Шлях да храмаў і вясёлка ў восеньскім небе

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Была яшчэ адна, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, падзея, магчыма, і не дастаткова заўважаная шырокай грамадскасцю: ужо 14-ты раз ад Свята-Духава Кафедральнага сабора ў Мінску выпраўлялася Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй.

 /i/content/pi/cult/129/628/Agonj1.jpg
 Любанская царква Праабражэння Гасподняга.
Шчыра кажучы, не спадзявалася трапіць у лік яе ўдзельнікаў.
Бо калі ўзнікла ідэя далучыцца да экспедыцыі, каб на свае вочы пабачыць яе знутры і расказаць пра тое чытачам “Культуры”, склад удзельнікаў быў ужо амаль вызначаны. Пры тым, што ў аўтобусе — 35 месцаў, мяне запісалі ў спіс за нумарам 52. Але гэтае падарожжа мне ўсё роўна як было наканавана.
Калі можна так сказаць, імпрэза з нагоды пачатку экспедыцыі прайшла ў Свята-Духавым Кафедральным саборы. Малебен адслужыў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Была падчас той імпрэзы і прыемная нечаканасць: народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч узнагародзілі медалём Святога Роўнаапостальнага Кірылы Тураўскага — за актыўны ўдзел у экспедыцыі і ў сувязі з юбілеем зоркі нашай сцэны.Але вось аўтобус павольна рушыў ад галоўнага праваслаўнага храма. Мы везлі з сабой лампаду з Дабрадатным Агнём, якую сам Уладыка запаліў ад алтара храма. Везлі і прызнаную Праваслаўнай Царквой цудадзейнай Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы — адзігітрыю, пуцяводную экспедыцыі.
Як вядома, Дабрадатны Агонь ад Труны Гасподняй быў прывезены ў Мінск у 1992 годзе і з таго часу знаходзіцца ў алтары Свята-Духава Кафедральнага сабора. Ікона ж, аб якой ідзе размова, была знойдзена ў 1983 годзе, калі будавалі алімпійскую трасу Брэст — Масква. Тады ў якасці грунту ў падмурак аднаго з участкаў дарогі ў Баранавіцкім раёне (кажуць, гэты ўчастак стаў ці не самым аварыйным на ўсім яе працягу) была выкарыстана зямля з некалькіх былых праваслаўных могілак. Калі дарожнікі з Урала ўзяліся раскопваць з той жа мэтай і былыя могілкі каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета, дык у першым жа каўшы экскаватара аказалася гэтая ікона. І будаўнікі, наўрад ці ўсур’ёз веруючыя людзі, палічылі за лепшае не чапаць гэтае месца — сказалі свайму начальству, што тутэйшы грунт не падыходзіць для дарожна-будаўнічых работ. А месца тое, на якім устаноўлены крыж, пабудавана капліца і з цягам часу будзе ўзведзена царква, атрымала назву Святога поля. Яно было першым пунктам нашай экспедыцыі.
Пакінуўшы аўтобус на трасе, рушым да вясковай глыбінкі. Уявіце сабе прасёлкавую дарогу, абапал якой— кукуруза ледзь не ў чалавечы рост. А на дарозе сустракаюць вяскоўцы. Наперадзе — дзеці з караваямі і кветкамі. Рушым хрэсным ходам да памятных крыжоў у былым маёнтку Міхалова на месцы пахавання загінуўшых у Першай сусветнай вайне, на месцы парушаных праваслаўных могілак часоў Паўночнай вайны, на месцы перазахаваных рэшткаў жыхароў васьмі навакольных вёсак.
Наш духаўнік, протаіерэй Свята-Духава Кафедральнага сабора і галоўны захавальнік
 /i/content/pi/cult/129/628/Agonj2.jpg

Экспедыцыя з Непагаснай лампадай на мяжы Міншчыны і Брэстчыны.

