра Зацэпіна. А яна, даведаўшыся, што я артыст "Песняроў", прапанавала зрабіць праграму, прынесці новыя песні. Я і прынёс "Ой, дожджык ідзе". Гэтак яна гады на два-тры трапіла ў радыёэфір. Дарэчы, можна падумаць над яе ўзнаўленнем...

Яшчэ адзін цікавы факт. Для гастроляў у ЗША 1978-га зрабілі песню-сувенір "Isn't she lovely" з найноўшага альбома Сціві Уандара. Хацелі здзівіць! Але па рэакцыі залы і прэсы стала зразумела: лепей выканалі б яшчэ адну беларускую народную песню (усміхаецца)! Дарэчы, даводзілася ў песняроўскія гады часам спяваць і песні "не свайго" рэпертуару - "Вераніку", "Белоруссию", "Вологду". Цяпер жа, на канцэртах "Беларускіх песняроў", з Ігарам Пенем гэтак жартуем у рамках "Папуры".

Усе праграмы, якія рабілі "Песняры", пакінулі свой след у душы. Памятаю, вельмі складана ішла вакальна "Вясёлыя жабракі" Ігара Паліводы, адзіны запіс з якой - рэпетыцыйны. Складанай была і "На ўвесь голас", яна проста выціскала з нас усе сокі... Падабаўся "Вянок" паводле Багдановіча, вельмі светлы купалаўскі "Я нясу вам дар". А найбольш - "Праз усю вайну". Яна не выпакутаваная, гранічна натуральная і шчыра драматычная, зробленая ад душы... На канцэртах людзі прыходзілі ў слязах пасля "Мішы Камінскага", доўга не выпускалі рукі, дзякавалі... Так яно і было...  

 

Уладзімір ТКАЧЭНКА, заслужаны артыст Беларусі, гітарыст, скрыпач, аранжыроўшчык "Песняроў" у 1978 - 1985 гг.: 

"Сола гучала ва ўнісон" 

- Я вылучыў бы "Песняроў" у шэраг канцэртных груп. Пакінуць найлепшую версію сваіх песень на пласцінках, лічу, у ансамбля не атрымалася, паколькі ў студыі не было энергетычнай падтрымкі залы, а таксама ў сувязі з тым, што магчымасць атрымаць гадзіны на "Мелодии" або "Мосфильме" з'яўлялася надзвычай рэдка. Гэта сёння, калі ў кожнага свая студыя, можна нешта перазапісаць...

Найбольш "зладжаным" у плане запісу з'яўляецца альбом "Праз усю вайну". Я рабіў для яго рэчы чатыры, але "Песняры" былі калектывам настолькі блізкіх па духу людзей, што ў многіх работах цяжка вызначыць дакладнага аранжыроўшчыка: кожны ўносіў сваё. Прыносілася ідэя, яна імгненна дапрацоўвалася, і кожны дадаваў уласную дэталь. А найлепшы той альбом, відаць, таму, што мы былі падрыхтаваны да яго запісу, ды і Мулявін прапрацаваў канцэпцыю. А вось першая мая работа ў ансамблі- апрацоўка народнай песні "Па воду ішла" - нават трапіла на гігант 1979 года. Я, дарэчы, прыйшоў у "Песняры" на апошнім семестры кансерваторыі і адразу трапіў у вір падрыхтоўкі "Гусляра".

Невядомы сучаснаму слухачу цыкл Ігара Лучанка "В этом прекрасном и тревожном мире" адметны сваім сімфанізмам. Над праграмай давялося працаваць як аранжыроўшчыку ў 1983-м. І ведаеце, па сёння здзіўляюся, куды раптам знік глядач, які хадзіў на творы буйной формы, на таго ж "Гусляра". Канцэптуальна цыкл Лучанка быў у нечым блізкі палотнам ансамбля. Выканалі мы яго аднойчы ў мінскім Палацы спорту, які добры для раскручаных рэчаў, а не для сур'ёзных твораў. Апошнім пасуе, зразумела, філармонія.

Скажу і пра такі нюанс, як сольныя партыі. Сёння гэта, так бы мовіць, фармат: калі ў кампазіцыі тры куплеты, дык паміж другім і трэцім узнікае сола або музычны пройгрыш. А раней нярэдка адчувалася: вакал у калектыва - дасканалы, а вось музычныя фрагменты - правальныя. Каб пазбегнуць падобнага, Мулявін яшчэ на пачатку існавання "Песняроў" устаўляў у песні вакалізы, загадзя падрыхтаваны аркестравы кавалак, а вось сола гучалі рэдка, хіба Валянціна Бадзьярава з тых часоў згадаю. А з часам падобная тактыка стала элементам стылю "Песняроў". Што да мяне, заўжды прадумваў уласныя сола, вяршыняй жа выканання, як кажуць у клубе гітарыстаў, стаў фрагмент "Зачарованай", напісаны Валерыем Дайнэкам, які ён выконвае ва ўнісон з гітарай.

Увогуле, задумвалася нямала песень, што рабіліся, але так і не траплялі ў рэпертуар, паколькі было надта шмат ідэй: не паспеўшы завяршыць адну, распачыналі рэалізоўваць іншую. Магу тут правесці аналогію паміж "Песнярамі" і "Бітлз": у іх ёсць накіды на дваццаць секунд, а развіўшы іх, дадаўшы яшчэ колькі твораў, мог атрымацца паўнавартасны альбом. Аднак у "Бітлз" была магчымасць зафіксаваць праекты, а ў "Песняроў", на жаль, не...

