“Паветранасць” вады і фарбы

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

“Мабільнасць” і эмоцыі на трэцім біенале

/i/content/pi/cult/338/6278/10-1.jpgУ сталічным Палацы мастацтва экспануецца цікавы праект - ІІІ Міжнародны біенале акварэлі пад назвай "Вада + Фарба", у якім прымаюць удзел творцы з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Славакіі, Італіі, Ірландыі, Нарвегіі, Даніі.

Мэта вернісажу - безумоўна, "рэпрэзентаваць", параўнаць-суаднесці найноўшыя дасягненні найлепшых беларускіх акварэлістаў з "напрацоўкамі" іх калег з шэрагу еўрапейскіх краін. У рэшце рэшт, "пераканаць" уважлівага гледача - аматара прыгожага - у тым, што сённяшняя акварэль з'яўляецца цалкам самастойным, самадастатковым відам мастацтва, які нічым не саступае, напрыклад, грунтоўнаму алейнаму жывапісу.

 Мне ж падаецца: такая "жывучасць" акварэлі, перш за ўсё, у яе "мабільнасці", "тэхналагічна-традыцыйнай" сувязі з навакольным асяроддзем, і, не ў апошнюю чаргу, - з найтонкімі чалавечымі думкамі і эмоцыямі. Тут нельга працягла, трывала нешта "вымучваць", штучна "высмоктваць з пальца", бо галоўнае, усё ж такі, свежасць уражанняў, "паветранасць", мімалётнасць, карацей кажучы, "impression"!

І яшчэ. Акварэль - вельмі рамантызаваны від мастацтва, у якім больш за ўсё, мабыць, кранае чыстае, празрыстае, "вясёлкавае" гучанне - пералівы фарбаў, якія адбіваюцца, праламляюцца заўжды праз аркуш паперы!

Павінен сказаць, што беларусы ў гэтым акварэльным калейдаскопе разнапланавых мастацкіх накірункаў, плыняў ды пошукаў нічым не саступаюць найлепшым замежным майстрам, а ў шэрагу выпадкаў нават "пераважваюць" іх па душэўнай адкрытасці, эмацыянальнай выразнасці, фантазіі, вобразнасці, высокім валоданні тэхнічнымі прыёмамі.

 Гэта тычыцца не толькі /i/content/pi/cult/338/6278/10-2.jpgмінскіх мастакоў, але і іх калег-акварэлістаў з нашых абласцей. Цікавымі выглядаюць кампазіцыі сталых творцаўвіртуозаў Генадзя Шутава, Фелікса Гумена, Мікалая Ляўковіча, Зоі Літвінавай, Святланы Катковай, Вячаслава Паўлаўца, Вікторыі Ільіной, Фёдара Кісялёва, маладых Андрэя Савіча і Аляксандра Канавалава.

Што да нашых сяброў з-за мяжы, то і тут ёсць цікавыя рэчы.

Уражвае своеасаблівы, асацыятыўны, філасофскі пентапціх "Вандроўка" Яўгеніюса Налевайкі з Літвы. Надта тонка і цёпла, элегічна-музычна, праз лакальны, гучны колер у абстрактна-стылізаваных формах удаецца адлюстроўваць родны край кагорце мастакоў з Латвіі, сярод іх работ нельга не адзначыць "Вясну" Лаймы Балодэ, "Мой дом" Ілзэ Прайса, дыптых "Каля мора" Яніса Спальвіньяша.

Акварэльныя "накцюрны" творцаў з Украіны і Расіі вылучаюцца эпічнай разняволенасцю, нястрымным фарбавым суквеццем, дакладнарэалістычнай распрацоўкай дэталей, ім менш уласцівы фармальны пошук. Затое здольнасць візуальна бачыцьпрыкмячаць паўсюдна дасканаласць прыродных, натурных абрысаў і выяў ды іх каларыстычную цэласнасць - сапраўды фенаменальныя! Менавіта пра гэта сведчаць цыклы "садавіна-агароднінных" "Нацюрмортаў для Мікалая Іванавіча" расіянкі Алены Базанавай або раскошных паўднёвых "Кветак" Васіля Панкратава з Украіны. Каля іх падоўгу затрымліваюцца наведвальнікі выстаўкі...

Звяртаюць на сябе ўвагу таксама змястоўныя, друідска-містычныя творы ірландскага акварэліста Джона Кітынга - дыптых "Лес", "Кветкі Люшан" італьянца Джузэпэ Аціні, з начным, вільготным узбярэжжам, поўным душэўнага суму па каханцы, экспрэсіўная вытанчанасць "Дрэва" нарвежца Гро Фіна...

Аляксандр РУНЕЦ