Дабрадатнага Агню айцец Сергій Гардун выступае з натхнёнымі, прыгожымі пропаведзямі на беларускай мове, служыць ліціі.
Я адчуваю ад пачутага, у добрым сэнсе гэтага слова, нешта падобнае на шок. Што ні кажы, а роднае слова з вуснаў святара кранае да слёз. Вяскоўцы вітаюць усіх удзельнікаў экспедыцыі, сярод якіх даволі шмат знакамітасцей, і асабліва зямлячку — кіраўніка экспедыцыі і аўтара яе ідэі, пісьменніцу Ніну Загорскую. “Маё першае жаданне, — сказала яна мне пазней,— каб сам Гасподзь у вобразе Дабрадатнага Агню дайшоў да кожнага куточка нашай краіны, кожнай, нават самай маленькай царквы, кожнай хаты”.
На Святым полі да нас звяртаецца, ізноў жа па-беларуску, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. У складзе экспедыцыі — прафесіяналы царкоўных спеваў. І гэта надзвычай упрыгожвае наша экспедыцыйнае быццё, надае ўзнёсласці. Адзін жа з самых пранікнёных момантаў на Святым полі — “Многая лета”, калі зліліся ў адзіны хор кананічнае царкоўнае і народнае выканальніцтва. А яшчэ тое, з якой беражлівасцю неслі вяскоўцы Дабрадатны Агонь на сваіх свечках.
Наш маршрут ляжаў цераз Клецк, Любань, Глуск, Кіраўскі і Быхаўскі раёны, Магілёў да сёлетняй сталіцы Свята беларускага пісьменства — Шклова. Па традыцыі — сустрэчы з мастацкай самадзейнасцю і караваем на межах раёнаў. Хрэсны ход, пропаведзь, выступленні, малебны ў цэрквах. Потым — сустрэчы ў школах, інтэрнатах, дамах культуры, бібліятэках. Выступаюць удзельнікі экспедыцыі — навукоўцы, паэты, прадстаўнікі Экзархата. Цудоўна чытае вершы класікаў нашай літаратуры Марыя Захарэвіч. Як мне падалося, у дарозе і падчас хрэсных ходаў яна імкнецца быць як мага больш сціплай, незаўважнай. А падчас выступлення зноў ператвараецца ў каралеву сцэны.
Начуем пераважна ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, без асаблівых зручнасцей, бо лагеры ўжо не працуюць. Спаць кладзёмся позна, а ў сем гадзін раніцы трэба ўжо быць у аўтобусе. Хоць і папярэджваў Уладыка Філарэт, што гэта свайго роду паломніцтва — а яно лёгкім не бывае, — адчуваю, што не зусім падрыхтавана да такога ходу падзей і такіх нагрузак. Добра яшчэ, абутак зручны ўзяла ў дарогу. Між тым, стаічна пераносяць усе нязручнасці людзі куды старэйшыя па ўзросце, якім яшчэ трэба выступаць перад рознымі аўдыторыямі.
 /i/content/pi/cult/129/628/Agonj4.jpg
 Легендарнае Буйніцкае поле.
Другі дзень экспедыцыі, бадай, самы напружаны. За адзін дзень мы перабраліся з Клеччыны на Любаншчыну, на Глушчыну і Кіраўшчыну. На мяжы Любанскага раёна атрымалі, мусіць, самы прыгожы і смачны каравай— не з соллю, а з мёдам. Урачыстая сустрэча на цэнтральнай плошчы. А потым прыгожая дзяўчына, ухапіўшы за руку Ніну Загорскую, эмацыйна зычыць ёй поспехаў і шчасця. “А вы мяне без народнага строю не пазналі? Ды гэта ж я падносіла вам мёд!
У Глуску вельмі ўражвае мастацкая самадзейнасць. Здаецца, куточак, дзе мяжуюць Любанскі, Глускі і месца правядзення фестывалю “Берагіня” — Акцябрскі раёны, — запаведны край глыбіннай беларускасці. Зрэшты, хрэсны ход да мясцовай царквы ў Глуску запоўніў шырокую вуліцу як паўнаводная рака.
У Кіраўск прыязджаем ужо зацемна. Але каля храма Пакрову Прасвятой Багародзіцы нас чакае мноства народу. Зноў выступленні, пропаведзь, малебен. Царква не ўмясціла ўсіх жадаючых, ды дзякуючы ўстаноўленым мікрафонам тое, пра што ў ёй гавораць, добра чуваць на вуліцы. У мяне за плячыма перагаворваюцца жыхары Кіраўска, якія, відаць, адчулі пасля слоў айца Сергія тое ж, што я адчула па дарозе да Святога поля. Нехта ў захапленні кажа: “Я нават і не ведаў, што наша праваслаўнае духавенства так валодае беларускай мовай!”.
Запланаваны яшчэ дзве сустрэчы — з настаўнікамі і з работнікамі культуры. Здавалася, якія ўжо ў такі час мерапрыемствы! Але калі я ўбачыла, колькі людзей у ДК нас чакае, сон як рукой зняло. Не хацелася разыходзіцца. Спалі ў гэтую ноч гадзіны чатыры, не болей.
Назаўтра наведваем Мышкавічы, колішні калгас імя К.Арлоўскага. У Быхаўскім раёне
/i/content/pi/cult/129/628/Agonj5.jpg 

  Свята-Мікольскі манастыр. 

разам з мясцовым людам ідзём хрэсным ходам да каскада крыніц каля вёскі Гамарня. Доўга, як толькі вытрымліваюць, нашы паломнікі моляцца на рэштках муроў старадаўняга Баркалабаўскага манастыра, у цэрквах вёскі Баркалабава і ў Быхаве.
На развітанне мясцовы святар распавядае пра цудадзейную ікону Баркалабаўскай Маці Божай, якая зараз знаходзіцца ў Быхаве. Жанчына, хворая на анкалогію, павінна была класціся на аперацыю, але пасля таго, як памалілася перад гэтай іконай, пухліна знікла. Маладая сям’я з хлопчыкам гадоў шасці расказала, што толькі дзякуючы малітве перад Баркалабаўскай іконай у іх з’явілася дзіця.
Па-рознаму можна ўспрымаць такія паведамленні. Пасля вячэры я заўважыла, што адна з нашых паломніц ледзь стрымлівае слёзы. “Адыдзем, — сказала яна мне, — я павінна пра гэта некаму расказаць. Тут ішла гаворка пра цуды, а я — жывы таму прыклад. І ў мяне гэтая хвароба. 18 гадоў таму ўрачы лічылі, што не пражывубольш за тры месяцы. Тады я і пачала маліцца па цэрквах, па манастырах. Прасіла ў Госпада даць мне яшчэ дзесяць гадоў, каб паспець выгадаваць дачку. І пухліна спынілася, не расце.”
Я распавядаю пра свае ўражанні ад экспедыцыі. Як гэта ні дзіўна на першы погляд, прафесійнае інтэрв’ю не ўдаецца ўзяць ні ў кога: наш час распісаны літаральна па хвілінах, дый і не аб тым паломнікам хочацца думаць. Бліц-інтэрв’ю, якое прывяду ніжэй, я ўзяла ўжо ў Мінску. Вось як адказалі некаторыя ўдзельнікі экспедыцыі на пытанне: “Што вы хочаце сваім удзелам у экспедыцыі данесці людзям і што дае гэта вам асабіста?”.

Айцец Сергій ГАРДУН,протаіерэй Свята-Духава Кафедральнага сабора, галоўны захавальнік Дабрадатнага Агню:
— Першае— сведчанне пра цуд з Дабрадатным Агнём, які адбываецца ў Іерусаліме. Калі Гасподзь яго дае, наша задача— гэта асэнсаваць. Мы бачым у гэтым блаславенне для Праваслаўнай Царквы, бо Дабрадатны Агонь сыходзіць у Вялікую суботу напярэдадні праваслаўнай Пасхі. Але агонь, канешне, мае і значэнне сімвалічнае — гэта святло, якое нас прасвятляе.Для мяне, як для святара, безумоўна, вельмі радаснай была сустрэча з вернікамі, сама малітва. Народ хоча збірацца разам для супольнай малітвы. І гэта — сведчанне яго духоўнага адзінства.
І зусім не выпадкова экспедыцыя адбываецца напярэдадні Дня беларускага пісьменства, невыпадкова ў ёй удзельнічаюць з аднаго боку — царква, а з другога — пісьменнікі, паэты, артысты, журналісты, навукоўцы. У не такім далёкім мінулым мы прывыклі да аддзялення царквы не толькі ад дзяржавы, але і ад грамадства. Але насамрэч не можа быць супрацьстаяння паміж навукай і царквой, культурай і царквой, бо большасць нашага народа — веруючыя хрысціяне. І я думаю, што па меры набліжэння грамадства да хрысціянскіх ідэалаў, да Евангелля наша жыццё, наша свядомасць будуць рабіцца больш высокімі, годнымі.

Марыя ЗАХАРЭВІЧ,народная артыстка Беларусі:
— Удзельнічаю ў экспедыцыі ўжо 13-ты раз. Упэўнена, што яна прыносіць людзям радасць, свята, супакаенне. Таму і збіраецца іншы раз па некалькі тысяч чалавек на плошчах, збіраюцца поўныя храмы. У першыя гады мы шмат падарожнічалі па Чарнобыльскай зоне. Народ там успрымае экспедыцыю з Дабрадатным Агнём як паратунак ад хвароб, ад жыццёвых цяжкасцей.
Зрэшты, калі я бачу ў храме маладога бацьку з дзіцяткам на руках, які трымае за руку яшчэ адно дзіця, я зайздрошчу гэтым дзецям. Бо ў гады майго маленства дзеці не мелі магчымасці свабодна бываць у храмах.Дзякуй Богу, на маёй радзіме ў Мядзелі ёсць прыгожы бялюткі храм. А той, у якім я хрысцілася, хоць і стаіць у полі, добра дагледжаны, і да яго ідуць ці едуць на падводах цэлымі сем’ямі людзі. Гэта цудоўна. У царкве благому не навучаць.

Пётр ЛЫСЕНКА, доктар гістарычных навук, археолаг, які знайшоў старажытнае Бярэсце і дамогся стварэння там музея, даследчык Турава, Пінска, Клецка, Мазыра, Давыд-Гарадка:
— Што я хачу зрабіць сваім удзелам у экспедыцыі? Хачу давесці некаторыя ісціны, якія, на маю думку, сёння недастаткова выразна ўсведамляюцца. З чаго пачалося беларускае пісьменства? Пісьменства на землі Кіеўскай Русі, у тым ліку і на тэрыторыю сучаснай Беларусі, прыйшло адначасова з прыняццем хрысціянства візантыйскага абраду. Самы старажытны беларускі буквар, які захаваўся да нашага часу,— берасцейскі грабеньчык. Першая кніга на Беларусі — Тураўскае Евангелле. А наш першы пісьменнік — аўтар 68 арыгінальных твораў Кірыла Тураўскі, якога сучаснікі недарэмна называлі другім Златавустам. Першы Златавуст жыў у Візантыі ў V стагоддзі. І за сем стагоддзяў да Кірылы Тураўскага не знайшлося ніводнага чалавека, якога ўганаравалі б імем Златавуст!

Міхась БАШЛАКОЎ, паэт:
— У экспедыцыі пабываў упершыню і шчаслівы сваім удзелам у ёй. Іншым разам здаецца, што сёння запатрабаваны адны гулянкі і тусоўкі, што не патрэбны ні сапраўдная літаратура, ні музыка, ні тэатр.Але калі сустракаешся з народам у невялікіх гарадах, з вяскоўцамі, адчуваеш, як яны цягнуцца да духоўнасці, як ім гэтыя сустрэчы неабходны! Шчыра кажучы, убачанае і пачутае падчас экспедыцыі ўразіла нават больш, чым само святкаванне Дня пісьменства.… У Магілёве першы раз за ўсё падарожжа атрымліваем магчымасць невялікай экскурсіі. Якая ўсё ж багатая, годная самых уражальных прыгодніцкіх раманаў і тэатральных пастановак гісторыя гэтага горада! У Магілёве працаваў Свяціцель Магілёўскі і Беларускі Георгій Каніскі. Тут патаемна сустракаліся руская імператрыца Кацярына ІІ і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ. Тут у 1661 годзе здарылася і так званае двайное здрадніцтва. Магілёўцы ўпусцілі ў горад маскоўскія войскі. А калі стральцы без аніякай павагі да мясцовых жыхароў пачалі рабіць непрыстойныя ўчынкі, павялі сябе нават як злачынцы, горад падняў паўстанне, зніштожыўшы прышлы гарнізон.
Пад Магілёвам вечным сімвалам мужнасці абаронцаў горада — вайскоўцаў і апалчэнцаў у пачатку Вялікай Айчыннай узвышаецца манумент на Буйніцкім полі. А адным з сімвалаў веры ў Госпада, прыгажосці і дабрадаці сталамагілёўскае Падніколле з жаночым Свята-Мікольскім манастыром. Столькі разоў бывала ў Магілёве, але нават і не ведала пра гэтую унікальную ў сваім родзе і вельмі прыгожую святыню.
З самага ранку ў Дзень беларускага пісьменства ўдзельнікі экспедыцыі пасадзілі ў двары Шклоўскага храма ў гонар Праабражэння Гасподняга тры сімвалічныя яблынькі. Кранальна было бачыць, што тутэйшы люд высцеліў дарогу ад варот да ўвахода ў храм аерам і кветкамі ў выглядзе дывана.
А напярэдадні на ўездзе ў Шклоў уразіла тое, што нас сустракалі дзве рэлігійныя працэсіі: не толькі праваслаўныя, а і каталікі. Іх святары зайшлі ў аўтобус і запалілі ад Дабрадатнага Агню свае лампадкі. Лінуў даволі халодны дождж. “Мо гэта знак? А калі так, дык які?” — сказаў нехта ў нашым аўтобусе. Тым часам дождж хутка сціх, і ледзь не ў палову шклоўскага неба вымалявалася выразная і як бы зусім не восеньская вясёлка.

Наталля РУСАК,
наш спецкар.
Мінск — Баранавіцкі раён — Клецк — Любань — Глуск — Кіраўскі раён — Быхаўскі раён — Магілёў — Шклоў — Мінск
Фота аўтара