І яшчэ. Хачу перадаць прывітанне і падзякаваць усім, хто наведваў канцэрты "Песняроў" у тыя гады.  

 

Барыс БЕРНШТЭЙН, бас-гітарыст, аранжыроўшчык "Песняроў" у 1982 - 1985 гг.: 

"Нібыта апынуліся ў ваенным часе..." 

- Калі я прыйшоў у ансамбль, дык не быў басістам наогул, а аранжыроўшчыкам - можна сказаць, пачаткоўцам. І ўсе тыя 4 гады - працэс вучобы, пошукі свайго гуку, стылю, пазбаўленне ад штампаў у падыходзе да аранжыроўкі, асабліва для "Песняроў".

Вучыўся найперш у Ігара Паліводы. У аранжыроўцы гэта быў вялікі майстар, надзвычай патрабавальны да сябе і да іншых. На той час "Песняры" сталі як бы класічнай групай СССР, і падыход Ігара да аранжыроўкі аказаўся ім як нельга дарэчы. Ды і мае джаз-рокавыя і ткачэнкаўскія рокавыя працы былі цалкам прымальныя, калі разглядаць іх у балансе працы ансамбля.

У ваеннай праграме такія цэнтравыя песні, як "Тальяначка", "Вяртанне" і "Апошнія залпы", аранжыраваў менавіта Палівода. І зрабіў іх бліскуча! І таму, калі планка патрабаванняў была на такім высокім узроўні, мне сваімі работамі таксама не хацелася ўдарыць тварам у бруд. І за дзве з іх мне сапраўды не сорамна па сёння - гэта "Балада аб фатакартачцы" ды "Міша Камінскі". Акром таго, мо ўпершыню ў гісторыі "Песняроў" мы дастаткова ўважліва паставіліся да запісу праграмы на "Мелодыі". Адсюль і вынік-адчуванне паўнавартасна завершанай працы. Мой жа ўдзел у звядзенні, нароўні з Місевічам і Дайнэкам, выяўляўся ў дапамозе гукарэжысёру "Мелодыі" Штыльману - высокаму прафесіяналу і вельмі прыемнаму чалавеку.

...Працуючы над ваеннай праграмай, мы ўсе нібыта акунуліся ў той час, адчуўшы сябе салдатамі вайны. Паміж намі і ваенным пакаленнем усталявалася нейкая ўнутраная сувязь, якая і дапамагала нам глыбей зразумець гэтых людзей, што перажылі такія выпрабаванні. Хацелася нават у дробязях быць бліжэй да іх... На сцэне, да прыкладу, пры выкарыстанні лазера спатрэбіўся дым. Тут жа з'явілася электраплітка, на яе перад канцэртам высыпаўся атрутны хлорысты амоній, і, награваючыся, яна дыміла, як належыць, адцяняючы дымам лазерны прамень. Плітачка чамусьці, як правіла, аказвалася зусім блізка да бас-гітарнай калонкі, і першыя аблокі дыму даставаліся мне. Гэтая атрута не дазваляла не толькі спяваць, але і ўдыхаць, і я здзіўляўся салістам, што цярпліва выносілі тое. Ад гэтага смогу акісляліся кантакты на тумблеры ў маёй гітары, даводзілася яе перыядычна адкрываць ды чысціць. Зрэшты, ніхто і не "ўзнікаў": вайна ёсць вайна!..

/i/content/pi/cult/338/6281/pic.jpg

Дарэчы

Трыццаць секунд загадкі

Уладзімір Мулявін і Ігар Пеня як прадстаўнікі "Песняроў", а таксама колішні саліст Валерый Дайнэка прымалі ўдзел у запісе першага навагодняга відэакліпа айчыннага тэлебачання. Радкі з песні "Для згоды людской" кампазітара Уладзіміра Сарокіна на верш Эдзі Агняцвет прагучалі ў эфіры ў гонар Новага, 1995-га, года.

У фільме "Міравы хлопец", апроч знакамітага "Бярозавага соку", гучыць яшчэ і невялікі, секунд на трыццаць, гітарны пройгрыш. Манера выканання - надзвычай блізкая да Мулявіна. А ў стужцы Ігара Дабралюбава "Вуліца без канца" песня "Жураўлі" Яна Фрэнкеля на верш Расула Гамзатава выканана Леанідам Барткевічам. 

 

Дык казак? Ці не казак?

Музыка да мастацкага фільма "Раскіданае гняздо" цягам доўгага часу лічылася рарытэтам. Аднак тым часам у 1990-х яна пастаянна гучала з падмосткаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага ў аднайменным спектаклі. Аўтар абедзвюх пастановак - народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка.

У "...Вольнасці" была песня "Я казак - не казак...". Прынамсі, тое засведчылі артысты ансамбля сярэдзіны 1990-х і канцэрты. А вось лёс яе - невядомы. А, пагадзіцеся, цікава было б даведацца пра чарговую "сустрэчу" ў песні паэзіі Янкі Купалы і музыкі ды выканання Уладзіміра Мулявіна. Мусіць, нездарма, як засведчыў Ігар Лучанок, менавіта са "Спадчыны" апошні пачаў аднаўляць калектыў у 1998-м. Мусіць, была ўсё ж праграма песень і рамансаў на вершы Купалы 1988 года. Як зазначаюць музыканты, прынамсі, рабіліся асобныя нумары.  

(ПРАЦЯГ БУДЗЕ.)

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах